Машына часу Настассі Ганцэвіч

Гэта прыгажуня з лёгкасцю магла б стаць цудоўнай мадэллю для любога фатографа, аднак яна сама глядзіць на свет праз аб’ектыў фотаапарата. Фотаздымкі шчучынкі Настассі Ганцэвіч цікавыя, яркія і дынамічныя, як і сама дзяўчына.
– Усё пачалося з падоранага фотаапарата. Першымі трапілі ў яго аб’ектыў сяброўкі, – расказвае Насця. – Здымала шмат. Калі я пераглядала фотаздымкі, пачала заўважаць, што некаторыя з іх асаблівыя. Так я і зацікавілася фатаграфіяй.
Насці падабаецца праглядаць здымкі, зробленыя некалькі гадоў таму. Яно і не дзіўна: фота – выдатны спосаб захаваць успаміны на доўгую памяць. Дзяўчына прызнаецца, што фотаархіў для яе – своеасаблівая машына часу, якая вяртае ў мінулае.


Насця, як і ўсе фатографы, бачыць свет праз аб’ектыў крышку іншым, своеасаблівым.
– Кожны чалавек бачыць свет па-рознаму і праз фотаздымак спрабуе перадаць тое, як ён яго адчувае. Таму ён і прымушае глядзець на ўсё куды больш уважліва, шукаць нешта незвычайнае і дзіўнае здавалася б у звычайных рэчах.
І Насця шукае. Шчучын, як і любы іншы горад, адметны сваімі прыгожымі месцамі, гісторыяй і славутасцямі. Можа таму кожны выхад фотааматара ў горад дорыць новыя прыгожыя здымкі. Здавалася б, самалёт, вежа з гадзіннікам, возера ўжо здымалі столькі раз, што знайсці новы ракурс немагчыма. Аднак Насці гэта ўдаецца.
 – Я знаходжуся кожны дзень у пошуку натхнення і адкрываю для сябе нешта новае, –гаворыць фотааматар.
Насці падабаецца здымаць не толькі родныя мясціны, але і людзей. Яна пераканана, што галоўнае – знайсці да кожнага чалавека свой падыход, агульную мову, стварыць жывую і прыемную атмасферу. Тады і здымкі атрымаюцца па-сапраўднаму жывымі.


 Сама Насця таксама трапляе ў кадр…свайго фотаапарата – балазе век тэхналогій гэта дазваляе! Шмат увагі дзяўчына ўдзяляе апрацоўцы сваіх фотаздымкаў.
 – На мой погляд, апрацоўка з’яўляецца адным з найважнейшых этапаў у стварэнні фотаздымка. Гэта нейкае мастацтва, што патрабуе пэўных ведаў. Апрацоўцы фота я ўдзяляю дастаткова шмат часу. Але заўсёды памятаю, што на ўсё ёсць мера. Любое фота павінна выглядаць натуральна і рэалістычна.
Аб чым марыць фотааматар? Прыняць удзел у выставе, дзе змагла б атрымаць вопыт і новыя веды, а таксама завесці цікавыя знаёмствы. А яшчэ Насця хацела б зрабіць нейкі нечаканы для сябе і іншых здымак, які зможа перадаць глыбокі сэнс і прымусіць над чымсьці задумацца.


 Фатаграфія – гэта не адзіная любоў Настассі Ганцэвіч. Дзяўчына – сертыфікаваны майстар па шугарынгу (цукровая дэпіляцыя) і масажу.
 – Я вельмі рада, што знайшла сябе ў данай сферы, бо гэта пастаянныя знаёмствы, зносіны, удзячныя і задаволеныя кліенты і добры настрой на кожны дзень.
На пытанне, што для яе фотасправа, Насця адказала проста:
– Мне здаецца, калі ты валодаеш, неабходнымі ведамі і тэхнікай, то гэта чараўніцтва – любое фота ператвараць у мастацтва!
Ганна КАСПЕР.
Фота Настассі ГАНЦЭВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!