На ўборку гарадскога парку – талакою

Камунальнікі разам з работнікамі масласырзавода і завода “Аўтапровад” масава выйшлі на рэспубліканскі суботнік, каб навесці парадак у гарадскім парку. Да гэтай ініцыятывы далучыліся і выхаванцы сельскагаспадарчага ліцэя. 
– Сам я з аграгарадка Ляшчанка, але часта бываю ў гарадскім парку: менавіта тут пасля вучобы чакаю аўтобус, каб даехаць дадому, – гаворыць другакурснік сельскагаспадарчага ліцэя Уладзіслаў Барысевіч. – У гэтым месцы валадарыць спакой і цішыня і паветра вельмі свежае. Але пасля зімы засталося шмат сухога лісця і апаўшага галля, якое псуе агульную карціну. Вось мы з сябрамі і выйшлі на суботнік, каб выправіць сітуацыю. 
Сярод тых, хто наводзіў парадак у парку была і бухгалтар масласырзавода В.В. Вінча. 


— Арганізоўваць суботнікі – выдатная традыцыя, — пераканана Вольга Вітольдаўна. – Талакою працаваць заўсёды весялей! Сёння праца аб’яднала розныя пакаленні шчучынцаў. Асабліва прыемна бачыць тут моладзь, якая выступае за чысціню і парадак ў Шчучыне і гатова даказаць гэта на справе. Значыць маладое пакаленне выхоўваецца правільна! 
Усяго ў гэтым працоўным дэсанце прынялі ўдзел каля 40 чалавек. 
Некалькі гадзін спатрэбілася актывістам, каб прывесці гарадскі парк у належны стан. Валанцёры зграбілі ў кучы мінулагодняе лісце і сухое галлё, сабралі пластыкавыя бутэлькі, пакеты ад чыпсаў і іншае бытавое смецце. Пасля камунальнікі аператыўна вывезлі усё гэта “дабро” на палігон. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!