Лепшы повар “Белкааперацыі” працуе ў шчучынскім кафэ “Залаты бераг”. Даведаліся, рэцэпт поспеху і прафесійнага прызнання ў Алены Улей

 

Нядаўна Алене Улей па выніках работы за 2019 год было прысуджана ганаровае званне “Чалавек года” ў намінацыі “Лепшы повар”. Гэты карпаратыўны конкурс ужо стаў традыцыяй у сістэме “Белкааперацыі” і набыў рэспубліканскі маштаб. За пальму першынства змагаюцца прафесіяналы з усёй Беларусі, аднак перамагла сёлета наша зямлячка – шэф-повар кафэ “Залаты бераг” Алена Улей. 

 

А ўсё таму, што беларускія прысмакі па народных рэцэптах у яе “фірменным почырку” суседнічаюць з інавацыямі і сучаснымі тэхналогіямі прыгатавання страў. Да ўсяго, умее Алена Станіславаўна не проста смачна прыгатаваць, але і прыгожа аформіць ды падаць свае кулінарныя шэдэўры. Зрэшты, наведвальнікі кафэ, ацаніўшы камплімент ад шэф-повара, падходзяць, каб выказаць словы падзякі і папрасіць … рэцэпцік. Наша гераіня сустракае такіх аматараў добрай усмешкай і, вядома ж, нікому не адмаўляе. Выключная дабрыня – таксама характэрная рыса гэтай абаяльнай жанчыны.

 

 Сёння Алена Улей шчодра дзеліцца з маладымі спецыялістамі, што прыходзяць на працу ў Шчучынскі філіял аблспажыўтаварыства, багатым досведам і майстэрствам, бо за плячыма майстра ўжо салідны стаж. Працоўную дзейнасць Алена пачынала яшчэ ў 1987 годзе кухарам на прадпрыемствах грамадскага харчавання ў Гродне, дзе нейкі час нават давялося праходзіць практыку ў знакамітым рэстаране “Беларусь”.

 

– Колькі жыву – столькі вучуся, – раскрывае сваё крэда наша суразмоўца. – Спачатку закончыла гандлёва-кулінарнае вучылішча ў абласным цэнтры, пазней – Баранавіцкі кааператыўны тэхнікум і атрымала дыплом тэхнолага. Зараз з задавальненнем удзельнічаю ў семінарах і прафесійных конкурсах, усемагчымых кірмашах-выставах. Да таго ж вельмі развівае інтэрнэт, дзе сабраны лепшы вопыт, часта ўношу штосьці сваё ў базавыя рэцэпты, бо мне цікава эксперыментаваць, творча падыходзіць нават да самай руціннай работы… 
У свой час Алена Улей заняла першае месца ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства ў Мінску і ёй было прысуджана прэстыжнае званне “Майстар-повар”, і вось зноў новая перамога. Зусім невыпадковая, бо за званнем “Чалавек года” стаіць напружаная вытворчая праца і работа над сабой. Дарэчы, у Шчучынскім філіяле аблспажыўтаварыства адзначаюць, што гэты высокакласны спецыяліст “Залатога берага” актыўна ўдзельнічае ў распрацоўцы новых рэцэптаў, і на працягу мінулага года з непасрэднай падачы Алены Улей было зацверджана і ўключана ў меню больш за два дзясяткі страў і кулінарных вырабаў. 

 

 

– Мы робім акцэнт не толькі на абедах і банкетах ў кафэ, але і гатуем багата паўфабрыкатаў для рознічнага гандлю, каб хоць крыху разгрузіць нашых вельмі занятых жанчын, – адзначае Алена Станіславаўна. – Галубцы, пельмені, рулеты і іншыя стравы карыстаюцца попытам, бо мы робім іх па-хатняму, як гатавалі б для сябе і сваіх блізкіх, да таго ж цэны досыць памяркоўныя. У апошні час шчучынцы сталі заказваць “ссабойкі” на пікнікі. Ахвотна падхапілі і гэты накірунак, раз ён запатрабаваны. Увогуле вельмі важна быць са сваім кліентам на адной хвалі. Густы ў людзей пастаянна мяняюцца. Яшчэ нядаўна ў меню дамініравалі мясныя стравы, а зараз многія аддаюць перавагу рыбе, у трэндзе стравы з агародніны. 

 

А вось што застаецца нязменна любімым для наведвальнікаў кафэ, дык гэта беларуская народная кухня, падкрэсліла шэф-повар “Залатога берага”. Сваю задачу Алена Улей бачыць яшчэ і ў тым, каб захаваць гэту спадчыну як частку нашай культуры. У Алены Станіславаўны цудоўна атрымліваюцца запечаная кішка з цёртай бульбай, дранікі з мачанкай, клёцкі і многія іншыя прабабуліны прысмакі. 

 

– Мой поспех – гэта поспех майго калектыву, – лічыць “Чалавек года” Алена Улей. – “Мазгавы штурм” перад кожным адказным мерапрыемствам мы праводзім разам з маёй зменшчыцай, вопытным і творчым майстрам Валянцінай Шарупскай. Радуюць сваёй неабыякавасцю і жаданнем усё рабіць на ўзроўні і малодшыя калегі – повары Марыя Мармыш, Юлія Петушок, Вольга Сямёнава. Увогуле літаральна ўсе – і бармэн Андрэй Волчак, і нашы афіцыянты – працуюць на імідж кафэ, а магчыма, і на візітоўку ўсяго нашага горада. 

 

Дарэчы, добрасумленную работу повара 6-га (самага высокага!) разраду Алены Улей адзначае ўзнагародамі не толькі кіраўніцтва філіяла. У адрас Алены Станіславаўны ў спецыяльнай кнізе заўваг і прапаноў запісана мноства падзяк ад людзей, якія частаваліся ў “Залатым беразе”. І сярод гэтых наведвальнікаў былі дыпламаты, артысты, спартыўныя каментатары… Усё ж як ні круці, а шлях да сэрца іншы раз сапраўды ляжыць праз наш страўнік.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!