Кватэру 88-гадовай жыхаркі Шчучына Р.С. Мулярчык упрыгожваюць амаль паўсотні ўласнаручна вышытых карцін

Іголку і ніткі яна не выпускае з рук нават у сваім паважаным узросце. Кажа, што проста не можа сядзець без справы, а ад творчага працэсу атрымлівае сапраўднае задавальненне.

 

 – Захапленне прыйшло яшчэ ў школьныя гады, калі ўпершыню ўбачыла, як па палатне “малюе” нітка ў руках умелай майстрыхі. Ды жанчына тая не гарэла жаданнем адкрыць сакрэты, – усміхаецца Раіса Сцяпанаўна, якая ў адрозненне заўсёды шчодра дзялілася і дзеліцца з іншымі тым, што ўмее сама. – А паказала мне, як вышываць, мая сяброўка: яна “брала ўрокі” ў сваёй цёці – адметнай вышывальшчыцы.

 

 У Шынкаўцах, адкуль родам наша гераіня, вясковыя дзяўчаты і жанчыны доўгімі зімовымі вечарамі ладзілі вячоркі: пралі кудзелю, ткалі на кроснах, вязалі і, канешне, вышывалі – ручнікі, абрусы, узоры на мужчынскіх кашулях і яркія кветкі на паркалёвых блузках. Да чаго ж прыгожа! Усё гэта па-майстэрску і з захапленнем умела рабіць юная Раечка. Сюжэты вышытых ёю палотнаў – “Алёнушка”, “Цыганы”, “Папугай з кветкай”, “Украінка” – добра вядомы людзям старэйшага пакалення. Такія карціны ўпрыгожвалі амаль кожны дом. І няхай тады не было асаблівага шыку і багаццяў, але душа прагнула прыгажосці, і цудоўнае людзі стваралі сваімі рукамі. А гэта ні ў якой краме не купіш! 

 

 – Дзяўчатам у тыя часы не было калі і адпачываць толкам: кожная проста абавязана была ўмець рукадзельнічаць, – разважае жанчына. – Праўда, танцы ў святочныя вечары ніхто не адмяняў. Паколькі клуб быў далёка, арганізоўвалі іх прама ў вясковай хаце пад гармонік мясцовага музыкі. Весела было і цікава.

 

 Прафесію Раіса выбрала запатрабаваную – повара. Вучылася ў Бабруйску, а свае веды рэалізоўвала на практыцы ў афіцэрскай сталовай у Шчучыне. Гатавалі там заўжды цудоўна, кантроль і патрабаванні да работнікаў былі павышаныя. Нездарма супрацоўнікі з гарадскіх арганізацый Шчучына імкнуліся праўдамі і няпраўдамі перасекчы ў абедзенны перапынак строгі пост КПП, каб папалуднаваць у прыгожым інтэр’еры і паспрабаваць стравы з “афіцэрскага меню”.

 

 

 – А ўвогуле за парадным бокам прафесіі таілася і нямала цяжкасцей, – прызнаецца Раіса Сцяпанаўна. – Частымі былі камандзіроўкі на палігоны, дзе стаяла задача ў ваенна-палявых умовах якасна накарміць сотні выматаных на вучэннях мужчын. Мабыць таму і на пенсію пайшла адразу, як толькі стукнула 55.

 

На заслужаным адпачынку Р.С. Мулярчык ужо 33 гады. Калі ў жанчыны з’явіўся вольны час, яна зноў узгадала пра сваё захапленне. І сталі нараджацца новыя карціны, створаныя з вялікай любоўю і густам. Да глыбіні душы кранаюць вышытыя рукамі мастачкі іконы і храмы, нацюрморты і гарадскія пейзажы, карцінкі з арыстакратычнага жыцця пачатку мінулага стагоддзя і поры года… Нават немагчыма вызначыць лепшы твор – усе дастойны самай высокай адзнакі. Кожная работа – у прыгожай раме. Іх заказваюць асобна. Дачка Раісы Сцяпанаўны – Святлана Уладзіміраўна Мулярчык – робіць усё магчымае, каб стварыць для сваёй таленавітай матулі спрыяльныя ўмовы, дапамагае ажыццявіць задумкі. У выніку кожная новая работа займае пачэснае месца ў хатнім вернісажы.

 

 – А ці можна купіць нейкую вашу карціну? – цікаўлюся ў вышывальшчыцы.

 

 – Ды не, не магу я прадаваць свае работы. Штосьці ў душы не дазваляе гэта рабіць, – са шчырай усмешкай прызнаецца Сцяпанаўна. – А вось падарункі родным людзям раблю з задавальненнем. Нядаўна сваякі павезлі некалькі маіх работ у свой далёкі Архангельск, пляменніцу з Украіны таксама парадавала. Няхай і там добрая памяць пра мяне застаецца.

 

У свае 88 год Раіса Сцяпанаўна вяжа без акуляраў, некалькі гадзін у дзень вышывае, вельмі любіць чытаць мастацкую літаратуру: у іх з дачкой цудоўная бібліятэка. Кажа, што сумаваць зусім няма часу, а восень жыцця, калі займець захапленне для душы, можа быць залатой. 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!