“Музыка восені” гучыць у Шчучыне. У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў фестываль для людзей мудрага ўзросту

 

Творчы імпэт, шчырыя размовы і радасць сустрэчы напоўнілі сёння канцэртную залу Шчучынскага цэнтра культуры і народнай творчасці. А ўсё таму, што Шчучыншчына прыняла ўдзельнікаў і гасцей фестывалю творчасці пажылых людзей "Музыка восені".

 

Абласны фестываль сабраў шмат гледачоў, удзельнікаў і ганаровых гасцей з усёй Гродзеншчыны. Для ўдзельнікаў мерапрыемства ў фае цэнтра культуры і народнай творчасці разгарнуліся цікавыя тэматычныя пляцоўкі. Пажылыя жыхары і госці Шчучыншчыны мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Напаўнялі прастору цудоўнай музыкай навучэнцы Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў. Пазнаёміцца з культурай і звычаямі нашай зямлі можна было ў зоне цэнтра рамёстваў. Паралельна працавала выстава вышыўкі і малюнкаў. Вялікай папулярнасцю карысталася фотазона, зробленая адмыслова да фестывалю.



 

Як адзначыў старшыня абласнога савета ветэранаў Іван Тустаў, фестываль “Музыка восені” – гэта цудоўнае завяршэнне дэкады “Залаты ўзрост”, якая прысвечана Дню пажылых людзей.

 

– Фестываль “Музыка восені” з’яўляецца важным мерапрыемствам, якое мае на мэце сабраць людзей мудрага ўзросту разам, каб яны маглі сустрэцца, пагутарыць. Яшчэ ён выступае добрай пляцоўкай, на якой калектывы з усёй вобласці могуць паказаць свае творчыя здольнасці, сваё мастацтва. Тым самым мы імкнемся правесці культурную праграму, аб’яднаць людзей з агульнымі інтарэсамі і нават паказаць моладзі свае магчымасці, даць ім наказ на добрую будучыню, – падкрэсліў Іван Тустаў.

 

 

Адкрывалі фестываль намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк і старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі.

 

– У 1990 годзе на Генеральнай Асамблеі ААН было прынята рашэнне аб заснаванні новага свята – Дня пажылых людзей, – звярнуўся да прысутных Віктар Пранюк. – Свята вельмі важнае, бо тады была абазначана праблема хуткага старэння насельніцтва. Але любая праблема мае сваё рашэнне. І нават калі рашэнне цяжкае, то трэба вынесці правільныя ўрокі. У нашай дзяржаве было прынята рашэнне выкарыстоўваць патэнцыял пажылых людзей у развіцці краіны. Канечне, ў гэтым плане складана казаць пра эканоміку, але вы робіце шмат для культурнага і сацыяльнага развіцця Беларусі. У гэтых сферах ваш досвед і ўнёсак неацанімыя.

 

 

Аляксей Садоўскі адзначыў, што досвед і падтрымка пажылых людзей вельмі важная для маладога пакалення. Сваім прыкладам старэйшыя людзі натхняюць астатніх на лепшыя ўчынкі.

 

– Хачу пажадаць невычарпальнай жыццёвай энергіі, заставайцеся такімі ж актыўнымі, як сёння, і зараджайце радасцю ўсіх навокал, – падсумаваў старшыня райвыканкама.

 

Пасля Віктар Францавіч і Аляксей Валянцінавіч уручылі заслужаныя ўзнагароды. Так, Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў былі адзначаны жыхары Шчучыншчыны Ніна Ліпская і Мікалай Бекіш.

 

 

І вось на сцэну выходзяць канкурсанты. Розныя па рэпертуары і максімальна шчырыя ў выкананні творы не маглі пакінуць поўную залу гледачоў абыякавымі. Гучнымі апладысментамі сустракалі і праводзілі калектывы з розных раёнаў вобласці.

 

 

Кранальныя вершы, душэўныя песні і захапляльныя танцы дэманстравалі ўдзельнікі фестывалю. Хтосьці спрабаваў здзівіць членаў журы прыгожымі касцюмамі, нехта рабіў стаўку на акторскае майстэрства. Але ўсё выступы былі цікавымі і былі вартымі перамогі. Класічныя, народныя і сучасныя творы ў выкананні калектываў з усёй Гродзеншчыны даказвалі, што старэйшае пакаленне ў плане творчасці можа даць фору нават моладзі.

 

 

Напрыканцы фестывалю сваю творчую праграму гледачам і ўдзельнікам падарылі артысты Шчучынскага цэнтра культуры і народнай творчасці.

 

 

Сёлета было вырашана не вызначаць пераможцу конкурсу. Такім чынам, усе калектывы атрымалі каштоўныя прызы. Цырымонію ўзнагароджвання правялі старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, старшыня абласнога Савета ветэранаў Іван Тустаў і старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк.

 

 

Але, нягледзячы на каштоўныя прызы, нашмат важней, што ў гэты дзень пажылыя людзі змаглі сабрацца разам, пачуць любімыя песні і правесці час у прыемнай кампаніі.

 

 

Спонсарскую дапамогу ў арганізацыі фестывалю аказалі арганізацыі Шчучыншчыны: Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства, “ЛОГАЛ-БІА” і “Клубніка Плантс”. Шчыры дзякуй фундатарам за падтрымку мерапрыемства.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!