Кампанія “Праймілк” выканала паказчыкі бізнэс-плана па тэмпах росту аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі і экспарту тавараў і прызнана пераможцай раённага спаборніцтва

ТАА “Праймілк” - прадпрыемства, якое сёння добра ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі: завод выпускае сыроватачна-тлушчавыя канцэнтраты, якія экспартуе ў 27 краін свету. І цікавасць да шчучынскай кампаніі з года ў год расце дзякуючы нязменна высокай якасці прадукцыі, якая знаходзіць шырокае прымяненне як у харчовай, так і кармавой прамысловасцях.

 

- Наша прадукцыя не раз тэсціравалася ў розных краінах і ўсюды пацвердзіла сваю высокую якасць, – зазначае дырэктар ТАА “Праймілк” Анатолій Станіслававіч Бяляўскі. – Нават пры высокай вільготнасці яна захоўвае таварны выгляд, а значыць, і свае спажывецкія ўласцівасці. Дзякуючы гэтаму прадпрыемства атрымала поўны набор сертыфікатаў, уключаючы GMP+, HACCP, FSSC 22000 і HALAL, што дазволіла значна ўмацаваць пазіцыі кампаніі і прыцягнуць увагу патэнцыяльных кліентаў. Не дзіва, што да нас так часта прыязджаюць прадстаўнікі розных замежных кампаній, якія зацікаўлены ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве.
Адной з асаблівасцей ТАА “Праймілк” з’яўляецца поўная аўтаматызацыя ўсіх вытворчых працэсаў і магчымасць візуальнага назірання за ўсімі этапамі перапрацоўкі сыравіны. Прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску сыроватачна-тлушчавага канцэнтрату з масавай доляй тлушчу 20-50%. Усю тэхналагічную лінію можна ўмоўна падзяліць на два этапы: падрыхтоўка сыравіны да сушкі і непасрэдная сушка з наступнай фасоўкай гатовага прадукту.

 

 

- Сыроватка паступае да нас у канцэнтраваным выглядзе пры дапамозе спецыялізаванага аўтатранспарту, – працягвае Анатолій Станіслававіч. – На ўчастку прыёмкі працуюць 2 пасты, кожны з якіх за гадзіну здольны прыняць 35 кубічных метраў сыравіны. З машын сыроватка перапампоўваецца ў ёмістасці для захоўвання агульным аб’ёмам 500 т. На ўчастку прыёмкі ёсць свая лабараторыя, дзе сыравіна праходзіць строгі кантроль паказчыкаў якасці і бяспекі. Мы працуем як са звычайнай 6%-най сыроваткай, так і з больш канцэнтраванай - 16-20%.

 

 

Спецыялісты кампаніі “Праймілк” кантралююць якасць выпускаемай прадукцыі на розных этапах яе вытворчасці. Правяраюць фізіка-хімічныя, арганалептычныя і мікрабіялагічныя ўласцівасці. Атрыманая інфармацыя дапамагае аператарам аб’ектыўна кіраваць вытворчым працэсам і забяспечваць строгае выкананне ўсіх тэхналогій.

 

 

– Летась мы выпусцілі амаль 20 тысяч тон гатовай прадукцыі, што на 14% больш у параўнанні з 2018 годам, – падкрэслівае А.С. Бяляўскі. – Выручка ад яе рэалізацыі склала амаль 21 мільён долараў. Рэнтабельнасць дасягнула 29,2%. Безумоўна, усіх гэтых паказчыкаў немагчыма было б дабіцца без высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія працуюць на нашым прадпрыемстве. Бездакорна выконваюць свае абавязкі намеснік дырэктара па якасці Наталля Аляксандраўна Куц, галоўны інжынер Аляксандр Уладзіміравіч Брыль, інжынер-тэхнолаг Вадзім Сяргеевіч Акопаў, хімік Вікторыя Генадзьеўна Фалітарчык, галоўны тэхнолаг Павел Генрыхавіч Юрэвіч… І гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць!

 

Нядзіўна, што з такімі кадрамі кампанія “Праймілк” выканала паказчыкі бізнэс-плана па тэмпах росту аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі (144,9%) і экспарту тавараў (128,5%), за што прызнана пераможцай раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў прадпрыемстваў прамысловасці і лесагаспадарчых устаноў.

 

– Сёння наша прадпрыемства – адно з самых высокатэхналагічных у рэгіёне і па праве лічыцца градаўтваральным, – не хавае гонару Анатолій Станіслававіч. – Кожны месяц мы рэалізуем каля 2000 тон прадукцыі і не збіраемся спыняцца на дасягнутым! Каб умацаваць аўтарытэт кампаніі, удзельнічаем у многіх міжнародных выставах, адкуль не раз вярталіся з высокімі ўзнагародамі. Паспяхова выйшлі на рынкі Паўднёвай Амерыкі, куды прабіцца вельмі няпроста. Падпісалі кантракты з Сірыяй, Алжырам, Чылі і Йеменам. І працягваем упэўнена развівацца! Хутка ўсталюем лінію па выпуску мяккага сыру рыкота: гэты праект быў выбраны ў ліку трох з 65, якія атрымалі фінансаванне ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка.
Ведаючы, што Анатолій Станіслававіч Бяляўскі летась стаў лаўрэатам конкурсаў “Чалавек справы-2019” і “Бездакорная рэпутацыя”, сумнявацца ў яго словах не прыходзіцца.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!