Зберагаючы прыроднае багацце. 5 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень аховы навакольнага асяроддзя

 

5 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень аховы навакольнага асяроддзя. Нам, жыхарам Шчучынскага раёна, моцна пашанцавала з прыродным багаццем. Велічныя лясы, бурлівыя рэкі, багатыя рыбай азёры, разнастайны раслінны і жывёльны свет – усё гэта нам дасталася ў спадчыну ад продкаў, і наша задача – перадаць гэты скарб нашчадкам.

 

Пастаяннай і мэтанакіраванай прыродаахоўнай дзейнасцю на Шчучыншчыне займаецца раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 

Напярэдадні Міжнароднага дня аховы навакольнага асяроддзя супрацоўнікі інспекцыі і Рэспубліканскага заказніка “Котра” сумесна з экаваланцёрамі правялі рамонт і добраўпарадкаванне экалагічнай сцежкі “Івачэ-Котра”. На працягу маршруту былі ўсталяваны малыя архітэктурныя формы, абсталявана мангальная зона і аглядная пляцоўка.

 

 

Як адзначае начальнік прыродаахоўнай інспекцыі Іван Венцковіч, падобнае мерапрыемства з’яўляецца традыцыйным, аднак сімвалічна тое, што яно прайшло напярэдадні Міжнароднага дня аховы навакольнага асяроддзя.

 

– Шчучынская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выконвае шырокі спектр задач, – адзначае Іван Венцковіч. – Галоўная задача – гэта кантроль за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства і рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў. Кантралююцца водныя рэсурсы, нетры, раслінны і жывёльны свет, атмасфернае паветра. Вялікая ўвага надаецца заказнікамі і ахоўным прыродным тэрыторыям.  Таксама ў сферу дзейнасці раённай інспекцыі ўваходзіць правядзенне розных мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне экалагічнай абстаноўкі на Шчучыншчыне, экалагічнае выхаванне і адукацыя, прапаганда ведаў аб навакольным асяроддзі.

 

Штогод школьнікі, грамадскія эколагі і прадпрыемствы нашага раёна ўдзельнічаюць у разнастайных экалагічных конкурсах, займаючы прызавыя месцы. Напрыклад, сёлета вучаніца гімназіі горада Шчучына і кіраўніцтва ДЛГУ “Шчучынскі лясгас” былі ўзнагароджаны граматамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, Шчучынскі лясгас ужо другі год запар становіцца пераможцам у конкурсе па скарачэнні выкідаў ад механічных транспартных сродкаў.

 

Шчучынскі раён традыцыйна з’яўляецца адным з лідараў у вобласці па ўкараненні экалагічных праектаў і ініцыятыў. У раёне паспяхова працуюць тры сонечныя электрастанцыі, біягазавыя ўстаноўкі па перапрацоўцы біялагічных адходаў, ажыццяўляецца перапрацоўка і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў.

 

 

– У Міжнародны дзень аховы навакольнага асяроддзя хацелася б падзякаваць усім дарослым і дзецям, якія бяруць удзел у мерапрыемствах экалагічнай накіраванасці, – кажа Іван Венцковіч. – Віншую грамадскіх эколагаў, валанцёраў і проста неабыякавых людзей, якія аказваюць нам штодзённую дапамогу ў ахове прыроды. Хачу таксама павіншаваць і пажадаць моцнага здароўя былым супрацоўнікам інспекцыі Аляксандру Сушчэвічу, Нікадзіму Майко і Яўгенію Каціле.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота з архіва раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!