Куток прыроды, які вабіць. “Дзянніца” даведалася, чым прыцягвае турыстаў рыбалоўна-паляўнічая гаспадарка “Каменскае” (+відэа)
У Каменскім сельсавеце сярод жывапісных і багатых на дзікую жывёлу сасновых лясоў знаходзіцца неапісальнай прыгажосці мясціна. Людзі з усёй Беларусі едуць сюды, каб адпачыць, аднавіць свае сілы і адчуць сапраўдную энергію прыроды. Менавіта так можна апісаць рыбалоўна-паляўнічую гаспадарку “Каменскае”, якая размясцілася ў вёсцы Шчукі. Падрабязней нас пазнаёміў з гэтай гаспадаркай і правёў цікавую экскурсію яе кіраўнік Дзмітрый Розмыслаў.
Рашэнне будаваць сучасны комплекс на тэрыторыі вёскі Шчукі было прынята ў 2013 годзе кіраўніцтвам ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”. Як потым аказалася, гэтая зямля мае сваю незвычайную гісторыю.
– З архіваў вядома, што пасля падаўлення шляхецкага паўстання 1863-1864 гадоў па загадзе расійскага губернатара Мураўёва ўсіх жыхароў вёскі Шчукі выслалі ў Сібір. Самаму малодшаму з іх на той момант быў адзін год, старэйшаму – за семдзесят, – кажа Дзмітрый Розмыслаў. – Што цікава, ва ўсіх жыхароў вёскі было прозвішча Шчука. Таму было вырашана захаваць гісторыю і пакінуць назву гэтага месца – Шчукі.
Зразумела, што без людзей Шчукі ў хуткім часе заняпалі. Калі ў 2013 годзе пачалося будаўніцтва сучаснага паляўнічага комплексу, то ад былой вёскі заставаліся толькі тры разбураныя хаты і два хлявы.
Аднак сёння на тэрыторыі рыбалоўна-паляўнічага комплексу “Каменскае” жыццё бруіцца, а гісторыя вёскі Шчукі атрымала свой цікавы працяг. Дзякуючы камфортным умовам для адпачынку тут занятак сабе могуць знайсці як дарослыя, так і дзеці.
Адзін з кірункаў дзейнасці гаспадаркі – паляванне. Для таго каб паход на дзікага звера прынёс задавальненне, у “Каменскім” ёсць дасведчаны паляўніцтвазнавец Віталь Шылко. Ён старанна рыхтуе ўсе этапы палявання і выдатна ведае навакольныя лясы.
– У нас багатыя ўгоддзі, – адзначае Дзмітрый. – Паляваць тут можна на ўсе віды капытных: ласёў, аленяў, казуляў, дзікоў. Таксама трафеямі нашых гасцей могуць стаць жывёлы-шкоднікі і разнастайныя птушкі.
“Каменскія” мясціны маюць папулярнасць не толькі сярод паляўнічых, але і ў рыбакоў. Гаспадарка валодае дзвюма сажалкамі: маленькай, на тэрыторыі турбазы, і вялікай, каля аграгарадка Каменка. Плошча другога вадаёма складае 33 гектары, тут водзяцца карпы, карасі, акуні і белыя амуры. На платнай аснове гаспадаркай рэалізуюцца пуцёўкі на рыбалку. Дарэчы, два разы на год калектыў “Шчучынскага завода “Аўтапровад” праводзіць на гэтым вадаёме спаборніцтвы па рыбнай лоўлі. За 2022 год толькі на рыбалку ў “Каменскае” прыехалі 1800 чалавек.
– Што тычыцца турбазы, то сёлета наш калектыў прыняў каля 6000 чалавек, з якіх палова заставалася з начлегам, – адзначае Дзмітрый.
Прыгожыя віды адкрываюцца на малым вадаёме, што знаходзіцца на тэрыторыі турбазы, тут можна лавіць рыбу. Вакол вадаёма, які, дарэчы выкапаны ў форме падковы, стаяць шэсць альтанак, дзе ёсць каміны і можна прыгатаваць смачныя стравы з толькі што вылаўленай рыбы. Сёмая альтанка самая атмасферная, бо знаходзіцца на востраве сярод вады.
Усяго на тэрыторыі турбазы “Каменскае” ёсць 24 спальныя месцы. Для пражывання даступныя шэсць утульных аднапакаёвых і два вялікія двух- і трохпакакаёвыя домікі. Парадак і чысціню для гасцей у іх падтрымліваюць пакаёўкі Ганна Гой і Наталля Дубок.
Шырокай папулярнасцю ў гасцей “Каменскага” карыстаецца шыкоўная лазня з басейнам і більярдам. Гэта выдатны варыянт адпачынку пасля цяжкага працоўнага тыдня як для сям’і, так і для вялікай кампаніі. У ёй могуць размясціцца да дваццаці чалавек. Тут таксама можна праводзіць застоллі, а караоке стане добрым дадаткам да адпачынку.
Таксама “Каменскае” часта выбіраюць для правядзення канферэнцый і карпаратываў. Інфраструктура тут добрая, а дзве банкетныя залы дазваляюць адначасова змясціць аж 170 чалавек. Аб камфортных умовах для такой колькасці гасцей клапоціцца адміністратар Алена Макжэцкая, яна робіць усё для таго, каб пазаштатныя сітуацыі не ўплывалі на якасць адпачынку.
Для дзяцей тут створаны выдатныя ўмовы. Летам на турбазе для іх ладзіцца кемпінг, ставяцца басейны і батуты, працуе пракат ровараў. Можна гуляць у більярд, дарц і страляць у лазерным ціры. Зімой тут таксама сумаваць не прыходзіцца. Ужо чацвёрты год гаспадарка “Каменскае” будзе арганізоўваць рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Святочныя мерапрыемствы з удзелам казачных персанажаў наведваюць дзеці не толькі са Шчучынскага, але з Гродзенскага і Мастоўскага раёнаў.
Асобнай увагі заслугоўвае невялікі заапарк на тэрыторыі турбазы “Каменскае”. Тут ёсць алені, лані, камерунскія авечкі, грывісты баран, муфлон, паўліны, казулі і трусы. Асабліва нас здзівілі куры, якія нясуць рознакаляровыя яйкі. Тут таксама маецца паўнавартасная стайня з загонам, у якім бегаюць шпаркія коні. Летам на іх можна катацца верхам, а зімой – на санях. Конюх Іван Хвайніцкі з’яўляецца таксама інструктарам па верхавой яздзе і з радасцю дапаможа жадаючым пракаціцца.
Большасць жывёл гаспадарка “Каменскае” купіла ў Гродзенскім заапарку. А зусім нядаўна тутэйшая фаўна павялічылася. Цікавай гісторыяй пра гэта з намі падзяліўся Дзмітрый:
– Нядаўна мы купілі самца казулі еўрапейскай і пару аленяў. Прывезлі, пабылі яны ў нас 3 месяцы, і ў сям’і аленяў нарадзілася маленькае аленяня. Вось такі добры падарунак атрымалі бонусам.
Як бачым, для таго каб добра адпачыць, неабавязкова выязджаць кудысьці далёка за тысячы кіламетраў ад дому. Дастаткова толькі зразумець, што ўсё, што патрэбна для адпачынку душы і цела, можна знайсці ў родным Шчучынскім раёне. А ўпэўніцца ў гэтым дапамагае цудоўная прырода рыбалоўна-паляўнічай гаспадаркі “Каменскае”.
– Наш поспех – гэта праца ўсяго нашага дружнага калектыву. Мы даражым нашымі кліентамі і імкнемся заўсёды апраўдаць іх чаканні, – упэўнена намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце прадпрыемства Таццяна Сінкевіч. – Мы не стаім на месцы, бесперапынна развіваемся, маем шырокі спектр паслуг. І ўсё гэта пры пастаяннай падтрымцы кіраўніцтва завода “Аўтапровад”.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара і з сайта рыбалоўна-паляўнічай гаспадаркі “Каменскае”.