Музыка яднае: у Старых Васілішках адзначылі 82-ю гадавіну з дня нараджэння сусветна вядомага музыканта Чэслава Немэна

Невялікая сціплая вясковая хатка стала цэнтрам прыцягнення для прыхільнікаў творчасці нашага таленавітага земляка. Яго імя жыве разам з песнямі, якія па сённяшні дзень лунаюць над Нёманам.
Чалавек жыве да таго часу, пакуль жыве памяць аб ім. Чэслаў Немэн назаўжды застанецца ў нашай памяці, у нашых сэрцах. Ён гучна заявіў пра сябе на музычным Алімпе, дабіўся поспехаў на міжнародных фестывалях у Францыі, Германіі, Індыі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, выступаў у Маскве, Ленінградзе, Рызе, Таліне. На працягу 90-х гадоў мінулага стагоддзя музыкант выпусціў больш за 15 альбомаў. Да таго ж ён пісаў музыку да фільмаў, радыёпастановак.

 

Наш раён – радзіма музыканта. 16 лютага, у дзень яго нараджэння, нягледзячы на мароз, у доме Чэслава Немэна было цёпла і ўтульна. Сюды з вялікіх і маленькіх дарог кліча музыка. Яна кранае, натхняе і заварожвае. Зноў у доме гучалі песні, лілася шчырая, сяброўская размова. Адчувалася, што клуб-музей згуртоўвае вакол сябе людзей добрай волі, як і жадаў таго музыкант у сваім сусветна вядомым творы “Дзіўны гэты свет”. Сярод іх – член апякунскага савета клуба-музея Аляксандр Нілаў, аматары творчасці з Мінска Аляксей Адаранка, Анатоль Федзюковіч, Тамара Антуховіч, карэспандэнт газеты “Культура” Зміцер Юркевіч і іншыя.

 

Напачатку госці накіраваліся ў храм Пятра і Паўла – адзін з найпрыгажэйшых на Беларусі. І гэта невыпадкова. Тут у касцельным хоры ў свой час спяваў Чэсік Выджыцкі. Да таго ж яго бацька рамантаваў арган, які і зараз гучыць у касцёле. Пасля супольнай малітвы госці накіраваліся ў дом Выджыцкіх. Пра жыццё і творчасць як заўсёды натхнёна распавёў кіраўнік клуба-музея Уладзімір Сянюта. Гэты чалавек стаяў ля вытокаў стварэння музея і настолькі пранікся духам гэтага дома ды гісторыяй роду Выджыцкіх, што, здаецца, нягледзячы на тое, што пры жыцці не сустракаўся з музыкантам, ведае яго так добра, як ніхто іншы.
– Радуе, што колькасць гасцей, якія наведваюць Старыя Васілішкі, пастаянна расце. Гэта не толькі меламаны з Беларусі, але і Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі, ЗША, Англіі, Нідэрландаў, Камеруна, – дзеліцца радасцю сустрэч Уладзімір Сянюта. – У нас на стале – шостая кніга водгукаў, на старонках якой запісы нават кітайскімі іерогліфамі! Дзверы клуба-музея адкрыты для ўсіх!

 

Дарэчы, на свята госці прыехалі не з пустымі рукамі. У 82-гадавіну народзінаў Чэслава Немэна на камяні ля дома пачэснае месца занялі шыльды з фотаздымкам музыкі і вершаванымі словамі нашай мясцовай паэтэсы Галіны Бяляўскай.

 

Пасля свята перанеслася ў цэнтр культуры аграгарадка Васілішкі, дзе адразу ў фае ўвагу прыцягвала выстава малюнкаў, якая распавядала пра жыццё славутага земляка.
Падчас сустрэчы словы ўдзячнасці адрасавалі людзям, якія спрыяюць развіццю і росквіту клуба-музея Чэслава Немэна.

 

Са сцэны гучалі песні ў выкананні таленавітых мясцовых артыстаў – Юрыя Барысевіча, Веранікі Шырокай, Таццяны Шэршань, Алены Лысеня і Яўгена Майсея. Парадаваў яскравым выступленнем народны ансамбль песні “Васільковая раніца”. Сустрэча прайшла ў надзвычай цёплай атмасферы і завяршылася песняй у выкананні Чэслава Немэна. Няхай гэта і быў відэазапіс, аднак апладысменты гучалі ў жывую. Такая яна, сіла музыкі!

 

Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!