Калядныя сустрэчы

Свята Божага Нараджэння, якое заўтра адзначаць жыхары раёна каталіцкага веравызнання, распачынае кола любімых у народзе калядных і навагодніх урачыстасцей. Таму наш праект “Фамільная каштоўнасць” арганізаваў свае, так бы мовіць, “Калядныя сустрэчы” – з сем’ямі, якія носяць сугучнае са святам прозвішча.

Шчасце з рамонкавым пахам

Мы размаўляем з Таццянай Рышардаўнай Каляда пад “акампанемент” дзіцячага смеху. За матулінымі плячамі весяліцца галоўны ў іх доме чалавек – чатырохгадовы Цімафей. Толькі што прыехаў на абед тата, Генадзь Міхайлавіч, і малы не хавае радасці – то туліцца да яго, то выкладае перад ім свае любімыя канструктары. Хлопчык ужо засвоіў, што бацька шмат часу праводзіць на працы і трэба выкарыстаць у сваіх інтарэсах кожную хвілінку. Дарэчы, летам Цімошка і сам бачыў, дзе працуе бацька, – быў на палях з рамонкам, трымаў у руках каласкі спелай пшаніцы, не зводзіў вачэй з магутнай тэхнікі… А тую карцінку з вясковага жыцця, што назіраў на полі, цяпер пераносіць у свае гульні, калі застаецца з мамай дома.
Безумоўна, сыну яшчэ расці і расці. Але тое, як адказна, зацікаўлена адносіцца да работы яго бацька, несумненна, адкладзецца ў памяці хлопчыка, стане для яго добрым прыкладам. Бо, насамрэч, аграномія для Генадзія Міхайлавіча Каляды – справа любімая і некалі самастойна абраная. Між іншым, ён вырас у Шчучыне, скончыў гарадскую школу, вучылішча, а потым Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Маладым спецыялістам у 2007 годзе прыступіў да працы аграномам-насенняводам у базе “Усход”, а з 2012-га ўзначаліў агранамічную службу КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава”. Зусім нядаўна, калі ранейшы кіраўнік гаспадаркі змяніў месца працы, Генадзію Міхайлавічу даверылі выконваць абавязкі дырэктара. Зразумела, дабавілася і спраў, і адказнасці, але ж веды і вопыт, і, што немалаважна, запас маладой энергіі засталіся пры ім. Ды і дома ёсць падтрымка – з жонкай Таццянай яны ў многіх пытаннях аднадумцы. Дарэчы, Таццяна Рышардаўна таксама працуе ў саўгасе.

– Гаспадарка нас і пазнаёміла, – расказвае маладая жанчына. – Я, як і Гена, са Шчучына. Скончыла політэхнічны каледж у абласным цэнтры, збіралася стаць эканамістам у банкаўскай сферы. Але атрымалася, што вакансіі ў фінансавай установе не было, затое знайшлася ў “Вялікім Мажэйкаве”, дзе патрабавалася сакратар у прыёмную кіраўніка. У курс справы ўвайшла хутка, работа з дакументамі падабаецца.

Цяпер маладая сям’я жыве ў аграгарадку Вялікае Мажэйкава ў саўгасным доме з усімі выгодамі. Абуладкавалі свой быт нядаўнія гараджане па-сучаснаму, але пры гэтым захавалі класічную вясковую традыцыю – жывучы на сяле, мець сваю прысядзібную гаспадарку. У хлевушку рохкаюць свінні, на падворку кудахчуць куры, добры ўраджай дае агарод. Хутка парадуюць пладамі дрэўцы, пасаджаныя маладымі гаспадарамі. Галоўнае, муж і жонка адчуваюць задавальненне ад такога “суседства”.

 – Муж вельмі любіць і працу на зямлі, і вёску, і сваю прафесію. Ды і да Вялікага Мажэйкава прыкіпеў душой, – дзеліцца маладзіца. – Усе мае размовы пра змену месца жыхарства адразу спыняе. Нікуды не хоча пераязджаць. Ён гараджанін з сялянскай жылкай.

Што ж, такая адданасць зямлі-карміцельцы і вёсцы вартая павагі. А тое, што работа мужа прыхоплівае і вольны час, адведзены на сям’ю, жонку не абцяжарвае: яна і дома ўпраўляецца, і за руль свайго мінівэна пры неабходнасці сядзе, каб пад’ехаць у горад да радні. А на вялікія святы адпраўляюцца ў Шчучын усёй сям’ёй. Малы Цімафей вельмі любіць гасціць у сваіх бабуль і дзядулі – у Алены Іосіфаўны Жэгздрыной, Ірыны Іосіфаўны і Міхаіла Іосіфавіча Каляда. Вось і Каляды па традыцыі адзначаць з бацькамі. Бо, як пісаў паэт, да сваіх у гэты вечар спяшаецца кожны. А яшчэ кажуць, у гэты вечар святы Бог з людзьмі разам.
У гасцях добра, а дома найлепш. Пабачыўшы родных, Генадзь Міхайлавіч, Таццяна Рышардаўна і Цімошка зноў вернуцца ў свой вясковы дом, дзе так цёпла і ўтульна, і дзе набірае моц іх шчасце. Тут, ля ёлкі, у самую казачную ноч загадаюць жаданні. Няхай яны спраўдзяцца!

Тры нагоды для радасці

Пра што любяць пагаварыць жанчыны, калі сыдуцца разам? Правільна, пра сваіх дзяцей. Вось і мы з Жаннай Баляславаўнай Каляда пачалі бяседу з гэтай прыемнай тэмы. Як высветлілася, нядаўна ў маёй новай знаёмай была добрая нагода для радасці: прыходзіў у водпуск малодшы сын Яўген, які служыць у адной з вайсковых часцей абласнога цэнтра. Стаў ён у армейскі строй пасля заканчэння сельгасліцэя, дзе набыў спецыяльнасці электрыка і вадзіцеля. Служба праходзіць добра, хлопец узмужнеў і пасталеў. А на наступны дзень пасля нашай з ёй размовы меўся прыехаць з Мінска старэйшы сын Павел. Малады чалавек мае тры прафесіі: сацыяльнага работніка, бухгалтара і страхавога агента і нават вопыт работы па апошняй, а таксама прадаўцом, але цяпер працуе ў адной са сталічных лагістычных фірм. У сям’і, дзе трое мужчын, Павел, лічы, з дзяцінства стаў правай рукой маці. “Паша – добрая душа, – хваліць сына Жанна Баляславаўна. – Калі яшчэ жыў дома, мы з ім і пакупкі разам рабілі, і ў касцёл на службу хадзілі… Трэба што – да яго звяртаюся. На днях сказала, што не хапае вадкіх шпалераў, дык заўтра ўжо прывязе. І шчодры, вось і брату ў армію часам рубель падкіне. Павел у нас з арганізатарскімі здольнасцямі. А Жэня добры выканаўца: і бацьку падсабіць заўжды гатоў, і дома парадак навесці не супраць – не кожная жанчына так здолее...”.


У прасторнай кватэры на вуліцы Заходняй, дзе жывуць Жанна Баляславаўна і Юрый Паўлавіч Каляда, ідзе рамонт. Дзвярныя праёмы цяпер у выглядзе арак, на падлозе – ламінат, новае аздабленне на столі і сценах… Работы на завяршальнай стадыі. Але ўжо сёння тут пануе чысціня, а да Раства Хрыстова стараннямі гаспадыні ўсё будзе зіхацець. І ў тым, што працэс рухаецца без развалу ў доме і планава, заслуга рамонтных спраў майстра. Гэтай сям’і наймаць чужых людзей не спатрэбілася, бо гаспадар дома – спецыяліст хоць куды! 17 год Юрый Паўлавіч Каляда працуе ў раённым унітарным прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, асвоіў шмат спецыяльнасцей, займеў вялікі вопыт і аўтарытэт. А жонка Жанна Баляславаўна задаволена тым, што брыгада, дзе працуе муж, надзвычай дружная. Дарэчы, там маляром і сястра жанчыны – Марына Ханько. Аб’екты ў брыгады па ўсім раёне, таму і тынкоўшчыкі, і маляры пакінулі свае яркія “аўтографы” ў розных установах. І ўвогуле яе Юра надзвычай працавіты, а для сям’і вельмі надзейны, сцвярджае жонка. Могуць ганарыцца такім сынам і яго бацькі – Павел і Валянціна Каляда, якія жывуць у вёсцы Вялікае Сяло ля Жалудка. “Акрамя Юры, яны вырасцілі яшчэ Галю, Іру і Антона. Гэтыя трое жывуць у Гродне, у мінулым годзе на Раство ездзілі да іх у госці, – расказвае жанчына. – Гэта, было, бадай, упершыню, калі мы не сустракалі свята дома. А сёлета збярэмся ў сваёй кватэры. Свёкар і свякроў ужо ў паважаным узросце, адлучацца з дому не хочуць, а мой тата жыве паблізу – у Рэзах, таму пасядзіць за сталом разам з намі. Пагаворым пра радасныя падзеі, са светлым сумам успомнім тых, каго няма побач з намі… “.

“Самае галоўнае ў жыцці – здароўе і шчасце дзяцей, лад у сям’і”, – прамаўляе Жанна Баляславаўна словы, якія можна назваць лозунгам нашага жыцця. Яна ведае, што кажа. Ужо 13 год гэта добрая жанчына працуе няняй у 3-ім аддзяленні Васілішкаўскага дома-інтэрната. Яе 24 падапечныя – дзеці ад 6 год і старэйшыя – з сур’ёзнымі і не вельмі праблемамі ў здароўі. Нянечка Жанна корміць і апранае іх, забаўляе і, здараецца, слёзкі выцірае… Даўно ўсвядоміла, што для гэтых выхаванцаў патрабуецца крыху больш спагады, ласкі і дабрыні, чым для здаровых і моцных. А перад святамі яна і яе 12 калег упрыгожваюць яркімі шарамі і выцінанкамі палаты і пакоі, каб хоць на імгненне ўбачыць у вачах дзяцей іскрынкі радасці. Няхай і да Вас, Жанна Баляславаўна, прыйдзе на Каляды сапраўдны цуд!

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!