На прыём да дэпутата
З самымі рознымі жыццёвымі праблемамі звярталіся жыхары раёна да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе № 60 Валерыя Іосіфавіча Саўко, які сёння правёў прыём грамадзян і адначасова прамую тэлефонную лінію.
Жыхары вёскі Навасёлкі дабіваюцца асфальтавання сваёй вуліцы Усходняй, а шчучынцы з мікрараёна вуліц Чапаева і Суворава зацікаўлены ў правядзенні цэнтралізаванай каналізацыі.
-- Раённая ўлада ведае пра гэтыя запатрабаванні, аднак на сённяшні дзень у раённым бюджэце не хапае сродкаў на рэалізацыю такіх далёка нятанных праектаў, -- патлумачыў наведвальнікам В.І. Саўко. -- Я са свайго боку абяцаю лабіраваць гэтыя пытанні, бо разумею, наколькі яны важныя для людзей.
Адна з жыхарак інтэрната, што па вуліцы Пушкіна, 30, звярнулася да дэпутата, каб той пасадзейнічаў у замене дзвярэй. Праблему вырашылі такім чынам: дзверы ўстановіць РУП ЖКГ за сродкі наведвальніцы з растэрміноўкай плацяжу на паўгода. Здаецца, здаровы кампраміс задаволіў жанчыну.
Скарысталіся шчучынцы і магчымасцямі прамой лініі. Так, жыхар вёскі Янчукі Я.Ф. Саўчук узняў пытанне аб абуладкаванні аўтобуснага прыпынку па вуліцы Арджанікідзе ў райцэнтры. Як было растлумачана, ужо закуплены казырок для павільёна, і ў самы бліжэйшы час будзе "закрыта" гэта вострае пытанне.
Жыхары аграгарадка Ляшчанка прасілі дэпутата пасадзейнічаць у аднаўленні работы лазні, а шчучынцы з вуліцы Зялёнай лічаць, што самы час правесці добраўпарадкаванне іх прыдамавых тэрыторый і як след адрамантаваць дзіцячыя пляцоўкі. А яшчэ тут незадаволены антысанітарыяй з-за выгулу сабак у скверы і перакананы: трэба тэрмінова прымаць меры.
Усе звароты грамадзян, што называецца, узяты на аловак дэпутата. Кожная сітуацыя будзе ўважліва разгледжана, а грамадзяне атрымаюць адказы на пастаўленыя перад народным абраннікам пытанні.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.