На свінакомплексе “Ельня” ААТ “Шчучынаграпрадукт” паспяхова разводзяць свіней мясных парод ландрас і ёркшыр
У ААТ “Шчучынаграпрадукт” актыўна развіваюць жывёлагадоўлю, у тым ліку свінаводства. Тут на свінагадоўчым комплексе “Ельня” ўтрымліваецца 11 тысяч свіней мясных парод ландрас і ёркшыр. Штомесяц гаспадарка рэалізуе прыкладна 1400 галоў, з якіх палову здае на Гродзенскі мясакамбінат, а астатнія пастаўляюцца ва ўласны мясаперапрацоўчы цэх.
Вось ужо другі год свінакомплекс “Ельня” ўзначальвае Аляксей Хартановіч – нядаўні выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, які паспяхова асвоіў прафесію зоаінжынера. Будучы выхадцам з вёскі, ён мэтанакіравана пайшоў працаваць у сельскую гаспадарку.
– Рэпрадуктыўны статак у нас налічвае 600 свінаматак, яшчэ 240 мы ацэньваем і 400 – гэта рамонтныя свінкі, якія ў будучым прынясуць патомства, – гаворыць Аляксей Хартановіч. – На дарошчванні знаходзіцца 3000 галоў, на адкорме – каля 4500 галоў. Разводзім свіней мясных парод ландрас і ёркшыр, прымяняючы двухпароднае скрыжаванне, што дазваляе палепшыць прадуктыўнасць будучага патомства. Для атрымання якаснага маладняку для адкорму пакрываем свінаматак спецыяльнай мясной пародай дзюрок, якая выдатна зарэкамендавала сябе.
На свінагадоўчым комплексе “Ельня” маладых свінак пакрываюць праз 180-190 дзён пасля іх нараджэння – падчас трэцяй ахвоты, як таго патрабуюць распрацаваныя тэхналогіі. Жывёлы выношваюць патомства 120 дзён. Адна свінаматка за год апароджваецца мінімум два разы і прыносіць у сярэднім па 11 парасят прыплоду, але здараецца і па 18 парасят. Калі гэты паказчык ніжэй за 9 – жывёла адбракоўваецца. Звычайна свінаматкі самі спраўляюцца з кармленнем прыведзенага патомства, але пры неабходнасці мясцовыя жывёлаводы падсаджваюць у станок дадатковую свінаматку.
– Маленькія парасяткі знаходзяцца пры маме 30 дзён: выпайваюцца малодзівам і падкормліваюцца спецыяльным камбікормам ужо на 5-7 дзень пасля нараджэння, – знаёміць з нюансамі вытворчага працэсу Аляксей Іванавіч. – Кармушкі папаўняюцца аўтаматычна па меры паядання жывёламі корму. Свінаматкі пасля апаросу харчуюцца спецыяльнымі збалансаванымі камбікармамі і абмежаваны ў руху, каб малако не прапала і было максімальна якасным і пажыўным.
Па заканчэнні гэтага перыяду атрыманы маладняк пераводзяць у групу дарошчвання. Менавіта тады спецыялісты-селекцыянеры адбіраюць свінак на рамонт. Пры гэтым улічваюць усе экстэр’ерныя паказчыкі: выяўленасць пароды, канстытуцыю цела, пастаноўку канечнасцей, колькасць саскоў і іншыя. Усім адабраным жывёлам вешаюць на вуха спецыяльную бірку з індывідуальным нумарам, а даныя, у тым ліку радаслоўную, заносяць у спецыяльную базу. А вось рэпрадуктыўных свінаматак праз 30 дзён пасля апаросу адпраўляюць на паўторнае пакрыццё: у залежнасці ад лактацыі іх актыўна выкарыстоўваюць ад 3 да 5 гадоў.
– У групе дарошчвання мы фарміруем 10 сектараў, кожны з якіх налічвае да 330 галоў, – працягвае наш суразмоўца. – Праз 110-115 дзён свінкі тут дасягаюць вагі 35-45 кілаграмаў, пасля чаго накіроўваюцца на адкорм. Сярэднясутачная прывага ў нас складае звыш 700 грамаў. Ва ўзросце 190-200 дзён жывёлы важаць 115-120 кілаграмаў. Гэта 2-ая мясная катэгорыя: таўшчыня сала складае 3,5-5 сантыметраў.
Жывёл на свінагадоўчым комплексе “Ельня” кормяць якаснымі кармамі, якія выпускаюць ва ўласным камбікормавым цэху: у месяц – 800 тон, з якіх 500-600 тон ідзе на харчаванне свіней, а астатняе – на патрэбы буйной рагатай жывёлы.
– Рэцэптуру я распрацоўваю сам на пару з нашым галоўным заатэхнікам Аляксандрам Бабічам, – падкрэслівае Аляксей Хартановіч. – У склад камбікорму ўваходзяць кукуруза, ячмень, пшаніца, трыцікале, авёс, соевы і сланечнікавы шроты, а таксама соль, мел і вітаміна-мінеральныя комплексы – так званыя прэміксы. Асаблівую ўвагу надаём здароўю жывёл, рэгулярна праводзім прафілактыку ад розных хвароб. Калі свінні ўсё ж прастуджваюцца або падхопліваюць якую-небудзь інфекцыю – аператыўна лечым іх. Пры выяўленні да 10 захварэўшых робім унутрымышачныя ін’екцыі, калі ачаг паражэння большы – выпайваем вадой з лекамі ўсю групу.
Бесперабойную работу свінагадоўчага комплексу “Ельня” забяспечваюць 50 спецыялістаў, якія строга выконваюць усе патрабаванні санітарнай бяспекі. Сам вытворчы аб’ект працуе ў закрытым рэжыме: тут дзейнічае строгі санітарна-прапускны рэжым.
– Унутр можна трапіць выключна па спецыяльных пропусках, якія ёсць толькі ў абслугоўваючага персаналу, – зазначае Аляксей Іванавіч. – Іншым неабходна атрымаць пісьмовы дазвол у Гродзенскай абласной ветэрынарнай станцыі. Гэта тычыцца ўсіх службаў. Да прыкладу, калі на тэрыторыі комплексу здарыцца парыў электрасетак, шчучынскім энергетыкам прыйдзецца прайсці гэтую працэдуру, каб трапіць на месца аварыі. Самі работнікі свінакомплексу, перад тым як прыступіць да працы, павінны наведаць душ і пераапрануцца ў стэрыльную бялізну і спецадзенне. Толькі тады яны могуць прайсці ў чыстую зону. Пакідаць аб’ект забаронена да канца працоўнай змены, таму спецыялісты харчуюцца ў спецыяльным пакоі для прыёму ежы. Паўнавартаснымі абедамі іх забяспечвае гаспадарка, прычым абсалютна бясплатна ў знак кампенсацыі за адказ ад развядзення свіней на ўласных падвор’ях, адмову ад палявання і наведвання лесу. Падвоз на працу таксама арганізаваны: спецыяльна выдзелены аўтобус падвозіць работнікаў са Шчучына, Тапілішак, Руткевічаў, Ражанкі, Барташоў і Скоржыкаў.
Свінагадоўчы комплекс “Ельня”, як і ўсе яму падобныя спецыялізаваныя вытворчыя аб’екты, двойчы агароджаны па перыметры: бетонным “поясам” вышынёй за метр і сеткай вышынёй 2 метры. Паміж імі знаходзіцца задыскаваная паласа зямлі, каб у выпадку пранікнення дзікай жывёлы можна было аператыўна выявіць яе месцазнаходжанне. Няпрошаных лясных гасцей адсюль адпуджваюць аўтаматычныя газавыя пушкі, якія імітуюць стрэлы кожныя паўтары хвіліны. Усе гэтыя строгія меры дазваляюць не дапусціць на свінакомплексе ўспышкі афрыканскай чумы і іншых захворванняў свіней, дзякуючы чаму свінагадоўля ў ААТ “Шчучынаграпрадукт” працягвае ўпэўнена развівацца.
– Высокіх вытворчых паказчыкаў немагчыма дабіцца без высокакваліфікаваных спецыялістаў, – перакананы Аляксей Хартановіч. – Мне пашчасціла працаваць з сапраўднымі прафесіяналамі. Бездакорна выконваюць свае абавязкі свінаводы Тамара Мішкель, Наталля Саук, Ірына Шылабод, Валянціна Сяргей… І гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць. З такім дружным, згуртаваным і мэтанакіраваным калектывам можна паспяхова вырашаць любыя, нават самыя складаныя вытворчыя задачы.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара і з архіва ААТ “Шчучынаграпрадукт”.