Лёд, зіма, канькі, хакей: “Арляняты”, весялей!
Так гучыць дэвіз Орлеўскага дз/с-СШ, які заўсёды быў навучальнай установай, дзе спорт займае адно з галоўных месцаў. Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя тут актыўна папулярызуюць сярод вучняў здаровы лад жыцця.
Сярод выпускнікоў школы ёсць майстры і кандыдаты ў майстры спорту, прызёры чэмпіянатаў Беларусі. Больш за дзесяць выпускнікоў атрымалі адукацыю па спецыяльнасці “Настаўнік фізічнай культуры і здароўя”. Неаднойчы школьная каманда станавілася пераможцай раённай спартакіяды, лёгкаатлетычнага кросу, спаборніцтваў па валейболе, баскетболе, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па футболе “Каласок” і “Скураны мяч”.
Асаблівых поспехаў дасягнулі юныя хакеісты Орлеўскага дз/с-СШ. На першыя сур’ёзныя абласныя спаборніцтвы ў 2004 годзе выхаванцы трэнера Уладзіміра Хэлскага прыехалі з самаробнымі шчыткамі, а канькі для рабят збіралі ўсім раёнам. Тады “Арляняты” змаглі заняць толькі пятае месца. Ужо праз год яны ўвайшлі ў тройку прызёраў і атрымалі ў падарунак 15 камплектаў новай формы.
У 2007 годзе на абласных спаборніцтвах орлеўскія хакеісты не пакінулі ніводнага шанцу сваім сапернікам з Ашмянскага раёна. Перамога з лікам 5:1 стала сенсацыяй. Праз некалькі дзён “Арляняты” ўжо абаранялі гонар Гродзенскай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах “Залатая шайба” ў Брэсце. Тады яны занялі чацвёртае месца.
У 2017 годзе была дасягнута адна з самых значных перамог у гісторыі хакейнай каманды “Арляняты” – 1-е месца ў рэспубліканскіх фінальных спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у дывізіёне “Б”. Тады чатыры ігракі орлеўскай зборнай атрымалі асабістыя ўзнагароды і былі прызнаны мацнейшымі ў краіне. Праз год “Арляняты” пацвердзілі тытул чэмпіёнаў Беларусі.
Пра гэта і многае іншае з гісторыі хакейнай каманды “Арляняты” ішла размова падчас прэзентацыі вынікаў работы па фарміраванні станоўчага іміджу Орлеўскага дз/с-СШ. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Жанна Мецько і кіраўнікі школ раёна.
Госці адразу зразумелі, што сапраўды знаходзяцца ў школе дзіцяча-юнацкага хакею. Гэтаму садзейнічала афармленне навучальнай установы: эмблема “Арлянят” на кветніку, снегавікі ў форме хакеістаў ля ўваходу, банер на сцяне і вітрына са шматлікімі ўзнагародамі ў фае.
На прыступках школы гасцей сустрэлі хакеісты каманды “Арляняты” ў бела-блакітнай форме з клюшкамі ў руках. Дырэктар школы і нязменны трэнер “Арлянят” Уладзімір Хэлскі пазнаёміў удзельнікаў мерапрыемства з асноўнымі этапамі праекта “Развіццё дзіцяча-юнацкага хакею ва ўмовах аграгарадка”, які рэалізуецца тут з 2018 года. У яго рамках прайшлі два адкрытыя раённыя турніры па хакеі “Залатая шайба”, сямейны конкурс для матуль юных хакеістаў “Лэдзі Хакей”, спартыўна-забаўляльная праграма для дзяўчынак “Міс Хакей”, тэматычнае свята “Орлеўскі хакей”. У школе распрацавана і прадстаўлена сувенірная прадукцыя для рэкламы каманды “Арляняты”. Аб поспехах орлеўскай хакейнай дружыны не раз гаварылася на беларускім тэлебачанні ў праграме “Надзея на сяло”, на старонках газет “Гродзенская праўда” і “Дзянніца”, у школьнай газеце “Школа над Нёманам”.
Напрыканцы сустрэчы “Арляняты” арганізавалі для гасцей майстар-клас гульні ў хакей на лядовай пляцоўцы. Бліскучы лёд, лёгкі мароз, музыка і майстэрская гульня юных спартсменаў падарылі ўдзельнікам мерапрыемства радасны і бадзёры настрой.
Сёння хакей з’яўляецца самым папулярным відам спорту сярод орлеўскіх школьнікаў. Гэта захапленне перадаецца з пакалення ў пакаленне. Кожны тутэйшы першакласнік імкнецца хутчэй надзець канькі, выйсці на лёд і забіць у вароты першую шайбу, як гэта некалі зрабіў яго старэйшы брат або бацька. І гэтыя дзіцячыя мары знаходзяць гарачую падтрымку ў сям’і.
Адміністрацыя Орлеўскага дз/с-СШ шчыра запрашае ўсіх жадаючых наведаць школьную лядовую пляцоўку, якая працуе штодзённа з 9.00 да 22.00. Спартыўны азарт, добры настрой, здароўе і цудоўны адпачынак вам гарантаваны!
Савет Орлеўскага дз/с-СШ.