Кветкі, пажаданні і Падзяка ад органаў улады. Сёння ветэран працы Іосіф Іосіфавіч Патапчык прымаў віншаванні з нагоды 75-гадовага юбілею
У гэтыя майскія дні не змаўкаюць тэлефонныя званкі ў доме Патапчыкаў. Учора віншавалі з Днём нараджэння Станіславу Іванаўну, а сёння 75-гадовы юбілей адзначае Іосіф Іосіфавіч. Здаецца лагічным, што ў чалавека, які нарадзіўся ў Дзень сям’і, сямейныя каштоўнасці на першым месцы.
-- Гэта сапраўды так, -- прызнаецца віноўнік урачыстасці. – Усё гатоў зрабіць дзеля сваіх дзяцей і ўнукаў. Добрая сям’я – найвялікшае шчасце. Але і цікавая работа, служэнне людзям і грамадству – важныя складальнікі жыцця.
Азірнуцца на пройдзены шлях нашаму герою не сорамна. Не здарма ж з нагоды юбілею да ветэрана працы завітала цэлая дэлегацыя былых калег. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк ад душы віншуе юбіляра і ўручае Падзяку ад органаў раённай улады за шматгадовую плённую працу і значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.
Мы гутарым на адкрытай тэрасе сціплага дома, які Іосіф Іосіфавіч “перавёз” з роднай вёсачкі Крышылкі, аднавіў, лічы, сваімі рукамі і зараз мае магчымасць займацца любімай справай – земляробствам. На ідэальна вырабленым ля дома ўчастку ўжо ўзышла бульба, а на “пілотнай градцы”, яна ўжо … бярэцца цвісці. Што значыць прафесійны аграном жыве на вуліцы Каштанавай!
-- Пачынаў пасля заканчэння Ражанкаўскай школы з рабочага “Сельгастэхнікі”, гэта потым паступіў на агранамічны факультэт сельгасінстытута, -- удакладняе наш суразмоўца. – А ўвогуле вучыўся ўсё жыццё – і ў Вышэйшай партыйнай школе, якая славілася высокім адукацыйным узроўнем, і ў людзей – мудрых, працавітых, адданых роднай зямлі.
Менавіта ім, простым працаўнікам, І.І. Патапчык і сёння ўдзячны за свае прафесійныя поспехі, за тыя эканамічныя дасягненні сельгасарганізацый, якімі ён у свой час кіраваў. Да прыкладу, калгасам-мільянерам была ў ягоную бытнасць гаспадарка “40 год Кастрычніка”, якая потым увайшла ў склад “Жалудоцкага агракомплексу”. Дарэчы, менавіта тэлефонны званок дырэктара агракомплексу Станіслава Гузеня быў сёння самым першым віншаваннем юбіляра. Значыць, памятаюць аб тым, што было зроблена, які ўклад быў унесены і ў стабільнасць дня сённяшняга.
На працягу шэрагу гадоў Іосіф Іосіфавіч Патапчык узначальваў упраўленне сельскай гаспадаркі і быў першым намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама, а потым яшчэ дзясятак год кіраваў аддзелам сацыяльнай абароны райвыканкама. Супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на чале з Андрэем Навіцкім таксама прыехалі сёння, каб ушанаваць паважанага чалавека і выказаць свае словы павагі і ўдзячнасці.
А колькі цёплых і пяшчотных віншаванняў выслухалі муж і жонка Патапчыкі ад сваіх траіх дзяцей і сямі ўнукаў! Вось яно – простае чалавечае шчасце: любіць і быць любімымі, адчуваць сваю запатрабаванасць і павагу землякоў, разам сустракаць сонечны дзень і любавацца прыгажосцю квітнеючага мая.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.