На Шчучыншчыне стартавала дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”

 

Ужо чвэрць стагоддзя, як па добрай традыцыі напярэдадні Новага года распачынаецца ў Беларусі гэты маштабны марафон дабрыні і душэўнай шчодрасці. У рэспубліканскую акцыю “Нашы дзеці” заўжды ахвотна ўключаюцца актывісты грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, проста нераўнадушныя жыхары Шчучынскага раёна. Вось і сёння з падарункамі і цёплымі віншаваннямі ў Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзетак з інваліднасцю завітала цэлая дэлегацыя.

 

 

Торцікі для “салодкага стала” рабятам прызвелі старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Шанчук. Цацкі, самаробныя паштоўкі, навагоднія ўпрыгожанні, школьныя прылады перадалі ад піянераў і моладзі першы сакратар РК БРСМ Алена Пратасевіч і старшыня раённага савета ГА БРПА Вікторыя Шылко.  Безумоўна, эпідэміялагічная сітуацыя наклала на гэту сустрэчу свой адбітак. Гасцей ля прапускнога пункта сустракаў дырэктар сацыяльнай ўстановы Здзіслаў Янкевіч, запрасіў прайсці да аднаго з карпусоў дома-інтэрната, дзе ля вокнаў у памяшканні сабралася дзятва і радасна махала нам рукамі. Гэты абмен усмешкамі і добразычлівымі жэстамі быў вельмі кранальным.

 

 

 

-- Так складваюцца абставіны, што падарункі мы прымаем, але запрасіць на карнавал да рабят па зразумелых прычынах не зможам, -- тлумачыць Здзіслаў Іосіфавіч. – Свята, як заўжды ў нас, будзе вясёлае, з цікавым сцэнарыем, казачнымі героямі і прыгодамі, толькі праводзіць яго будзем не пры такой масавасці, а ў кожным аддзяленні асобна.

 

 

У гэтыя дні ў Васілішкаўскі дом-інтэрнат тэлефануюць шматлікія шэфы з арганізацый і прадпрыемстваў, выказваюць гатоўнасць прыехаць або пераслаць падарункі. 

 

 

-- Даўнія сяброўскія сувязі і цеснае супрацоўніцтва ўсталявалася ў нас з калектывам Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскай духоўнай семінарыяй, абласным філіялам “Белпошты”, прадпрыемствамі “Хімвалакно”, “Гроднаэнерга”, “Гроднааблтранс”, -- дзеліцца З.І. Янкевіч. – Не з пустымі рукамі маюць намер завітаць да нашых выхаванцаў прадстаўнікі ААТ “Васілішкі” і СТАА “Клубніка Плантс”, чакаем у госці і валанцёраў мясцовых школ. Увагі многа не бывае! Вельмі ўдзячны за падтрымку прадпрыемству “Нафтахім”, абласному таварыству паляўнічых і рыбаловаў, многім-многім іншым.  

 

 

Не застаецца ў баку ад дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці” РА ГА “Белая Русь”, раённы савет ветэранаў, РА ГА “Беларускі фонд міру”.  Дарэчы, рэспубліканская акцыя будзе доўжыцца да 10 студзеня 2021 года. Далучайцеся!

 

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!