На планёрцы абмеркавалі пытанні арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі раёна

Як ідзе праца па ўдасканаленні арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі раёна - абмеркавалі на чарговай планёрцы, якая пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Аляксея Валянцінавіча Садоўскага прайшла ў аўторак. Пытанне гэта надзвычай важнае ўжо тым, што наўпрост тычыцца здароўя падрастаючага пакалення.

 

Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама П.В. Тарчынскага, гарачым харчаваннем у раёне ахоплены 3643 навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, або 96% ад агульнай колькасці навучэнцаў. Яшчэ 1282 дзіцяці маюць магчымасць харчавацца ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Сёння ў школах і дзіцячых садках функцыянуе 28 сталовых на 1802 пасадкавыя месцы. Усюды харчаванне арганізавана ў адпаведнасці з устаноўленымі нормамі, дыферэнцыяванымі па ўзросце, на аснове прыкладнага перспектыўнага меню, распрацаванага з улікам сезоннасці і фізіялагічных патрэбаў дзяцей.

 

 

-- На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчблокаў, абнаўленне абедзенных залаў накіроўваюцца бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі. 47 адзінак тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання на суму каля 90 тысяч рублёў замянілі толькі да гэтага навучальнага года, -- адзначыў Павел Віктаравіч. -- Яшчэ больш за 130 тысяч рублёў было выкарыстана на правядзенне рамонту харчблокаў у трох установах адукацыі. Акрамя таго, у рамках правядзення капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй сёлета цалкам змяніўся харчблок сярэдняй школы №2 раённага цэнтра. У 2020 годзе на забеспячэнне харчаваннем навучэнцаў будзе накіравана каля Br1,3 млн. бюджэтных сродкаў.

 

 

З дакладамі выступілі таксама галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы І.У. Загароўскі і галоўны санітарны ўрач раёна А.В. Круковіч. Яны расказалі, як наладжаны кантроль за арганізацыяй працы па школьным харчаванні ў рэгіёне, якія існуюць праблемы. У ходзе маніторынгаў па-ранейшаму выяўляюцца парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму, умоў захоўвання прадуктаў, у працы бракеражных камісій.

 

 

Як знайсці баланс паміж пераборлівасцю дзяцей і здаровым харчаваннем? Задача ў гэтым, на самай справе, не з лёгкіх. Абавязкова неабходна знайсці рэзервы, дзякуючы якім школьнае харчаванне будзе падабацца большасці, як дзяцей, так і бацькоў. Варта падумаць над тым, каб даць дзецям выбар, улічваючы іх прыхільнасці. Дзеці любяць есці, у большасці выпадкаў, сасіску, піцу, макарону - тое, да чаго прывыклі дома. Вельмі важна навучыць  падлеткаў культуры харчавання, аддаваць перавагу таму, што сапраўды карысна. У некаторых установах неабходна перагледзець час прыёму ежы дзецьмі. Гэта таксама дасць магчымасць мінімізаваць утварэнне харчовых адходаў.

 

 

На планёрцы дэталёва абмяркоўваліся пытанні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, цеснага ўзаемадзеяння з вытворцамі і пастаўшчыкамі прадукцыі, асартыменту прадукцыі для дзіцячага і школьнага харчавання, падбору і падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Прамыя пастаўкі прадуктаў харчавання ад прадпрыемстваў-вытворцаў у школьныя харчблокі дазволяць выключыць пасрэдніцтва, што станоўча паўплывае на цэнаўтварэнне і знізіць канчатковы кошт страў. Прычым працэдура выбару пастаўшчыкоў павінна быць канкурэнтнай.

 

 

На думку старшыні райвыканкама А.В. Садоўскага, змяняльнасць работнікаў харчблокаў ва ўстановах адукацыі раёна вельмі высокая. Корань праблемы - у невысокім узроўні заработнай платы. Сёння ва ўстановах адукацыі раёна з 44,5 штатных адзінак повараў і шэф-повараў 8 з'яўляюцца вакантнымі. Таму важна павышаць іх прафесійны ўзровень. Зацікаўленым службам неабходна выпрацоўваць новыя падыходы і механізмы ў гэтым накірунку.

 

 

Як падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч, у апошні час сістэма арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі раёна змянілася ў лепшы бок. У раёне было прынята нямала мер па ўдасканаленні арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі, уключаючы рамонты на харчблоках, закупку абсталявання, правядзенне семінараў для спецыялістаў. Мэта гэтай працы - ліквідаваць парушэнні, зрабіць так, каб школьнікі атрымлівалі якасныя, карысныя абеды па аптымальных цэнах. За харчаваннем дзяцей неабходны самы строгі кантроль.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Ганны РУДСКАЙ.