Спасцігаючы таямніцы псіхіятрыі. Малады спецыяліст Шчучынскай ЦРБ Юлія Медушэўская расказала пра спецыфіку сваёй працы
Здароўе чалавека – надзвычай важная справа, увага якой надаецца ў любым узросце. Акрамя фізічнага стану варта таксама сачыць і за сваім маральна-псіхалагічным здароўем. Без гэтага камфортнае і паўнавартаснае жыццё немагчыма – упэўнена псіхіятр Шчучынскай ЦРБ малады спецыяліст Юлія Медушэўская.
Летась дзяўчына папоўніла шэрагі медыкаў нашага раёна і ўжо паспела зарэкамендаваць сябе як добры спецыяліст. Юлія нарадзілася і вырасла ў Шчучыне, тут скончыла СШ № 2. Дзяўчына лічыць, што стаць доктарам ёй было наканавана лёсам, бо шмат хто з сям’і звязаў сваё жыццё з гэтай сферай. Юля, так бы мовіць, з дзяцінства “круцілася” ў медыцынскай сістэме. Таму не дзіўна, што з мноства прафесій выбрала тую, якая была бліжэй, паспяхова паступіўшы на бюджэт у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у Мінску.
– Чаму вырашыла стаць менавіта псіхіятрам? Гэта быў асаблівы шлях, – прызнаецца Юля. – Я паступала ва ўніверсітэт на спецыяльнасць “лячэбная справа”. Спачатку думала, што буду тэрапеўтам ці кардыёлагам. Але потым зразумела, што мяне гэта не вельмі цікавіць. А калі на старшых курсах у нас з’явіўся прадмет псіхіятрыя, мне моцна спадабалася гэтая навука. Было цікава паглыбляцца ў пытанні чалавечай свядомасці. І так я вырашыла, што псіхіятрыя стане аптымальнай для мяне спецыяльнасцю.
Як адзначыла дзяўчына, псіхіятрыя цікавая тым, што ў пацыентах доктар адкрывае новы непаўторны свет. Кожны чалавек па-свойму бачыць жыццё, і гэта дазваляе інакш глядзець на некаторыя рэчы. Бывае, што людзі прыходзяць на прыём з цяжкімі жыццёвымі абставінамі, жахлівымі гісторыямі. Таму дапамога такому чалавеку для псіхіятра вялікая радасць.
Пасля вучобы Юліі трэба было выбраць месца для размеркавання. Ёй прапаноўвалі шмат варыянтаў, але яна ведала, што вакансія ёсць у Шчучыне, і таму без сумненняў вярнулася на малую радзіму.
– З аднаго боку гэта незвычайнае адчуванне, калі вяртаешся ўрачом у свой родны горад. На медкамісіях да мяне часта прыходзяць мае былыя настаўнікі. Ім прыемна бачыць сваю вучаніцу ў новым статусе. Былі пацыенты, якіх я ведала з дзяцінства. У некаторай ступені гэта можа перашкаджаць працы, бо цяжка мець нейтральныя адносіны да чалавека, калі яго асабіста ведаеш. Але з іншага боку такая сітуацыя таксама дапамагае лепш разабрацца з праблемай, бо я з самага пачатку ведаю пэўную інфармацыю і факты.
Дзяўчына хутка ўлілася ў рабочы працэс. Дзякуючы дапамозе калег прафесійныя пытанні і нюансы вырашаюцца хутка, а ўмовы працы камфортныя.
– Зразумела, што шмат чаго яшчэ трэба будзе засвоіць, і гэтая вучоба ў дактароў цягнецца ўсё жыццё. Мне, як маладому спецыялісту, моцна дапамагае псіхіятр-нарколаг Людміла Чудоўская, якая стала для мяне сапраўдным настаўнікам. Ёй я шчыра ўдзячная, бо заўсёды магу звярнуцца па параду і нават з банальнымі пытаннямі. Яна выдатны спецыяліст, чалавек з досведам. Я давяраю ёй і паважаю яе меркаванне.
На думку Юліі Медушэўскай, у малых раёнах, такіх як Шчучынскі, людзі слаба ведаюць, што такое псіхалагічнае здароўе і часта думаюць нібы гэта нешта прыдуманае. Але застатавацца сам на сам з унутранымі праблемамі вельмі небяспечна.
– Пытаюся ў пацыентаў пра іхнія захапленні, чым яны цікавяцца. А ў адказ часта чую, што ўсё жыццё некаторых людзей складаецца выключна з працы, на нешта іншае не стае часу. Такое стаўленне да сябе можа прывесці да псіхічных захворванняў, якія ў сваю чаргу абвастраюць іншыя праблемы са здароўем. Людзі не разумеюць адкуль гэта бярэцца, а часцей за ўсё прычына ў выгаранні і няўменні паставіць правільныя прыярытэты ў жыцці. Галоўная парада ў такой сітуацыі – не баяцца звярнуцца да спецыяліста.
Праца псіхіятра складаная з эмацыйнага пункту гледжання. Таму важна таксама сачыць і за сваім маральным здароўем. І Юлія пра гэта не забывае.
– З дзяцінства ў мяне ёсць любімае захапленне – танцы. Калі вярнулася з Мінска ў Шчучын, то хвалявалася, што магу завязнуць у чатырох сценах. Але знайшла тут групавыя заняткі па танцах і рэгулярна іх наведваю. Такія дадатковыя хобі дапамагаюць пазбягаць унутранага выгарання. Таксама люблю чытаць як прафесійную медыцынскую, так і мастацкую літаратуру.
У будучым Юлія Медушэўская плануе працягваць развівацца ў прафесіі, а асабліва ў сферы псіхатэрапіі, якая падразумявае лячэнне словам. Малады доктар упэўнена, каб дастаць пацыента з самай глыбокай эмацыйнай ямы, не заўсёды трэба прыбягаць да разнастайных прэпаратаў. Часам дастаткова выбраць правільную сістэму ўздзеяння на псіхіку, а праз яе і на агульны стан чалавека.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.