На МТФ “Зенюкі” філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” ідзе маштабная рэканструкцыя

 

У філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” поўным ходам ідзе рэканструкцыя малочнатаварнай фермы “Зенюкі”. Тут на дадатковых чатырох гектарах будуць пабудаваны два новыя вытворчыя памяшканні, што дазволіць адчувальна павялічыць пагалоўе кароў, якія ўтрымліваюцца на гэтым аб’екце.

 

– МТФ “Зенюкі” пабудавана ў 70-х гадах, – гаворыць галоўны заатэхнік філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Іван Ханько. – На гэтай ферме ўтрымлівалася 1100 рагуль, у тым ліку 400 кароў дойнага статка. Сярэднясутачны надой складаў 22 літры малака, а за год ад кожнай каровы мы атрымлівалі прыкладна 8200 літраў малака пры сярэднім паказчыку па гаспадарцы 8350 літраў. У 2020 годзе наша сельгаспрадпрыемства заняло другое месца ў раёне па надоях, саступіўшы толькі СВУ “Пратасаўшчына”. Аднак рэзервы для развіцця і нарошчвання вытворчых паказчыкаў у нас ёсць, таму вырашылі рэканструяваць МТФ “Зенюкі”.

 

Згодна з распрацаваным праектам на аб’екце будуць узведзены два новыя кароўнікі і даільны блок. Гэта дазволіць павялічыць статак да 1500 галоў, з якіх 540 будуць дойныя каровы. Даўкамплектавана ферма будзе цялушкамі з суседняй фермы “Баяры Жалудоцкія”. І адбудзецца гэта да канца бягучага года.

 

 

– Раней на МТФ “Зенюкі” ў летні перыяд рагуль паслі на пашы, – зазначае Іван Адольфавіч. – Пасля рэканструкцыі там будуць выпасвацца толькі сухастойныя каровы і цялушкі. Канечне, змена абстаноўкі для жывёлы стане пэўным стрэсам, але яна паступова адаптуецца. Упэўнены, мы зможам дабіцца тут высокіх надояў!

 

Дарэчы, ферма “Зенюкі” пасля рэканструкцыі значна павялічыцца ў памеры і будзе займаць плошчу звыш 10 гектараў. І маштаб праекта сапраўды ўражвае!

 

– Кожны дзень на аб’екце задзейнічаны чатыры пад’ёмныя краны, два “Амкадоры” і два экскаватары, – дзеліцца начальнік рамонтна-будаўнічага ўчастка філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Андрэй Антановіч. – Тут працуюць каля 40 будаўнікоў МПМК-167. Яны ўжо ўзвялі адзін кароўнік і даільны блок і накрылі на гэтых будынках дах. Паралельна ўнутры таксама вядуць работы: праводзяць электрыку, каналізацыю, водаправод, ацяпленне, тынкуюць сцены і кладуць плітку. Другі кароўнік знаходзіцца на стадыі мантажу. Асноўныя земляныя работы амаль завершаны.

 

 

Побач пабудаваны чатыры сіласна-сянажныя траншэі ўмяшчальнасцю 2000 тон кожная і склад для патакі. Хутка з’явіцца і новы гноепрыёмнік. Уся прылеглая тэрыторыя будзе заліта бетонам і добраўпарадкавана. Паміж новымі будынкамі з’явяцца прыгожыя газоны, на якіх высадзяць туі. Знойдзецца месца і для альтанкі, дзе работнікі фермы змогуць адпачыць. У даільным блоку будаўнікі зробяць камфортныя раздзявалкі, душавыя, пакой для прыёму ежы і ўтульныя рабочыя кабінеты.

 

– Пасля рэканструкцыі на МТФ “Зенюкі” значна вырасце расход вады, таму мы прабурылі яшчэ адну артэзіянскую свідравіну, – заключае Андрэй Іосіфавіч. – Каб забяспечыць неабходны напор, пабудуем новую воданапорную вежу на 95 кубоў вады замест старой на 25 кубоў. Ужо ў сакавіку бягучага года прыедуць спецыялісты фірмы “DeLaval” і пачнуць устанаўліваць даільнае абсталяванне – дзве паралельныя лініі на 16 месцаў кожная. Завяршыць рэканструкцыю фермы і здаць аб’ект у эксплуатацыю плануем 1 мая. На рэалізацыю праекта будзе затрачана 10,1 мільёна рублёў, з якіх 7,5 мільёна ўжо асвоены.

 

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!