І.Ю. Сакалоўскі: “Звароты людзей заслугоўваюць увагі”

Падчас суботняй “прамой лініі” зацікаўленыя дыялогі з жыхарамі раёна вёў старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі. Па тэлефоне паступілі чатыры звароты, яшчэ два чалавекі прыйшлі ў кабінет кіраўніка на асабісты прыём.

Гутарка “вочы ў вочы” адбылася ў Івана Юльянавіча з жыхарамі аграгарадка Ражанка. Яны расказалі аб агульнай праблеме, з якой сутыкнуліся жыльцы дома №29 па вуліцы Шчучынская. Па словах грамадзян, у жылым будынку дрэнна працуе сістэма вентыляцыі, бо выцяжны канал выведзены толькі на тэхнічны паверх. Патрабуюць рамонту і казыркі на ўваходзе ў пад’езд.

Жанчына-гараджанка акцэнтавала ўвагу на тым факце, што пасля выканання работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі, прылеглай да вузла сувязі, стала падтаплівацца тэрыторыя ля дома №51 па вуліцы Леніна. Меў сёння гутарку з І.Ю. Сакалоўскім і жыхар г.п. Жалудок, занепакоены тым, што “застыла” пытанне з пракладкай водаправода ў доме, дзе ён жыве. А вясковец з Кронек звярнуўся на “прамую лінію”, каб выказаць заўвагу: маўляў, у многіх абанентаў змяніліся нумары тэлефонаў, а інфармацыі аб гэтым для насельніцтва няма…

Усе пытанні, якія ўздымалі людзі, будуць накіраваны ў адпаведныя службы і арганізацыі з указаннем знайсці шляхі вырашэння і праінфармаваць аб гэтым заяўнікоў.

Дарэчы, жыхарка Шчучына, якую цікавіла, як будзе арганізавана святкаванне 500-годдзя нашага горада, падрабязны каментарый ад старшыні райсавета дэпутатаў атрымала адразу.

-- Сёння былі агучаны надзённыя жыццёвыя і бытавыя пытанні, -- адзначыў Іван Юльянавіч напрыканцы “прамой лініі”. – Усе звароты заслугоўваюць увагі і, канешне, з нашага боку людзям павінна быць аказана садзейнічанне ў іх вырашэнні.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!