Касавіца ў разгары. У ААТ “АграГЖС” актыўна ідзе першы ўкос траў
Ні дня прастою – да такога графіка імкнуцца аграрыі нашага раёна. Не паспела скончыцца сяўба, як ужо хуткімі тэмпамі набірае абароты касавіца. Для таго каб забяспечыць жывёл якаснымі кармамі, актыўна працуюць работнікі ААТ “АграГЖС”. Гэтымі днямі на полі каля вёскі Грамкі шчыруюць механізатары Павел Нагорны і Іван Казадой. Кіруючы трактарамі з дзевяціметровымі касілкамі, яны ўбіраюць люцэрну.
Павел Нагорны працуе ў гаспадарцы дзясяты год, аднак для яго гэта першая касавіца. Да гэтага механізатар пераважна быў заняты на ворыве і культывацыі.
– Працую на новым трактары МТЗ-3522, тэхніка працуе як гадзіннік, таму скардзіцца няма на што. Зараз з васьмі раніцы да васьмі вечара знаходжуся ў полі. Сюды падвозяць гарачае харчаванне, кормяць смачна, заробак годны. Усе ўмовы для работнікаў створаны, застаецца толькі старанна працаваць.
Па суседстве з Паўлам на полі працуе механізатар Іван Казадой. Яго па праве можна назваць дасведчаным работнікам, бо Іван Уладзіміравіч у арганізацыі з 1990 года, а апошнія пяць гадоў бярэ актыўны ўдзел у нарыхтоўцы кармоў.
– Да працы стаўлюся адказна і з душой, – кажа Іван Казадой. – Яшчэ мой бацька быў механізатарам, у дзяцінстве часта браў з сабой на працу. Для сябе вырашыў, што працягну справу бацькі, буду, як ён, старацца на карысць роднай зямлі. У гэтай працы і знайшоў сваё прызванне.
Па словах галоўнага агранома ААТ “АграГЖС” Рамана Бабуля, сёлета ў гаспадарцы касавіца пачалася раней, чым у мінулым годзе, з прычыны ранняй вясны. Нарыхтоўка кармоў тут ідзе з 15 мая. Агульны план першага ўкосу складае 3590 гектараў, з якіх мясцовыя аграрыі ўжо скасілі 670 гектараў і заклалі 2400 тон сенажу.
Зараз у гаспадарцы працуюць дзве дзевяціметровыя касілкі. Іх норма выпрацоўкі за змену – 110 - 120 гектараў. У дзень тут закладваюць каля 600 - 700 тон сенажу. Калі надвор’е не ўнясе негатыўныя карэктывы, то скончыць першы ўкос мясцовыя аграрыі плануюць да 20 чэрвеня.
– Зараз актыўна ідзе ўкос люцэрны, – кажа Раман Бабуль. – Пасля пяройдзем на бабова-злакавыя культуры. Люцэрна з’яўляецца высокабялковай культурай, што робіць яе выдатным кормам для буйной рагатай жывёлы. А яе ў нашай гаспадарцы налічваецца амаль 8000 галоў.
Увогуле сёлета ў ААТ “АграГЖС” плануюць нарыхтаваць 26000 тон сенажу і 30000 тон сіласу, што складае паўтарагадовы запас для гаспадаркі.
– Апошнія замаразкі, якія адбыліся ў пачатку мая, крыху пашкодзілі мнагалетнія злакавыя травы, – заўважыў галоўны аграном. – Таму па першым укосе чакаем мінімальны недабор. Яго мы кампенсуем за кошт адналетніх траў і падкормак пры другім укосе. Упэўнены, што збярэм дастаткова кармоў. Па плане ўсё складваецца, дадаткова праводзіўся падсеў 315 гектараў люцэрны. Таму дойны статак цалкам забяспечым высокабялковай ежай.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.