Моцныя духам не здаюцца

Сур’ёзная траўма, інвалідная каляска і пытанне: як жыць далей? Жыхарка аграгарадка Руткевічы Галіна Адаська даказала, што моцныя духам людзі не здаюцца, а інвалідная каляска зусім не перашкода для таго, каб браць ад жыцця ўсё.

Жыў сабе просты чалавек…
Галіну Адаську ведаюць многія. Гэта мілавідная жанчына з жыццесцвярджальнай усмешкай заражае пазітывам з самых першых хвілін сустрэчы. І толькі падчас тэт-а-тэт разумееш, якія нялёгкія выпрабаванні выпалі на яе долю.
Галіна Адаська родам з Воранаўскага раёна. Пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума накіравалася на працу ў эксперыментальную базу “Руткевічы”. Працавала ў гадавальніках, затым даяркай на ферме “Вярбілкі”. На Шчучыншчыне сустрэла сваё каханне – Валянціна. Маладой жанчыне здавалася, што жыццё будзе бязмежна шчаслівым, як у кіно: праца, любімы муж, два сыночкі – Андрэй і Валера…
“Кіна не будзе”
Той дзень, які раздзяліў яе жыццё на “да” і “пасля”, Галіна ўспамінае неахвотна. Яна проста ўпала з машыны, на якой перавозілі сена. На ногі падняліся ўсе, акрамя яе… Пасля – рэанімацыя, лячэнне і страшны вердыкт урача: інваліднасць. Тады Галіна зразумела, што “кіна не будзе”.
 – Мяне вельмі падтрымліваў муж, сястра, блізкія і родныя людзі, – успамінае падзеі тых дзён жанчына. – Вось толькі мне самой нічога не хацелася. Без чужой дапамогі я не магла нават павярнуцца... Калі трапіла ў Мінск на рэабілітацыю, давялося ўзяць сябе ў рукі. Гэта цяпер я важу 56 кілаграмаў. А тады ўрач, убачыўшы перад сабой 86-кілаграмовую жанчыну, не адразу паверыў, што мне 31 год. Прымусіў зрабіць… прычоску і скінуць вагу. Нягледзячы на тое, што са мной быў сын-падлетак, які дапамагаў, чым мог, усё давалася цяжка. Але я не зламалася.
Як навучыцца ў свеце жыць?
У хуткім часе, седзячы ў інваліднай калясцы, Галіна пачала іграць у валейбол і танцаваць беларускія народныя танцы. І нават з партнёрам на сцэне выступала! Калі вярнулася ў Руткевічы, стала прывыкаць да новага жыцця.
– Памятаю, як сын прыйшоў дадому ўвесь заплаканы – расказвае мая суразмоўца. – Пытаю, што здарылася, а ён кажа, што ўбачыў, як дзеці ядуць марынаваныя агуркі і так яму іх захацелася… Я тады з-за хваробы ўсё лета праляжала, і ў падвале ні слоічка не было. Наступным летам я рабіла ўсё: і агуркі, і варэнне, і кампоты… Сёлета два падвалы заставіла, сын жартуе, што на некалькі гадоў тых нарыхтовак хопіць!


Рух наперад
Усяго хапала ў жыцці. Часам крыўдзілі людзі вострым языком ды калючым словам. Толькі на такіх людзей Галіна не зважае. Кажа, што ў жыцці сустрэла больш добрых. Яе часта запрашаюць на разнастайныя мерапрыемствы, у госці. Галіна шмат падарожнічае. Прызнаецца, куды б сябры ні клікалі, усюды едзе. Да таго ж штогод наведвае санаторыі. Яна ўжо адпачывала ў Літве, Эстоніі, Грузіі, Грэцыі, Турцыі, Іспаніі…Як пацвярджэнне – працягвае мне заштампаваны пашпарт.
– А як вы дабіраецеся за мяжу? – пытаю ў маёй гераіні.
– За візу мне плаціць не трэба, а з транспартам сябры дапамагаюць, на “бусе” езджу.
Пра неба, зямлю і мора
Яшчэ раз пераконваюся, што, нягледзячы на інваліднасць, у людзей ёсць бязмежныя магчымасці. І Галіна сваім прыкладам гэта пацвярджае.
– Два гады таму здзейснілася мая мара, – раскрывае сакрэт гераіня. – Мне хацелася падняцца ў неба. Так і здарылася! У Літве мяне не проста ўзялі на борт самалёта, я… скокнула з парашутам! З інструктарам, канечне. Эмоцыі так перапаўнялі мяне, што я цалавала зямлю і крычала на ўвесь аэрадром аб тым, што мая мара збылася! У Эстоніі я плавала на караблі і лавіла рукой марскія хвалі, у Беларусі… каталася на матацыкле з байкерамі (дзякуй за такую магчымасць Дзмітрыю Панову)!
Яшчэ адна мара жанчыны ажыццявілася ў Шчучыне. Галіне вельмі хацелася, каб людзей з абмежаванымі магчымасцямі запрашалі на канцэрты з удзел зорак беларускай і замежнай эстрады. Дырэктар РЦКіНТ С.П. Жвірбля не адмовіла. Цяпер Галіна і яе сябры – заўсёднікі канцэртаў!
Дзякуй добрым людзям!
Шмат цёплых слоў выказала Галіна ў адрас старшыні Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчніка.
– Памятаю нашу першую сустрэчу з Сяргеем Васільевічам, – успамінае Галіна. – Праз некалькі хвілін размовы зразумела, што перада мной чалавек адкрыты і шчыры, якому можна верыць. Я прасіла зрабіць дарожку да магазіна. Ён паабяцаў, што наступным разам сустрэнемся ў Руткевічах і вырашым пытанне. Слова сваё стрымаў, за што я яму вельмі ўдзячна!
З цеплынёй гаворыць жанчына пра загадчыцу аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Аксану Шостак, работнікаў ТЦСАН, ЦРБ, святароў касцёла Святой Тэрэзы Авільскай. Яна ўсіх ведае і, падаецца, сябруе з усім светам!
– Я стараюся дапамагаць чым магу ўсім, хто патрабуе маёй дапамогі. Часта знаёмыя просяць вырашыць якія-небудзь бытавыя праблемы, адшукаць майстра добрага ці ўрача выклікаць. Кажуць, у мяне гэта хутчэй атрымаецца (усміхаецца). Радую і незнаёмых людзей. Напрыклад, сваю старую каляску аддала адной пажылой жанчыне, другой дапамагла памперсамі. Бальніцы падаравала некалькі дзясяткаў камплектаў бялізны і матрац. І гэта ўсё проста так, без грошай. Паверце, не ў іх шчасце. Я вельмі люблю дарыць падарункі, асабліва тыя, што зроблены сваімі рукамі. Я шмат вяжу, пляту сувеніры с газетных трубачах. Я не лічу сябе інвалідам і шмат чаго раблю сама: гатую, мыю, прыбіраю, агарод саджу, праполкай займаюся, езджу ў магазін і на базар. Добра было б, каб усюды стварылі безбар’ернае асяроддзе, гэта значна палепшыла бы нам жыццё. Да прыкладу, хацелася б, каб у Рэзах можна было спакойна заязджаць на бардзюр і па шчучынскіх крамах без перашкод перамяшчацца...
Жыццесцвярджальнае
Гонар Галіны – яе дзеці, нявестка, два ўнукі, родныя і сябры, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. А яшчэ яна ганарыцца… калекцыяй слонікаў-сувеніраў, якіх ужо ажно 109 штук! Есць у Галіны і прыгожая мара. У студзені яна адзначае свой 50-гадовы юбілей і хацела б убачыць Шчучын і родныя Руткевічы з вышыні птушынага палёту…
– Нягледзячы ні на што, нельга падаць духам і замыкацца ў сабе, – параіла Галіна. – Я бяру ад жыцця ўсё і кожнаму раю так рабіць!
Сустрэча яшчэ раз прымусіла мяне задумацца над жыццём. Людзі з інваліднасцю нічым не адрозніваюцца ад нас, проста да іх павінны быць асаблівы падыход. Нам трэба найперш бачыць іх магчымасці і таленты, і ў апошнюю чаргу іх недахопы. Да таго ж, згадзіцеся, яны ёсць у кожнага з нас. Абмежаваныя фізічна, людзі з інваліднасцю не абмежаваны духоўна. Нам ёсць чаму ў іх павучыцца, хаця б жаданню жыць і цаніць кожны новы дзень.


Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара і з архіва Галіны Адаська.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!