На прагулку – з ветрыкам!
На базе кінатэатра “Беларусь” у Шчучыне з мая працуе пункт пракату веласіпедаў. Мы пацікавіліся, наколькі запатрабаваны ён у нашым горадзе і хто найчасцей “арандуе” двухколы транспарт.
– Мы задаволены, што ўвялі гэту паслугу ў круг сваіх абавязкаў, – гаворыць Ігар Мікалаевіч Будзько, дырэктар КУКП “Шчучынкінавідэасетка”. – На выгадных умовах набылі ў растэрміноўку пяць веласіпедаў, два з якіх ужо акупіліся. Да нас звяртаюцца ў асноўным тыя, хто прыехаў у Шчучын пагасціць і жадае агледзець славутасці горада. Напракат бяруць веласіпед і на гадзіну, і на некалькі сутак запар. У маладых сямей карыстаецца попытам спецыяльнае дзіцячае велакрэсла: вандроўка на веласіпедзе з малышом – надзвычай папулярны від адпачынку.
Работнікі пункта пракату расказалі, што двухколы транспарт у іх бралі і расіяне, і грамадзяне Польшчы, а аб’ехаўшы ўздоўж і ўпоперак наш горад, захоплена дзяліліся сваімі ўражаннямі і пазітыўнымі эмоцыямі.
Як мы даведаліся, ужо распрацаваны веламаршрут “Знаёмства са Шчучынам”, які ўключае ў сябе такія мясцовыя славутасці, як МіГ-25 і МіГ-19, палац Друцкіх-Любецкіх, помнік Цётцы, шчучынскія храмы, плошчу Свабоды…
– Распрацоўваем мы веламаршруты і па-за гарадской рысай: на аэрадром, у ваенны бункер, не забываем пра экалагічны накірунак, – дзеліцца Аляксандр Генрыхавіч Амшэй, начальнік аддзела турыстычнай і інвестыцыйнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі райвыканкама. – Гэту інфармацыю змесцім як у папяровым даведніку, так і ў дадатку да смартфонаў. Велападарожжы набываюць усё большую папулярнасць сярод людзей самых розных узростаў, і гэта важна ўлічваць для развіцця турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.
Дарэчы, цэны на пракат веласіпедаў у кінатэатры “Беларусь” досыць дэмакратычныя. За гэты від паслугі ўжо выручана больш за 500 рублёў. Летняе надвор’е наладжваецца, сезон водпускаў у разгары, а значыць, самы час адпраўляцца як мінімум на велапрагулку. Спадарожнага вам ветру і сонца на спіцах!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.