На днях у СШ №2 г. Шчучына адбылася яркая ўрачыстасць: пасвячэнне вучняў 10 класа ў юныя прававеды

 

На днях у СШ №2 г. Шчучына адбылася яркая ўрачыстасць: у актавай зале прайшла цырымонія пасвячэння вучняў 10 класа ў юныя прававеды. Адзінаццаць старшакласнікаў вырашылі пасля заканчэння школы выбраць прафесію, звязаную са служэннем закону, стаць ахоўнікамі правапарадку.

 

Радасць такога моманту раздзялілі з рабятамі і педагогамі супрацоўнікі Шчучынскага РАУС Павел Кузняцоў – намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, Аляксей Качан – начальнік аддзела крымінальнага вышуку, Павел Найда – начальнік аддзела аператыўна-дзяжурнай службы і Алена Бялоцкая – часова выконваючая абавязкі начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх.

 

Да віноўнікаў урачыстасці звярнуўся дырэктар школы Уладзімір Жданко.

 

 

– У канцы мінулага навучальнага года, калі мы выбіралі іміджавы накірунак дзейнасці нашай установы адукацыі, узнікла ідэя стварэння школы прававой культуры, – расказаў Уладзімір Антонавіч. – Безумоўна, нарадзілася яна не без падставы. Справа ў тым, што за многія гады ў школе быў назапашаны багаты вопыт па прававым і патрыятычным выхаванні вучняў. Нашы рабяты з’яўляліся членамі ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына”, удзельнічалі ў шматлікіх мерапрыемствах на прававую тэматыку, наведвалі аб’яднанні па інтарэсах прававога накірунку. У школы ўжо даўно наладжана цеснае супрацоўніцтва з праваахоўнікамі, у прыватнасці, са Шчучынскім РАУС. Таму і было прынята рашэнне аб стварэнні прававой групы. Юныя прававеды паглыблена вывучаюць грамадазнаўства і замежную мову, а таксама наведваюць факультатыў “Асновы права”, заняткі ў якім праводзіць Павел Мікалаевіч Кузняцоў. Быць залічаным у гэту групу можа толькі вучань з высокім сярэднім балам паспяховасці.

 

 

Як вучацца і чым захапляюцца дзесяцікласнікі, у якіх мерапрыемствах удзельнічаюць, якія ініцыятывы праяўляюць – вучняў прававой групы прадставіла класны кіраўнік дзясятага класа Таццяна Ігараўна Пекар.
 Рабяты даюць першую ў сваім жыцці клятву і абяцаюць з гонарам несці званне вучня прававога класа СШ № 2 г. Шчучына, настойліва і ўпарта авалодваць ведамі, імкнуцца стаць годнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, выхоўваць у сабе мужнасць, высакароднасць, гатоўнасць заўсёды бескарысліва прыйсці на дапамогу людзям, якія маюць у гэтым патрэбу, прымнажаць слаўныя баявыя і працоўныя традыцыі бацькоў і дзядоў, роднага краю.

 

Уладзімір Антонавіч уручыў рабятам пасведчанні вучня прававога класа.

 

Ад імя кіраўніцтва і асабовага саставу Шчучынскага РАУС рабят павіншаваў Павел Кузняцоў.
– Мы шчыра падтрымалі ідэю аб адкрыцці прававой групы, – расказаў Павел Мікалаевіч. – Вельмі спадзяюся, што многія з вас у будучым вырашаць накіравацца па няпростай сцяжыне і прысвяціць сваю жыццё праваахоўнай дзейнасці, і мы атрымаем дастойную змену. Супрацоўнікі аддзела заўсёды гатовы прымаць удзел у агульных мерапрыемствах, расказваць, тлумачыць, дзяліцца сваім вопытам.
Павел Мікалаевіч выканаў ганаровую місію і ад афіцэрскага сходу Шчучынскага РАУС перадаў школе стэнд з інфармацыяй прававога зместу.

 

 

 

Музычны падарунак для ўдзельнікаў урачыстасці падрыхтавалі вучні школы. Напэўна, гэты дзень надоўга застанецца ў памяці дзесяцікласнікаў.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!