Мудрасць знаходзім у кнігах:Дзень праваслаўнай кнігі адзначылі ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі

У Дзень праваслаўнай кнігі за “круглым сталом”  “Мудрасць знаходзім ад словаў кніжных” сабраліся святары, бібліятэкары Шчучынскага раёна, прыхаджане, гісторыкі і чытачы. Размова ішла пра 500-годдзе з дня заснавання Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра, 550-годдзе з дня з’яўлення цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і пра мудрае кніжнае слова.  

Напярэдадні свята, на працягу тыдня ў інфармацыйна-выставачным зале бібліятэкі працавала кніжная выстава “Дыяменты духоўнай скарбніцы”. Сярод кніг з бібліятэчнага фонду храма Святога Архангела Міхаіла горада Шчучына, якія выклікалі асаблівую цікавасць наведвальнікаў, – факсімільнае выданне рукапіснага Слуцкага Евангелля 1582 года, рэдкія кнігі  XVIII пачатку  XIX стагоддзяў. “Круглы стол” стаў працягам шэрагу мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня праваслаўнай кнігі.

З добрай нагодай усіх павіншаваў благачынны Шчучынскай акругі айцец Аляксандр Пасцерняк.

Сярод запрошаных гасцей былі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта, выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі протадыякан Павел Бубноў, клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна, загадчык сектара парафіяльных бібліятэк аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі протаіерэй Уладзімір Барысевіч і іншыя.

Святло на невядомыя старонкі гісторыі Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра праліў пратадыякан Павел Бубноў.

 -- Свята-Успенскаму Жыровіцкаму манастыру –  каля пяці стагоддзяў. Гэтая святая мясціна з'яўляецца апорай праваслаўя ў Беларусі, -- адзначыў выкладчык. -- Узнік храм  неўзабаве пасля з'яўлення цудатворнай іконы Божай Маці, і ніколі не закрываў свае брамы перад багамольцамі і пілігрымамі. І сёння ў галоўным храме манастыра, Успенскім саборы, свята захоўваецца гэты цудоўны абраз, з'ява якога адносіцца да канца XV ​​стагоддзя.

Прамоўца распавёў аб тым, як дэталёва вывучаў перыяд гісторыі храма з 1470 па 1618 гады. На жаль, да нашага часу не захаваліся рэчы, якімі карысталіся ў храме, аднак пра некаторыя з іх ідзе гаворка ў гістарычных крыніцах. Да таго ж да нашага часу захавалася некалькі кніг таго перыяду, якія былі выпушчаны па загаду Солтана Аляксандравіча – заснавальніка першага храма, чалавека, які адным з першых трымаў у руках цудадзейны абраз Жыровіцкай іконы Божай Маці. На жаль, кнігі зараз знаходзяцца ў экспазіцыях замежных музеяў. Падчас сустрэчы папоўніўся і кніжны фонд Шчучынскай бібліятэкі – госць падараваў сваю кнігу “Крепость духа: история и современность прихода Архистратига Михаила в Сынковичах”.

 

Не менш цікавым быў навуковы даклад клірыка Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна, загадчыка сектара парафіяльных бібліятэк аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі протаіерэя Уладзіміра Барысевіча. Прамоўца звярнуўся да пытання аб гістарычным вывучэнні кніжнага фонду бібліятэкі Свята-Успенскага манастыра. Хай сабе ў электронным варыянце, але кожны змог убачыць кнігі, якія былі надрукаваны сотні гадоў таму. Як адзначыў протаіерэй Уладзімір Барысевіч, кнігі Жыровіцкага манастыра дапоўнілі гісторыі некаторых музеяў, аднак многія старонкі гісторыя самой бібліятэкі яшчэ не запоўнены…

Пра тое, што кнігі – сапраўдная скарбніца ведаў чарговы раз нагадала і бібліятэкар першай катэгорыі Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі Г.А. Сцяпанчанка.

Ганна Аляксандраўна расказала пра супрацоўніцтва бібліятэкі з мясцовай царквой і яе святаром – Алексіем Талмазанам. Дзеці і дарослыя з задавальненнем чытаюць праваслаўную літаратуру. Дарэчы, у самой царкве таксама ёсць бібліятэка.

Ганна Аляксандраўна неабыякава ставіцца да гісторыі роднага краю, таму і занялася зборам інфармацыі, пачала супрацоўнічаць са святарамі, якія раней служылі ў храме. Супрацоўніцтва бібліятэкі і царквы вылілася ў грунтоўную працу, якая расказвае пра гісторыю храма і яго святароў.

  -- Пачынаючы працаваць над гісторыяй Спаса-Праабражэнскага храма Астрыны, мы не спадзяваліся на тое, што зможам сабраць вялікі матэрыял,  --  шчыра прызналася Г.А. Сцяпанчанка. – Натхняла толькі вера ў поспех задуманага і надзея на дапамогу людзей. Той матэрыял, які нам удалося сабраць, пераўзышоў усе нашы чаканні. Памяць жыве ў людзях. Дапамагалі нам з радасцю, распавядалі, паказвалі старыя здымкі, дзяліліся асабістымі ўспамінамі, раілі, да каго яшчэ можна звярнуцца.

Людзі звязваліся з бібліятэкарам праз інтэрнэт, тэлефанавалі і проста прыходзілі. І кожны нёс цікавыя звесткі. Так пачалі з’яўляцца старонкі летапісу і новыя цікавыя здымкі, пачалі занатоўвацца ўспаміны старажылаў.

 – Ніколі не ведаеш, адкуль можа прыйсці інфармацыя, -- заўважыла Г.А. Сцяпанчанка. – Аднойчы ў бібліятэку прыйшла дзяўчынка і прынесла нам звычайны сшытак з запісамі. Аказалася, гэта былі ўспаміны яе дзядулі пра адну з цэркваў раёна.

Першы экзэмпляр рукапіснага летапісу пра гісторыю Астрынскай царквы астрынчане перадаюць з рук у рукі... Другі – увесь час дапрацоўваецца і дапаўняецца. Бібліятэкары лічаць, што паставіць кропку ў гісторыі бадай немагчыма…

 

 …Сустрэча ў бібліятэцы прайшла ў надзвычай сяброўскай атмасферы.  Гучалі малітвы,  песні ў выкананні народнага ансамбля духоўнай музыкі “Преображение”. Трэба адзначыць, што дзяўчаты  вельмі чароўна спяваюць акапэльна! 

Усе, хто прыняў удзел у мерапрыемстве, засталіся ўражаны сустрэчай. Цікавыя гістарычныя звесткі і знаёмства з новымі кнігамі натхняюць і ўзбагачаюць духоўна.  

Ганна КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!