Мясцовая ўлада стала яшчэ больш мабільнай

 

Ключы ад новенькіх службовых машын “Джылі М Гранд” нядаўна ўручылі старшыням Першамайскага і Лядскага выканкамаў Наталіі Сідлярэвіч і Паўлу Літавару.

 

– Сродкі на набыццё гэтай тэхнікі былі папярэдне закладзены ў сёлетні бюджэт. Кіраўнікі раёна Аляксей Валянцінавіч Садоўскі і Ганна Станіславаўна Хвядзюк з вялікім разуменнем адносяцца да нашай работы, за што ім вялікі дзякуй. Падтрымалі нас і дэпутаты на сесіі, калі галасавалі за зацвярджэнне бюджэту, – гаворыць Павел Анатольевіч, дэманструючы магчымасці новенькага аўтамабіля, асобна падкрэсліўшы, што ўжо правялі апрацоўку кузава і крылаў антыкаразійным пакрыццём. – Папярэдняя “Лада Каліна” адслужыла 18 гадоў, а без спраўнай машыны старшыні сельвыканкама – ніяк. Гэта не раскоша, а магчымасць аператыўна вырашаць узнікаючыя ў глыбінцы пытанні, выязджаць на месца і сустракацца з людзьмі, ведаць іх надзённыя патрэбы, што, уласна кажучы, лічу самым галоўным у нашай рабоце.

 

…У складзе Першамайскага сельсавета каля сарака населеных пунктаў, большая палова з іх уваходзіць у пагранічную зону. Зразумела, што тут мабільнасць – патрабаванне часу. Старшыня сельвыканкама Наталія Сідлярэвіч вопытны кіроўца, за рулём не адзін год, уздоўж і ўпоперак аб’ездзіла давераную ёй тэрыторыю, якая, дарэчы, займае 222 квадратныя кіламетры. Напрыклад, адлегласць ад вёскі Раманова да Шастакоўцаў каля 30 км.

 

– Стараюся ўсюды паспець, дайсці і даехаць да кожнага, а новы службовы аўтамабіль будзе толькі садзейнічаць у якасці работы, – лічыць Наталія Мікалаеўна.

 

 

Абнаўленне аўтапарка – яшчэ адзін крок да ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сельвыканкамаў.

 

– Гэта не разавая акцыя, – падкрэслівае кіраўнік справамі райвыканкама Алена Шкіндзерава. – У 2023 годзе былі забяспечаны новымі аўтамабілямі Дэмбраўскі і Жалудоцкі сельвыканкамы.

 

Сельскі Савет – гэта першая інстанцыя, куды звяртаюцца людзі за парадай і дапамогай, а старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў – не кабінетныя работнікі. У іх пастаянным полі зроку – навядзенне парадку на зямлі, пытанні бяспекі жыхароў, работа аглядавых камісій… Спадзяёмся, што новыя машыны стануць надзейнымі памочнікамі ў вырашэнні ўсяго надзённага на карысць людзей.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!