Майстар – залатыя рукі. У Віктара Струпінскага з Каменкі заўжды творчы настрой

 

Цяжка знайсці той напрамак работы, з якім бы не справіўся жыхар аграгарадка Каменка Віктар Струпінскі. Без перабольшвання, за што б ні ўзяўся гэты таленавіты чалавек – у яго ўсё атрымаецца. Дрэва пяе ў ягоных руках, метал і камень – слухаюцца, а самы смелы палёт фантазіі абавязкова матэрыялізуецца і адгукнецца ў дэкаратыўным або ўпаўне функцыянальным вырабе такой прыгажосцю, такой эстэтыкай, што толькі ахнеш! Ён умее рамантаваць аўтамабілі, сталярнічаць, шыць, маляваць…

 

44 гады Віктар Часлававіч прысвяціў выхаванню падрастаючага пакалення. Ён – адзін з лепшых настаўнікаў працоўнага навучання. Да ўсяго выкладаў чарчэнне і выяўленчае мастацтва ў Каменскай СШ, а з нядаўняга часу знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

 

 

– Вядома, я вельмі сумую па вучнях, памятаю пра здольнасці кожнага і ад душы жадаю, каб рабяты мелі магчымасць у дарослым жыцці рэалізаваць свой творчы досвед, – гаворыць В.Ч. Струпінскі.

 

Сапраўды, як здорава, што ягоны сын Павел, які з дзяцінства літаральна на ляту перахапляў усе бацькавы навыкі і ўменні, стаў прафесіяналам-чырванадрэўшчыкам! Ва ўтульным доме Струпінскіх, бы ў самабытным музеі – дызайнерскі інтэр’ер, над якім працавалі бацька і сын, арыгінальная мэбля, зробленая сваімі рукамі, роспіс на тынкоўцы з гарадскім пейзажам рамантычнай Венецыі, афармленне сцен з дапамогай гіпсакартону, што ўспрымаюцца як вельмі гарманічнае і натуральнае аздабленне…

 

У рэшце рэшт тут не прападзе ніякі матэрыял, а ўжо кавалак старога дрэва дакладна стане творам мастацтва! Неяк трапілі на вока Віктару Часлававічу лагі з колішняй разабранай падлогі: некалькі дзён працы – не столькі карпатлівай, як натхнёнай – і ператварыліся тыя старажытныя бярвенні ў каларытны кухонны гарнітур, дзе арыгінальны абедзенны столік дапаўняюць высокія табурэткі ў стылі лофт. Пачаставацца гарбаткай з зёлак у такой атмасферы – значыць, адпачыць душой.

 

У гасцёўні мастака мноства эскізаў, замалёвак, праектаў…

 

– У апошнія гады ў нас ўсталяваўся творчы альянс з кавалём са Стараўшчыны Армэнам Васільянам. Мы вельмі пасябравалі і ў творчым плане ўдала дапаўняем адзін аднаго, – дзеліцца Віктар. – Я раблю эскізы і трафарэты, а Армэн пераносіць іх на метал. Скульптуры і пано, малыя архітэктурныя формы ўпрыгожваюць вытворчыя аб’екты ААТ “Дэмбрава”, прыцягваюць увагу на ўездзе на тэрыторыю гэтай гаспадаркі з боку цэнтральнай магістралі М-6.

 

Што й казаць, шчодра надзяліў Усявышні здольнасцямі гэтага чалавека. Зразумела, што ў кожным выпадку мала аднаго таленту: ён заўжды памножаны на вялікую працавітасць.

 

– Гэта ўсё ад дзядулі-каваля, які, кажуць, прама з кузні выйшаў сустракаць мяне, немаўлятку, з роддома і ўзяў у свае магутныя рукі, блаславіўшы працягваць усе сямейныя ўмельствы. Так яно і выйшла. А галоўнае, што я здолеў перадаць свае навыкі многім і многім маладым людзям, – без усялякага пафасу гаворыць В.Ч. Струпінскі.

 

Прыемна было разглядаць сувеніры, зробленыя рукамі вучняў Віктара Часлававіча, а на адным з прыгожых драўляных падарункаў быў надпіс-прысвячэнне: лепшаму настаўніку. І тут ужо ўсё зразумела без слоў.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!