Над навуковымі даследаваннямі працуюць дашкольнікі, старшакласнікі знаёмяцца з вытворчасцю на «Праймілку», у цэнтры тэхнічнай творчасці плануецца адкрыць робатацэнтр – вынікі работы за мінулы год падвялі педагогі

Чым адметны быў мінулы год для сістэмы адукацыі Шчучыншчыны і ў якіх накірунках яна развівалася? Што дазволіла павысіць якасць адукацыі, і якія дасягненні вучняў і педагогаў сталі яркай старонкай у гісторыі раёна? Гэтыя і іншыя пытанні разглядаліся на пасяджэнні савета аддзела, якое прайшло на мінулым тыдні у Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі.

 

Вынікі работы сістэмы адукацыі раёна за мінулы год у сваім выступленні падрабязна прааналізаваў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Павел Віктаравіч Тарчынскі. Ён адзначыў, што 2019-ы стаў годам пошуку новых шляхоў павышэння якасці адукацыі, рэалізацыі рэгіянальных праектаў, завяршэння праекта «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь»... Згодна з вынікамі абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы структурных падраздзяленняў райвыканкамаў 2019 года ў сферы адукацыі Шчучынскі раён падняўся на пяць пазіцый, у аглядзе конкурсе на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы раён адзначаны дыпломам 1 ступені.

 

 

Аналізуючы асноўныя напрамкі развіцця дашкольнай адукацыі, Павел Віктаравіч адзначыў, што забяспечваецца яе даступнасць і паляпшаецца якасць. Увогуле ўсе дзеці 5-гадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да школы. Летась упершыню дашкольнікі прынялі ўдзел у раённай навукова-практычнай канферэнцыі. Пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Я – даследчык» сталі педагогі і выхаванец ясляў-сада № 5 г. Шчучына.

 

 

Забяспечваецца комплексны падыход у павышэнні якасці агульнай сярэдняй адукацыі. У дзесяці школах задаволены запыты амаль 300 вучняў на вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, што складае 60,5% ад агульнай колькасці школьнікаў Х-ХІ класаў. Працягнута работа па фарміраванні сеткі аграрных і педагагічных класаў. Вектар на запатрабаваныя ў рэгіёне прафесіі з’яўляецца прыярытэтным у сістэме прафарыентацыйнай работы, якая мае свае ўнікальныя асаблівасці. Рэзультатам прафарыентацыйнай работы стаў таксама ўнікальны сумесны праект аддзела і ААТ «Праймілк», які дазволіў 72 дзесяцікласнікам школ і гімназіі г. Шчучына пазнаёміцца з вытворчасцю і вызначыцца са сваім прафесійным выбарам.

 

 

У мінулым годзе 56% выпускнікоў школ раёна паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і больш за 67% на бюджэт. Вырашаны асноўныя задачы інфарматызацыі сістэмы адукацыі раёна.
Існуючая ў раёне сістэма дадатковай адукацыі ахоплівае 83% навучэнцаў. У мінулым годзе Шчучынскі ПТДіМ заняў 1 месца ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці.

 

 

Ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Шчучыншчыны дзейнічаюць 54 валанцёрскія атрады, якія аб’ядноўваюць амаль 570 вучняў.
Павел Віктаравіч спыніўся і на іншых момантах развіцця сістэмы адукацыі Шчучынскага раёна, а таксама абазначыў задачы, над якімі прадстаіць працаваць.

 

 

Што фарміруе ўстойлівы станоўчы імідж СШ №1 г. Шчучына? Пра гэта гаварыла ў сваім выступленні дырэктар школы Марына Паўлаўна Адашчык:

 

– З 2015 года ў вучняў школы ёсць магчымасць займацца ў спартыўных класах. У гэтым навучальным годзе сумесна з ДЮСШ арганізаваны вучэбны працэс у VI «С», VIII «С» и IX «А» класах. Па выніках мінулага навучальнага года вучні школы заваявалі прызавыя месцы ў абласной спартакіядзе школьнікаў у такіх відах спорту як гандбол, футбол, лёгкая атлетыка. Чацвёра рабят рэзультатыўна выступілі ў складзе зборнай вобласці на рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў па гандболе. Летась вучань школы А. Красочка быў залічаны ў Мінскую дзяржаўную абласную сярэднюю школу-вучылішча алімпійскага рэзерву.
Яшчэ адным адметным элементам нашай адукацыйнай структуры з’яўляецца апорны кабінет па дапрызыўнай падрыхтоўцы, у якім займаюцца юнакі гарадскіх школ і Ляшчынскага дз/с-СШ. Працягваючы лепшыя традыцыі г. Шчучына як горада-авіятараў у планах на 2020/2021 навучальны год стварэнне на базе школы Цэнтра па дапрызыўнай падрыхтоўцы.

 

 

На працягу апошніх гадоў уклад у стварэнне станоўчага іміджу школы ўносяць клуб інтэлектуальных гульняў «Што? Дзе? Калі?», клуб ЮІР і інш.

 

Што новага адбылося ў развіцці тэхнічнай творчасці ў 2019 годзе.? Пра гэта расказала дырэктар Шчучынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці Анжэла Станіславаўна Турэвіч:

 

– Наш удалы старт-ап – гэта школа ранняга развіцця для дашкольнікаў «Квадратны апельсін», якая стваралася «з нуля». Дзеці вывучаюць грамату, англійскую мову і займаюцца творчасцю – выкладанне вядзецца з выкарыстаннем методыкі «Тэорыя рашэння вынаходлівых задач», якая накіравана на развіццё нестандартнага мыслення, умення прымаць нечаканыя рашэнні.
У мінулым годзе выхаванцы цэнтра занялі 47 прызавых месцаў у розных спаборніцтвах, трое рабят атрымалі спартыўныя разрады ў ракетамадэльным спорце.

 

 

Актыўна развіваецца інавацыйны накірунак «Робататэхніка». З верасня плануем адкрыць на базе нашай установы робатацэнтр, а ў перспектыве наладзіць супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій.
Дасягненнямі сваіх выхаванцаў і педагогаў, а таксама асаблівасцямі арганізаванай у мінулым годзе работы падзялілася загадчыца ясляў-сада №4 г. Шчучына Алена Аляксандраўна Федасеева.
Вынікі  размовы падвяла намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. Яна абазначыла прыярытэтныя накірункі, у якіх трэба рухацца, каб дасягнуць значных поспехаў.

 

 

Падчас мерапрыемства адбылася і цырымонія ўзнагароджання. У раённым аглядзе-конкурсе ўстаноў адукацыі на лепшую арганізацыю работы ў 2019 годзе, вынікі якога агучыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Жанна Іванаўна Мецько, пераможцамі ў сваіх групах сталі гімназія г. Шчучына, Ражанкаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа, яслі-сад №4 г. Шчучына, Шчучынскі ПТДіМ.
Своеасаблівай справаздачай устаноў адукацыі аб мінулагодніх дасягненнях стала выстава, арганізаваная ў фае палаца.

 

Ганна РУДСКАЯ.  
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!