На сувязі – галактыка “Права”. Даведайцеся, на якіх сузор’ях пабывалі яе юныя насельнікі

 

Вы ведаеце, што зусім нядаўна ў касмічнай прасторы з’явілася новая галактыка? Як, яшчэ не? Ну тады знаёмцеся з яе жыхарамі!

 

У галактыцы “Права” дзіцячага аздараўленчага лагера “Касмадром” жывуць 79 крэатыўных, вясёлых, добрых насельнікаў, якія ўмеюць спяваць, танцаваць, прымаюць удзел у розных гульнях, сябруюць і, канечне, вывучаюць свае правы і абавязкі.

 

 

Каб больш даведацца пра сваю галактыку, рабяты вырашылі накіравацца ў падарожжа. Тры касмічныя караблі з касмічнымі экіпажамі за 18 дзён абляцяць 18 сузор’яў і разгадаюць усе таямніцы галактыкі “Права”. Са сваім штурманам – старшым выхавацелем Жаннай Варонік, яны ніколі не збіваюцца з курсу, і іх падарожжа праходзіць вельмі цікава і захапляюча.

 

– Калі я збіралася ехаць у “Касмадром”, нават і падумаць не магла, што тут будзе так весела і здорава, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Даша Лойка, вучаніца СШ №3 г. Шчучына. – У нас цудоўныя важатыя, з якімі нам ні хвіліны не прыходзіцца сумаваць. Кожны дзень адбываецца штосьці цікавае. Новы дзень ніколі не падобны на папярэдні. Мне вельмі спадабалася, як прайшло ў нас свята “Купалле”. Мы плялі вяночкі, а затым хадзілі на возера і пускалі іх на ваду. Было вельмі прыгожа. Здорава прайшла ў лагеры конкурсная праграма “Ганаруся табой, Беларусь!” А яшчэ я знайшла многа сяброў, наш атрад “Камета” вельмі дружны!
Згодны з Дашай і гімназіст Арсеній Дзямідаў.

 

– Я прыехаў у “Касмадром” ужо другі раз, – расказвае Арсеній. – І нават не заўважыў, што адпачынак амаль заканчваецца – так хутка праляцеў час. Засталося ўсяго некалькі дзён. Мне ў лагеры падабаецца ўсё! Я прымаў удзел у конкурснай праграме “Казкі на новы лад”, быў вядучым на свяце з нагоды Дня Незалежнасці. У нас праводзіцца многа розных конкурсаў, гульняў, спартыўных спаборніцтваў, і кожнае мерапрыемства дае нам магчымасць праявіць сябе, прыдумваць нешта новае, развіваць свае здольнасці. Кожны дзень у нас ладзяцца дыскатэкі. Танцуем ад душы! Адпачынак атрымаўся выдатны!

 

 

Дзе ж пабываюць падчас свайго падарожжа юныя насельнікі галактыкі “Права”? Яны ўжо наведалі сузор’і Знаёмстваў, Дружбы, Спорту, Творчасці, Адкрыццяў, Адзінства, Здароўя, Беларускай мовы і іншыя. А завершыцца іх касмічная вандроўка на сузор’ях Успамінаў і Развітання.

 

– Мы стараліся зрабіць адпачынак рабят разнастайным і запамінальным, – гаворыць старшы выхавацель Жанна Варонік. – Гэта аказалася магчымым дзякуючы актыўнаму творчаму калектыву педагогаў. Цікавыя мерапрыемствы праводзіць педагог-арганізатар Алена Гардзейчык. Яркія спартыўныя баталіі арганізоўвае інструктар па спорце Міхаіл Крупіца. У лагеры працуюць аб’яднанні па інтарэсах – дзеці маглі выбраць сабе занятак па душы. Кожны дзень ладзяцца прававыя дайджэсты, падчас якіх хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з сістэмай права ў нашай краіне. Такія заняткі часта праводзяць для іх супрацоўнікі Шчучынскага РАУС. Для рабят была таксама арганізавана экскурсія. Яны пабывалі ў музеі А.С. Пашкевіч (Цёткі) у Астрынскай СШ.

 

Акрамя гэтага, школьнікі пяшком накіраваліся ў вёску Шкленск да помніка партызанам і вяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Часта ў “Касмадроме” бываюць госці – прадстаўнікі Шчучынскага РЦКіНТ, Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі, ТВВАД, Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі і іншыя. Конкурсныя праграмы, спартыўныя гульні, эстафеты, віктарыны, экаакцыі, творчыя майстэрні, тэматычныя праграмы, круглыя сталы – “касмадромаўцы” з інтарэсам і задавальненнем прымаюць у іх удзел. Спадзяюся, адпачынак насельнікам нашай галактыкі спадабаецца. Харчаванне для дзяцей таксама самае разнастайнае, у рацыёне многа садавіны, гародніны. Кожны дзень рабяты атрымліваюць вітаміны.
Выдатнае надвор’е, цудоўны адпачынак, новыя сябры і безліч пазітыўных эмоцый – хіба не пра такое лета мараць усе хлопчыкі і дзяўчынкі?! А ў “касмадромаўцаў” гэта мара ўжо ажыццявілася!

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота Жанны ВАРОНІК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!