Крылы для творчага ўзлёту дае сваім выхаванцам педагог дадатковай адукацыі Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Наталля Собаль
Колькасць узнагарод, заваяваных выхаванцамі этнастудыі творчага развіцця “Крылы”, якая ўжо шэсць год паспяхова дзейнічае ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі, сёння палічыць не так проста.
Дыплом першай ступені за лепшую рэжысёрскую работу ў рэспубліканскім конкурсе “Медыясфера” атрымалі “Крылы” сумесна з відэастудыяй “Радуга”. На рахунку рабят з этнастудыі – шматлікія перамогі ў міжнародных конкурсах, а з нядаўніх перамог – дыплом першай ступені на абласным конкурсе “Прывітанне, свет!”, уладальнікам якога стала трыа палаца, у складзе якога былі выхаванкі студыі Вікторыя Тарчынская і Юлія Роўбуць. У трыццатку лепшых чытальнікаў рэспублікі па выніках конкурсу “Жывая класіка” ўвайшла Вікторыя Тарчынская. Дый хіба ўсё пералічыш!
Творчыя крэатыўныя рабяты смела заяўляюць пра сябе на самых высокіх узроўнях. А падтрымлівае іх, накіроўвае і дапамагае развіваць прыродныя здольнасці не менш крэатыўны педагог – кіраўнік этнастудыі творчага развіцця “Крылы” Наталля Собаль.
– Як нарадзілася наша студыя? – на хвіліну задумваецца Наталля Уладзіміраўна. – Калі я прыйшла працаваць у Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі культарганізатарам, вырашыла, што абавязкова павінна стварыць аб’яднанне па інтарэсах. А паколькі вельмі люблю беларускую мову і сваю малую радзіму, спынілася на думцы аб тым, што гэта будзе фальклорная студыя. І назвала яе “Зараначка”. Спачатку заняткі праходзілі ў сярэдняй школе № 2 г. Шчучына: мы цесна супрацоўнічалі с вучнямі другога класа школы і іх настаўніцай Наталляй Малючак. Рабяты з вялікім жаданнем вывучалі беларускія абрады, побытавыя танцы, знаёміліся з мясцовымі традыцыямі, вучыліся прыгожа размаўляць. У такім фармаце студыя праіснавала два гады. У нейкі момант мы вырашылі, што нам становіцца цесна, і на базе “Зараначкі” нарадзіліся “Крылы”.
Цяпер рабяты вывучаюць акцёрскае майстэрства, сцэнічную мову, аратарскае майстэрства і асвойваюць азы журналістыкі.
З моманту адкрыцця ў студыі займаюцца Ніка Батуніна і Павел Малышка. Чатыры гады развіваюць свае акцёрскія таленты Міра Барбачкова і Аляксандр Вараб’еўскі, крыху менш – Дзмітрый Дзякевіч, Іван Сазановіч і Вікторыя Тарчынская. Адносна нядаўна прыйшлі ў студыю Юлія Роўбуць і Уладзіслаў Іоч. І літаральна некалькі тыдняў у “Крылах” Мая Курыла.
– Заўсёды з вялікім жаданнем прыходжу на заняткі, – гаворыць Ніка Батуніна. – Больш за ўсё мне падабаецца граць на сцэне і ўжывацца ў ролю свайго героя. Часта бываю вядучай розных мерапрыемстваў, здымаюся ў цікавых праектах, чытаю маналогі. Заняткі ў этнастудыі вельмі дапамагаюць развіваць памяць, правільна выказваць свае думкі на ўроках літаратуры.
– А я цяпер свабодна адчуваю сябе на сцэне і амаль не хвалююся, – расказаў Павел Малышка. – Такое пачуццё ўпэўненасці з’явілася ад таго, што мы многа працуем над сабою.
Першым праектам, які рэалізавалі рабяты разам са сваім педагогам, а таксама з кіраўніком відэастудыі “Радуга” Ігарам Ковалем і яго выхаванцамі, стаў “Творчы навігатар”, у якім яны расказалі пра дзейнасць творчых аб’яднанняў палаца. Героі другога праекта “Па сакрэце ўсяму свету” – вядомыя шчучынцы. А якія казачныя навагоднія спектаклі рыхтавалі артысты з этнастудыі разам з педагогамі і вучнямі іншых аб’яднанняў па інтарэсах! Што ні пастаноўка – то маленькі шэдэўр!
– Нашы заняткі для рабят – гэта выдатная магчымасць сустракацца, вучыцца працаваць на камеру, раз за разам удасканальваць сваё майстэрства, – гаворыць Наталля Уладзіміраўна. – Для мяне вельмі важна развіць іх талент, дапамагчы ім раскрыць крылы, каб яны змаглі дасягнуць творчых вышынь. Калі я назіраю, як яны трымаюцца на сцэне, як выконваюць ролі, як чытаюць маналогі, разумею – усё недарэмна, і ў мяне самой вырастаюць крылы. Кожны іх маналог – гэта сапраўдны монаспектакль: яны могуць плакаць і смяяцца на сцэне, могуць укладваць свае пачуцці ў кожнае слова, кожны жэст.
Прафесіяналізму Наталлі Уладзіміраўны хапае, каб разглядзець талент у кожным дзіцяці. Першую спецыяльнасць – “рэжысёр сучаснага вольнага часу, свят і абрадаў” – яна атрымала ў Гродзенскім дзяржаўным вучылішчы мастацтваў. Затым быў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, вынікам вучобы ў якім стаў дыплом са спецыяльнасцю “спецыяліст па сацыяльнай рабоце і сацыякультурнай дзейнасці”. А трэцюю спецыяльнасць – “педагог дадатковай адукацыі” – яна вырашыла атрымаць у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
– Я вельмі ганаруся дасягненнямі маіх выхаванцаў, – прызнаецца педагог. – Першыя і другія месцы заняла Ніка Батуніна ў чатырох экалагічных конкурсах рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў, у якіх яна прадстаўляла экалагічныя аб’екты малой радзімы. Нядаўнія перамогі ў міжнародных конкурсах у Дзмітрыя Дзякевіча, Вікторыі Тарчынскай, Івана Сазановіча. Кожны раз, прымаючы ўдзел у конкурсе, мы выступаем у намінацыі “Мастацкае чытанне і тэатральнае мастацтва”. Рэпертуар для юных артыстаў заўсёды падбіраем разам. Спачатку чытаем тэкст. Калі ён ім падабаецца, пакідаем, калі не – падбіраем далей. Тэксты, якія вучаць дзеці, павінны быць ім па душы. Інакш прачытаць так, як належыць, у іх не атрымаецца.
Са сваімі выхаванцамі Наталля Уладзіміраўна праводзіць індывідуальныя заняткі: яны разам працуюць над дыкцыяй, правільнай артыкуляцыяй, вучацца трымацца на сцэне. Ім усё гэта абавязкова спатрэбіцца ў далейшым жыцці.
Калі перафразаваць вядомае выказванне Арыстоцеля, можна смела сцвярджаць: “Артыстамі не нараджаюцца, імі становяцца”. А дапамагае ў гэтым юным талентам іх выдатны педагог Наталля Собаль.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара і з асабістага архіва Наталлі СОБАЛЬ.