І пралі, і ткалі, і на вячорках адпачывалі

Напэўна, у такой “раскіданай” на вялікай плошчы вёсачцы як Баяры Лебяцкія, мне бываць яшчэ не даводзілася. Дамы стаяць і ўздоўж дарогі, і асобнымі хутарамі, і нават “схаваліся” у лясным масіве. А людзі там жывуць пераважна сталага ўзросту, таму сустрэча з імі – як своеасаблівы экскурс у гісторыю: ім ёсць што ўспомніць і пра што расказаць. Усіх вяскоўцаў добра ведае старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Іванавіч Цывінскі, які і стаў маім гідам.

 

– У нашай вёсцы жывуць амаль сорак жыхароў, – расказвае стараста Галіна Станіславаўна Чырко. – На зіму хтосьці перабіраецца да сваіх дзяцей, а вясною зноў вяртаецца ў родную хату.
Больш адмысловай майстрыхі ў ткацтве чым Марыя Янаўна Марчукевіч на ўсю акругу было не знайсці. Яна, як ніхто іншы, умела ствараць узоры – размяркоўвала ў кроснах ніткі па нітах і такім чынам вызначала малюнак на будучым дыване. Гэта патрабавала сапраўднага майстэрства.

 

– Мяне ўсяму навучыла мама, – расказвае Марыя Янаўна. – І прасці, і ткаць. Толькі вось у школе вучыцца мне не прыйшлося. Сям’я наша была вялікая – сямёра дзяцей. Таму з маленства бацькам дапамагала па гаспадарцы. Мне гадоў 12 было, калі пайшла працаваць. Спачатку на нарыхтоўцы тарфяных брыкетаў для Мажэйкаўскага спіртзавода, крыху пазней – на будоўлях: у Скрыбаўцах сталовую узводзілі, у Жалудку – універмаг, працавала і на іншых аб’ектах. Некаторы час тут дзейнічаў цэх завода “Лідсельмаш”, дзе выпускалі дэталі да трактароў. Уладкавалася туды на работу і асвоіла, так бы мовіць, не зусім жаночыя спецыяльнасці.

 

З цеплынёй успамінае Марыя Янаўна былыя часы, калі ўся вясковая моладзь збіралася на пасядзелкі ў адным з дамоў.

 

– Прыйдзеш з работы, крыху адпачнеш – і на вячоркі! – расказвае бабуля. – Такі вечар ніяк нельга было прапусціць! Дзяўчаты вязалі, вышывалі, а то і кудзелю пралі. І хлопцы абавязкова збіраліся. Як весела было! У гульні ўсялякія гулялі, танцы ладзілі. Музыкантаў хлопцы ноймуць, і тыя граюць ад душы.

 

Кросны і ўсе ткацкія прылады, якія некалі зрабілі мясцовыя майстры, доўгі час захоўваліся ў доме Марыі Янаўны. – Не так даўно аддала яна іх у музей. А калаўродак да гэтай пары беражэ як рэліквію.

 

– Ткалі мы ў асноўным зімою, – гаворыць майстрыха. – Тады было больш свабоднага часу. А як потым на пенсію пайшлі, лічы, суткамі сядзелі за кроснамі. Каб ткаць дываны, ніткі атрымлівалі з авечай кудзелі, якую пралі, сукалі, мылі і фарбавалі.

 

Цяпер дываны, некалі з любоўю вытканыя Марыяй Янаўнай, беражліва захоўваюць дзеці і ўнукі. Сына і дачку вырасцілі Марыя Янаўна са сваім мужам, які ўсё жыццё адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы на трактары. Дачка – настаўніца, працуе ў Жалудоцкай СШ, а сын – ахоўнік правапарадку ў Гродне.

 

– Унукі, а іх у мяне чацвёра, часта распытваюць пра тое, як мы раней жылі, – гаворыць бабуля. – Я ім расказваю, як мая матуля хлеб пякла, як ранняй вясной варыла “вітамінны” суп з крапівы і з вяршкоў лебяды, як з цукровых буракоў вырабляла цукар…

 

 

 

Ядвіга Іосіфаўна Бурнос у Баяры Лебяцкія прыйшла замуж. Скончыўшы восем класаў, ў калгасе даіла кароў. А потым працавала ў меліярацыйнай сістэме, была брыгадзірам. І мужа свайго там на адным з участкаў сустрэла.

 

Гледзячы на гэту жанчыну, проста дзіву даешся, адкуль у яе бяруцца сілы, каб даглядаць такую гаспадарку! Кароўка, а ў мінулым годзе было дзве, больш за 30 авечак, 11 в’етнамскіх свінак, дзве казы, куры, гусі, а яшчэ некалькі агародаў, якія яна паспявае засаджваць вясною і даглядаць увесь сезон, а ўвосень збіраць ураджай!

 

– У мяне ёсць нейкая асобая сіла: я працую, а мне яшчэ больш хочацца, – гаворыць Ядвіга Іосіфаўна. – Сын Дзімка мне дапамагае, ён тут бліжэй каля мяне, а старэйшы Гена жыве ў Лідзе.

 

А яшчэ Ядвіга Іосіфаўна – гаспадыня выдатная. Слава пра пірагі, якія яна выпякае, вядома далёка за межамі яе вёскі. Таму напярэдадні надыходзячага Вялікадня я не магла не папрасіць рэцэпт для нашых чытачоў.
– У мяне няма дакладных прапорцый, усё кладу прыблізна, – расказвае Ядвіга Іосіфаўна. – Грамаў 150-200 дражджэй, крыху цукру, разбавіць цёплым малаком і крышку пасыпаць мукою. Даць пастаяць. Добра ўзбіць пяць бялкоў і адно яйка. Злучыць гэтыя прадукты і дабавіць два літры даведзенага да кіпеню і астуджанага малака, 800 грамаў цукру, 200-250 грамаў масла, соль, ванілін і прыкладна 3кг 700 г прасеянай мукі. Усё перамяшаць і паставіць у цёплае месца. Разы чатыры даваць цесту паднімацца. Перад тым, як ставіць пірагі ў печку або ў духоўку, памазаць іх зверху добра размешанымі жаўткамі, што засталіся.

 

 

 

Алена Францаўна Богдзель са сваім мужам вырашылі вярнуцца з Гродна на малую радзіму мужа ў далёкія 90-ыя. У выніку скарачэння на прадзільна-нітачным камбінаце яна засталася без работы. Тады і ўзнікла думка: “А чаму не? Чаму не пераехаць ў бацькоўскі дом і не заняцца гаспадаркай?”
Спачатку ў Баяры Лябецкія прыехала толькі Алена Францаўна. Муж яшчэ працаваў вадзіцелем у аўтакалоне.

 

– Завялі кароў, свіней, курэй, нават конь свой быў, – расказвае Алена Францаўна. – Малако здавалі гаспадарцы. Спачатку цяжкавата было, а потым нічога, прызвычаілася. Я работы не баюся: у вёсцы ж вырасла, у вялікай сям’і. У шэсць гадкоў засталася без мамы. Нас было 12 дзяцей. Праз некаторы час бацька ажаніўся і нарадзіліся яшчэ чацвёра. Калі я перайшла ў чацвёрты клас, мяне з братам адправілі ў інтэрнат у Навагрудак. Там мы скончылі восем класаў, а ў дзявятым і дзясятым жылі і вучыліся ў Ашмянах. Я разумела, што сям’я ў нас вялікая, і бацька мне нічым дапамагчы не зможа, хоць і лічыўся выдатным мясцовым майстрам – шыў кажухі, касцюмы. Таму пасля заканчэння школы мы сабраліся некалькі дзяўчат і накіраваліся ў Падмаскоўе. Там якраз адкрываўся баваўняна-прадзільны камбінат. Працавалі там каля двух год. А потым пераехалі ў Гродна.

 

10 год яны жылі ў доме бацькоў мужа, а потым пачалі будаваць свой. Цяпер абуладкоўваць яго дапамагаюць сын, нявестка, дачка. Сын патынкаваў сцены, склаў ладную печку, праклаў праводку – рукі ў яго залатыя.

 

– У сезон працую на агародзе, вырошчваю перчыкі, агуркі, бульбачку, – гаворыць Алена Францаўна. – І каля дома работы заўсёды хапае.

 

Да надыходзячага сезона гаспадыня ўжо рыхтуецца: на падаконніку дружна расце расада перцаў. І яе здольнасцям кветкавода можна толькі пазайздросціць: ад прыгожага амарыліса проста вачэй не адвесці.
…Над канапай у пакоі – прыгожая карціна: там намаляваны дом Алены Францаўны. Такі падарунак пакінула бабулі ўнучка Марыя – яна мастачка. Няхай у гэтым доме заўсёды жыве толькі радасць.

 

…Вось з такімі вяскоўцамі мне давялося сустрэцца на гэты раз. Цудоўныя людзі. Душэўныя…

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!