Афганскі альбом Сафіі Ціцяк

“Калі скажу, што некалі паехала ў Афганістан па ўласным жаданні, – людзі не вераць”, – дзеліцца жыхарка Шчучына Сафія Альфонсаўна Ціцяк. – А так і было. Ведаеце, тыя два гады, праведзеныя ў далёкай чужой краіне, і сёння застаюцца яркімі і незабыўнымі. Карціна “ажывае”, калі бяру ў рукі свой афганскі альбом…
Насустрач невядомасці
Падчас нашай размовы Сафія Альфонсаўна не гераізуе сваё знаходжанне ў Афганістане з 1982 па 1984 гады, калі там вяліся баявыя дзеянні з удзелам савецкіх войск. Маўляў, яна і яе калегі з медыцынскай роты не хадзілі ў атакі, не адбівалі набегі душманаў, не глядзелі смерці ў вочы… Аднак людзі ў белых халатах выконвалі вельмі важную задачу. Як трапна сказала мая гераіня, “зберагалі здароўе арміі”.
Мы разглядаем разам чорна-белыя фотакарткі – адлюстраванне тых далёкіх падзей. На фоне горных ландшафтаў стаяць дзяўчаты і жанчыны ў белых халатах – рускія, беларускі, украінкі, казашкі… Адным словам, інтэрнацыянал з вялікага Саюза. Маладыя, усміхаюцца, а за спінамі – вайна.


– А вось землякоў сярод маіх новых таварышаў не было, – узгадвае Сафія Альфонсаўна. – Хаця з Гродна да Ташкента ехалі групай каля дваццаці чалавек. Медыкі і будаўнікі, інжынеры і кухары – людзі розных прафесій. Ва ўзбекскай сталіцы нам зрабілі прышчэпкі і самалётам накіравалі ў Кабул, на перасыльны пункт. Адтуль ужо размеркавалі па вайсковых часцях. Я патрапіла ў медроту 56-ай дэсантна-штурмавой брыгады. Размяшчалася падраздзяленне ў Гардэзе. Там якраз патрабаваўся бактэрыёлаг.
Жанчына тлумачыць, што да камандзіроўкі, па- сутнасці, на вайну яна ўжо мела дыплом фельчара з вузкай спецыялізацыяй “Бактэрыялогія”, бо скончыла Жалудоцкае медвучылішча, і 10-гадовы вопыт работы ў бактэрыялагічнай лабараторыі раённай санстанцыі. 
Дзяўчатам з медроты хапала работы
– Медыкі на той вайне былі патрэбны, – распавядае Сафія Альфонсаўна. – У Гардэзе, дзе я знаходзілася, – горы, нязвыклы зменлівы клімат: вясна з чырвонымі цюльпанамі, летняя спякота і зіма з марозамі. Інфекцыі там проста “квітнелі”: гепатыт, брушны тыф, дызентэрыя і нават дыфтэрыя. Трэба было армію засцерагчы ад усяго гэтага, каб не дапусціць эпідэміі.
Па словах жанчыны, у іх медроце працавалі аперацыйны блок, стаматалагічны кабінет, клінічная і бактэрыялагічная лабараторыі, былі і палаты для лячэння лёгка параненых і хворых пацыентаў. Забеспячэнне медыкаментамі было добрае, нават аднаразовыя шпрыцы і кропельніцы меліся. Медык са Шчучына праводзіла неабходныя прафілактычныя мерапрыемствы, разам з урачом-эпідэміёлагам сачыла за эпідабстаноўкай у гарнізоне, дзяжурыла на пасту. Але як ні засцерагаліся, пад удар інфекцый усё ж траплялі, найчасцей – гепатыту. Хворых размяшчалі ў медроце, абследавалі, і калі падазрэнне на інфекцыю пацвярджалася, – дастаўлялі ў інфекцыйны шпіталь у Кабуле. Як і параненых байцоў. У складзе санэпідатрада Сафія Альфонсаўна таксама вылятала ў афганскую сталіцу. А вось ангіну, расказвае, лячылі на месцы, ды і апендыцыт урачы аперыравалі ў медроце. 
Савецкія медыкі дапамагалі справіцца з небяспечнымі захворваннямі і мясцовым жыхарам. 
– У нас былі добрыя кантакты з мясцовым насельніцтвам, – заўважае субяседніца. – Урачы, сярод іх былі і жонкі нашых саветнікаў, вялі прыём хворых у Гардэзе. Жанчыны-афганкі ішлі ахвотна, з надзеяй, прыносілі грудных дзяцей, з удзячнасцю бралі лякарствы. 
На вайне як на вайне
 Медыцынскую роту па перыметры ахоўвалі мінамётчыкі і танкісты. Пакуль Сафія Альфонсаўна знаходзілася там, гэту тэрыторыю не абстрэльвалі, а вось пазней, як пісалі жанчыне былыя сябры, снарады даляталі і да іх.
Аддаленасць ад радзімы, небяспека, якая хадзіла побач, з’ядноўвала. І людзі ў пагонах, і вольнанаёмныя работнікі паважліва ставіліся адны да другіх, сябравалі, разам адзначалі святы. А калі аднойчы здарыўся службовы раман, на афганскай зямлі гуляла вяселле. 
Помняцца і трагедыі. Адна з калег Сафіі Альфонсаўны сустрэла на вайне каханне. Але лёс быў неміласэрны да гэтых дваіх: афіцэр-верталётчык загінуў. 
– Загінуў і начальнік штаба нашай часці, – успамінае жанчына. – За два тыдні да ад’езду ў Саюз. Не суджана было вярнуцца дамоў і некалькім салдатам і афіцэрам з трэцяга батальёна, які дыслацыраваўся асобна ад нашых двух. Яны прыехалі да нас 23 лютага, на свята, каб атрымаць баявыя ўзнагароды. З новенькімі ордэнамі і медалямі вярталіся назад і патрапілі пад абстрэл. Было шмат загінулых і раненых... Горка гэта ўспамінаць.
Мілы сэрцу родны дом…
У вольную ад работы хвіліну Сафія Альфонсаўна вярталася думкамі дамоў, дзе засталіся 10-гадовы сын і бацькі. Часта адпраўляла родным пісьмы, а яны ёй. Дасылалі вестачкі і шчучынскія сяброўкі.
– Да гэтага часу захоўваю лісты, некалі атрыманыя ад сына, – прызнаецца жанчына. – Першыя месяцы так моцна сумавала па ім, што начальнік штаба, бачачы гэта, вырашыў паслаць у камандзіроўку ў Ташкент. А адтуль я ненадоўга прыляцела ў Шчучын. Сынок, пакуль была дома, не выпускаў маю руку, а развітваліся – вачэй не зводзіў… Тое ж было і тады, калі прыехала ў водпуск. А потым, пакуль рос і сталеў сын, яшчэ доўга баялася, каб, не дай бог, не давялося яму ісці на чужую вайну…
Цяпер Віктар – дарослы чалавек, бацька цудоўных дочак, жыве ў Шчучыне. Старэйшая Маргарыта – студэнтка, а малодшая Вікторыя – гімназістка-васьмікласніца. Абедзве – любіміцы мамы і таты, а таксама сваёй адважнай бабулі і добрага душой дзядулі Генадзія Генадзьевіча.
Дарэчы, пасля вяртання з Афганістана, між іншым, з падзякамі ў працоўнай кніжцы, С.А. Ціцяк атрымала пасведчанне ветэрана баявых дзеянняў савецкага, а потым і беларускага ўзору. Кажа, пасля ўбачанага там, пераацаніла жыццёвыя каштоўнасці. Яна, спецыяліст вышэйшай катэгорыі, яшчэ доўга працавала ў сваім родным ЦГіЭ (агульны стаж жанчыны звыш 40 год). І вельмі мала гаварыла пра тыя два гады, праведзеныя ўдалечыні ад радзімы, – не хацела вярэдзіць душу. 
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.