Малако пойдзе ў плюс. Новыя аб’екты малочнай вытворчасці з’явяцца сёлета ў нашым раёне

 

Вытворчасць малака з’яўляецца надзвычай важным кірункам сельскай гаспадаркі нашага раёна. Для таго, каб не толькі трымаць высокія паказчыкі, але і павышаць надоі, на Шчучыншчыне рэгулярна праводзіцца рэканструкцыя малочнатаварных комплексаў. Не выключэннем стане і 2025 год, бо сёлета малочная вытворчасць нашага раёна прырасце новымі аб’ектамі.

 

У КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” працягваецца грунтоўная рэканструкцыя малочнатаварнага комплексу “Агароднікі”. Падраднай арганізацыяй на будаўніцтве выступае ААТ “Стройвектар” з Ліды.

 

Праект рэканструкцыі прадугледжвае ўзвядзенне фермы з кароўнікам на 388 галоў і сучасным даільна-малочным блокам. Дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю ў снежні і студзені будаўнікі змаглі завяршыць вонкавыя работы і перайсці да ўнутраннай аддзелкі памяшканняў новых будынкаў. Работы ідуць з апярэджаннем графіка, таму няма сумненняў, што запланаваная на чэрвень здача аб’ектаў адбудзецца ў тэрмін.

 

 

Як адзначае прараб Аляксандр Рэміковіч, узвядзенне кароўніка ўжо практычна завершана, зараз будаўнікі засцілаюць гумавыя дываны і чакаюць пастаўкі кіслотаўпорнай пліткі для кармавога стала.

 

Актыўна вядуцца аддзелачныя работы ўнутры даільна-малочнага блока. На аб’екце ўжо маюцца халадзільныя ўстаноўкі, у хуткім часе прыедуць спецыялісты, якія ўстановяць даільнае абсталяванне.

 

 

Таксама ў рамках рэканструкцыі на тэрыторыі МТК “Агароднікі” былі пабудаваны дзве сянажныя ямы, кацельня і зроблена бетоннае пакрыццё. Акрамя чыставых работ унутры памяшканняў будаўнікам застаецца яшчэ завяршыць устаноўку агароджы вакол фермы і давесці да ладу дэзбар’ер.

 

Завяршылася будаўніцтва новых аб’ектаў і на тэрыторыі малочнатаварнага комплексу “Мураўёўка” ААТ “Дэмбрава”. Тут з’явіліся новы кароўнік на 280 галоў і даільна-малочны блок.

 

 

Памяшканні ўжо практычна гатовыя прыняць жывёл, чакаецца, што першая партыя з 72 кароў паселіцца тут ужо на наступным тыдні. Цалкам запоўніць кароўнік плануецца да мая.

 

Дарэчы, новыя будынкі на МТК “Мураўёўка” ўзводзіліся па новым праекце з металаканструкцый і з тэнтавым дахам. Галоўная асаблівасць такіх будынкаў – хуткасць і таннасць узвядзення. Акрамя таго, ў такіх кароўніках паляпшаецца паветраабмен, што станоўча ўплывае на камфорт утрымання жывёлы.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!