Любіць зямлю, раскрываючы турыстычны патэнцыял. Даведаліся, як сям’я Трусілаў развівае ў Тур’і аграэкатурызм
Любіць родную зямлю і паказваць яе прыгажосць іншым – справа надзвычай важная і патрэбная, лічыць Іосіф Трусіла. Разам з жонкай Марыяй яны трымаюць адзіную ў Тур’і аграэкасядзібу “d50”, якая, дарэчы, карыстаецца папулярнасцю сярод жыхароў нашага раёна. Цікава, што адкрыць сваю справу сям’я Трусілаў вырашыла пасля выхаду на пенсію, але гэта ніяк не перашкаджае ім развівацца і намячаць смелыя планы на будучыню.
Іосіф Вацлававіч чалавек мясцовы, ён нарадзіўся ў Тур’і ў 1951 годзе. Скончыўшы школу № 1 горада Шчучына, адпрацаваў год на пілараме. Пасля чаго, назбіраўшы грошай, паехаў вучыцца ў Омск на інжынера-механіка.
– Пасля вучобы тры гады адпрацаваў па размеркаванні ў Цюменскай, Пермскай і Свярдлоўскай абласцях на будаўніцтве газа- і нафтаправодаў. Але мяне цягнула на радзіму, адчуваў невыносную настальгію па родных мясцінах і таму ў 1977 годзе я вырашыў вярнуцца ў Шчучынскі раён. Працаваў у аўтапарку № 12, дзе 30 гадоў займаў пасаду намесніка дырэктара па перавозках.
Пасля вяртання на радзіму Іосіф Трусіла хутка знайшоў сваё каханне, пра гэта ён расказвае з усмешкай на твары:
– Вось так атрымалася: праехаў амаль увесь Савецкі Саюз, а жонку знайшоў у роднай вёсцы, ды мала таго, ажаніўся з дзяўчынай з суседняга дома.
Дом той, дарэчы, і дагэтуль стаіць, хоць і быў пабудаваны ў 1912 годзе. Вясковая хата стварае добрую атмасферу і каларыт на тэрыторыі аграэкасядзібы.
Рашэнне пачаць сваю справу для сям’і Трусілаў было сумесным. Пасля выхаду на пенсію ў Іосіфа і Марыі паўстала пытанне, а чым займацца далей? Не хацелася сядзець без занятку, таму вырашылі развіваць аграэкатурызм.
Улічваючы блізкую адлегласць да Шчучына, сядзіба “d50” карыстаецца папулярнасцю сярод жыхароў нашага раёна, бываюць тут кліенты і з суседніх райцэнтраў. Акрамя таго, турыстаў прываблівае прырода. Сядзіба знаходзіцца ў прыгожай мясціне каля берага ракі Тур’я, якая сілкуе Нёман. Як адзначае Іосіф Трусіла, вёска пачыналася менавіта з гэтага месца. Калісьці тут было вялікае возера, пра яго зараз нагадвае стары млын, які працаваў ад энергіі вады.
– Возера вялікае было, да суседняй вёскі падыходзіла, – узгадвае Іосіф Вацлававіч. – Памятаю, аднойчы вясной, калі мне было гадоў шэсць, напэўна, крыгаходам разбіла драўляны мост-плаціну. Раней тут было шмат рыбы, людзі карміліся. А як плаціну разбіла, то вада з возера літаральна за некалькі гадзін уцякла.
На тэрыторыю сядзібы ў госці час ад часу завітваюць казулі. Чамусьці ім падабаецца гэтае месца, магчыма, прычына ў яблынях, якія растуць непадалёку.
– У нас адзначаюць вяселлі і дні нараджэння. Да нас часта прыязджаюць сем’і з дзецьмі. Малодшае пакаленне сёння слаба разбіраецца ў навакольным асяроддзі, таму я іх знаёмлю з прыродай Беларусі на прыкладзе Тур’і. Расказваю пра дрэвы, жывёл і агракультуры, а яны ўсім цікавяцца і пра ўсё пытаюць. Такім чынам знаёмлю дзяцей з прыгажосцю нашай краіны, – дзеліцца Іосіф Трусіла.
Адначасова сядзіба “d50” можа прыняць да 30 чалавек. Тут ёсць сучасная лазня з зонай адпачынку, кухняй, купеллю і караоке. У прасторнай альтанцы можа размясціцца вялікая кампанія. Таксама для турыстаў абсталяваны стол для міні-тэніса.
– Думаем развівацца, – кажа Іосіф Вацлававіч. – Ужо пачынаем будаваць гасцявы домік, каб наведвальнікі маглі з камфортам пераначаваць. Плануем на тэрыторыі абсталяваць дзіцячую пляцоўку з арэлямі і батутамі. Хутка зробім навес для мангалаў.
Вось так у Тур’і, з любоўю да роднага краю, сям’я Трусілаў развівае аграэкатурызм. Верым, што іхняя справа будзе развівацца і далей, а турысты працягнуць пазнаваць цудоўную прыроду Шчучынскага сельсавета.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.