Ігар Аверка: “Аграрыі Шчучыншчыны ў чарговы раз дасягнулі годнага выніку, паказалі, што ўмеюць эфектыўна працаваць, строга прытрымліваючыся тэхналогій”

 

Традыцыйна канец восені – перыяд завяршэння палявых работ і час для падвядзення вынікаў у сельскай гаспадарцы. Сёлета аграрыі Шчучыншчыны пастараліся на славу, сабралі добры ўраджай і з годнымі паказчыкамі завяршаюць сезон. Аб выніках і дасягненнях сельскай гаспадаркі нашага рэгіёна нам паведаміў першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама Ігар Аверка.

 

Сёлета аграрыяў Шчучыншчыны чакала ўборка збожжавых і зернебабовых культур без уліку кукурузы на плошчы 22691 гектар.

 

– Валавы збор збожжа без уліку кукурузы склаў больш за 129 тысяч тон, – адзначае Ігар Аверка. – Пры сярэдняй ураджайнасці 57,1 цэнтнера з гектара. Быў атрыманы небывалы ўраджай азімага рапсу. Яго валавы намалот склаў больш за 27 тысяч тон, а ўраджайнасць – больш за 40 цэнтнераў з гектара. Таксама сёлета было намалочана 60 тысяч тон зерня кукурузы. Мы можам ганарыцца такімі выдатнымі лічбамі.

 

Старанная праца аграрыяў Шчучыншчыны была адзначана на абласным узроўні. Раён заняў трэцяе месца ў спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, а таксама трэцяе месца ў спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

 

– Выдатныя паказчыкі сёлета атрымалі гаспадаркі Шчучыншчыны ў вытворчасці малака. Так, за дзесяць месяцаў бягучага года валавая вытворчасць малака дасягнула 135 тысяч тон, што на 5,57 тысячы тон больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Сярэдні надой на адну карову за студзень – кастрычнік 2024 года склаў 7059 кілаграм, гэты паказчык вырас на 265 кілаграмаў у параўнанні з мінулым годам, – адзначыў Ігар Уладзіміравіч.

 

Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе буйной рагатай жывёлы па раёне складае 755 грам. Вырашчана буйной рагатай жывёлы за 10 месяцаў 11595 тон.

 

Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе на свінакомплексах раёна за 10 месяцаў складае 736 грамаў, атрымана за гэты перыяд 18800 тон свініны.

 

– Падсумоўваючы сельскагаспадарчы сезон, скажу, што аграрыі Шчучыншчыны ў чарговы раз дасягнулі годнага выніку, паказалі, што ўмеюць старанна і эфектыўна працаваць, строга прытрымліваючыся тэхналогій. Хачу падзякаваць усім працоўным калектывам і кіраўнікам гаспадарак, а таксама прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці за старанную працу. Напярэдадні прафесійнага свята жадаю вам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, вялікіх ураджаяў, спраўнай тэхнікі і спрыяльнага надвор’я. Хай ваша нялёгкая праца акупіцца новымі дасягненнямі і прызнаннем ад удзячных землякоў.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!