Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?
Калі цяперашнія старшакласнікі пагартаюць школьныя выпускныя фотаальбомы сваіх дзядуль і бабуль, бацькоў, старэйшых братоў і сясцёр, яны змогуць убачыць, як змянялася выпускная мода: ад сціпласці да эпатажу. Цяпер вячэрняя мода зноў вяртаецца да ідэі стрыманай элегантнасці.
Сёння ў беларускіх адзінаццацікласнікаў і іх бацькоў выбар, у прынцыпе, ёсць: выпускны ўбор можна купіць, пашыць, узяць на пракат. Але што выбраць, каб выглядаць годна?
Першы баль Наташы Растовай
Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок. Агульнае правіла стылю ў гэтым сезоне гучыць так: адкрытыя дэкальтэ і экстрэмальныя міні... здаём у модны архіў! Для стварэння святочнага вобраза актуальныя тканіны, што струменяцца, далікатныя вобразы і мяккія колеры (блакітныя, бледна-ружовыя, персікавыя, няяркія лімонныя, аліўкавыя, бэжавыя, кававыя, пясочныя, крэмавыя тоны).
Адно з ключавых пытанняў пры выбары выпускнога ўбору — даўжыня сукенкі. Шмат гадоў правільным рашэннем лічылася доўгая сукенка, часам ну проста «ў падлогу». Сёння канкурэнцыю максі (як і міні) складае адначасова мілая і рэспектабельная даўжыня мідзі. Выбіраючы даўжыню, важна аб'ектыўна ацаніць фігуру выпускніцы. Калі дзяўчына невысокая, можна спыніцца на даўжыні крыху ніжэй за калена або выбраць доўгую сукенку прамога сілуэта. На «худышках» выйгрышна будзе выглядаць А-сілуэт. Калі ростам дзяўчына не абдзелена, ідэальна падыдуць і максі, і тая ж бяспройгрышная, модная цяпер «кактэйльная» даўжыня спадніцы — крыху ніжэй за калена.
Колер. Пастэльныя тоны сталі знакавымі ў сучаснай вячэрняй модзе: белы з ружовым адценнем, далікатна-блакітны, бэжавы і крэмавы (гэтыя апошнія будуць выглядаць дорага і дададуць вобразу рэспектабельнасці). Таксама актуальныя тоны чайнай ружы, персікавы, цытрынавы, лавандавы і мятны. Насычаныя колеры для выпускных сукенак — у першую чаргу глыбокія вішнёвы, сіні і зялёны. З яркіх колераў у лінейцы вячэрніх нарадаў у гэтым сезоне былі прадстаўлены класічны чорны (падыдзе далёка не ўсім!), сярэбраныя і залатыя тоны (для смелых). Адна з самых актуальных у гэтым сезоне расфарбовак для вячэрніх сукенак — кветкавы прынт. Пры гэтым, у адрозненне ад мінулых сезонаў, гэты прынт актуальны ў спакойных пастэльных тонах: так дзяўчына будзе выглядаць рамантычна і пяшчотна. У трэндзе, дарэчы, самы дзявочы колер — прыглушаны ружовы, прычым у розных варыяцыях: і калі сукенка аднатонная, і ружовы дэкор, і прынт, і вышыўка.
Фасон і дэкор
Калі вы сочыце за модай, не стане адкрыццём акцэнт на рукавы. Гэта датычыцца і «выпускной» моды. Гэтай вясной актуальныя выпускныя сукенкі з доўгім рукавом, дзе рукавы — свайго роду ўпрыгожванне. Яны могуць быць празрыстымі або карункавымі, іх расшываюць пацеркамі і ўпрыгожваюць вышыўкай. А наогул, з улікам капрызаў беларускага надвор'я сукенка з доўгім рукавом на выпускны — яшчэ і вельмі практычнае рашэнне.
Наступны актуальны фасон — класічная сукенка-кактэйль: прыталены гарсэт і пышная спадніца даўжыні мідзі. Ідэальны варыянт практычна для любой фігуры (за выключэннем тыпу фігуры «прамавугольнік» з неяскрава выяўленай таліяй).
Сучасная мода выступае за лаканічнасць і арыстакратычную прастату, але здаецца, што для нашага выпадку — выбару сукенкі на выпускны — гэты трэнд не падыходзіць. А вось і не! Прамая або прыталеная сукенка лаканічнага фасону — амаль без дэкору, з якаснай тканіны, дарагога колеру падкрэсліць тонкасць густу і вытанчанасць дзяўчыны і будзе глядзецца вельмі па-жаноцку.
Прыгадаем і яшчэ адзін знакавы трэнд сучаснай вячэрняй моды — уборы ў стылі рэтра. Як вядома, рэтра — рэч небяспечная: вобразы ў гэтым стылі могуць візуальна зрабіць вас на некалькі гадоў старэйшымі. Але ў дадзеным выпадку гэта не страшна, а, магчыма, нават і плюс. Для такіх сукенак характэрныя адразны фасон па лініі таліі, доўгія рукавы, аздабленне зоны дэкальтэ, карункі і гузікі.
І, дарэчы, калі казаць аб дэкоры, то ў вячэрняй модзе — 2021 актуальная вышыўка: яна ўпрыгожвае гарсэты, рукавы і падол, яе камбінуюць са стразамі і паеткамі. Таксама дарэчы ў гэтым сезоне карункі — толькі тут лепш спыніцца на прыглушаных, пудравых тонах.
Яшчэ адна цікавая знаходка сезона ў галіне моды для святаў і ўрачыстасцяў — даўно і трывала забыты тандэм топа (у гэтым сезоне — кроп-топ) і спадніцы. Зразумела, даўжыню кроп-топа варта выбраць разумную (не забываемся, што ў модзе сціпласць, а не эпатаж). Спалучэнне-фаварыт у стылістаў — карункавы топ плюс фацінавая спадніца.
Ну, а калі вам усё ж па душы класіка жанру, то аголеныя плечы спалучаем з пышным падолам і сціплай даўжынёй. Або выбіраем фасон «рыбка» — не надта зручна, але сапраўды эфектна, калі выпускніца — шчаслівая ўладальніца фігуры «пясочны гадзіннік».
Што акрамя сукенкі?
Часта сучасныя дзяўчаты не любяць сукенкі. Ну, або любяць разбіваць стэрэатыпы — на тое і маладосць. Ці хочуць вылучыцца сярод аднакласніц. Альтэрнатыўны варыянт вячэрняга жаночага вобраза, бласлаўлёны вядучымі моднымі дамамі, — касцюм (пінжак не са спадніцай, а са штанамі). Практычна, зручна, эфектна, арыгінальна. І да таго ж гэта разумнае рашэнне, бо пасля свята выпускная сукенка, хутчэй за ўсё, будзе надоўга, калі не назаўсёды, забытая ў шафе, а касцюм яго ўладальніца выгуляе яшчэ не раз. Але строгія паўсядзённыя касцюмы — не варыянт: вы ж не ў офіс сабраліся. Нам патрэбны менавіта вячэрні касцюм — з атласу, шоўку ці іншых струменістых тканін. Цяпер пра фасон. Калі ў вас доўгія ногі, можна спыніцца на досыць вузкіх, скарочаных мадэлях штаноў. Спалучаць іх варта з лёгкімі блузамі. Выдатны варыянт практычна для любой камплекцыі — палаца з высокай таліяй, якія цяпер на грэбні моднай хвалі. Топ у гэтым выпадку варта абраць вузкі. Хоць і свабодная блуза можа быць дарэчная. Што датычыцца пінжака (жакета), ён можа быць кароткім або класічнай даўжыні, у меру прыталеным або прамым. Блуза або топ могуць быць з ажурнымі або напаўпразрыстымі ўстаўкамі. А вось ад страз і паетак у дадзеным выпадку лепш адмовіцца. Вобраз павінен быць дастаткова стрыманым, хоць і святочным. Лепш дапоўніць яго якаснай біжутэрыяй, а ў ідэале — някідкімі, стыльнымі ювелірнымі ўпрыгожваннямі. Цяпер аб колеры касцюма. Можна выбраць пастэльныя далікатныя тоны, якія падкрэсліваюць юнацкасць і пяшчотнасць вобраза. Або яркія варыянты: актуальныя глыбокі сіні і бірузовы, бардовы і слівавы, каралавы і чырвоны, а таксама ўся бэзавая палітра.
Гэта прыгожа...
Мамам хлопчыкаў сабраць «дзіця» на выпускны, здавалася б, прасцей — відавочна, што трэба проста выбраць касцюм. Хлопец у касцюме — пагадзіцеся, прыгожа. У гэтым цёплым сезоне стылісты раяць спыніцца на светлым касцюме: камфортна, не горача і стыльна. Колеры — светла-шэры, слановая косць, уся бэжавая палітра. Пры гэтым кашулю мода патрабуе выбраць каляровую — яркага або глыбокага, насычанага колеру — такое спалучэнне на грэбні хвалі мужчынскай моды — 2021. Што датычыцца абутку, дызайнеры рэкамендуюць маладым людзям прымераць пад касцюм... белыя кеды або яркія красоўкі.
А ўвогуле, дэвіз сучаснай мужчынскай моды — не трэба баяцца быць арыгінальным. Так што колерамі мужчынскага касцюма на выпускны могуць быць досыць нечаканыя адценні: ад далікатна-блакітнага і бледна-ружовага да няяркага салатавага. Але гэта — для самых адважных і дзёрзкіх. Для іх жа: таксама касцюм можа быць яркі (тады, адпаведна, колер кашулі павінен быць класічны). Дапушчальныя чырвоныя, бірузовыя, аліўкавыя і жоўтыя тоны, а асабліва стыльна будуць выглядаць колеры вохра і марсала.
Зрэшты, можна і зусім адысці ад традыцыі «касцюм на выпускны» і стварыць стыльны вобраз з дапамогай светлых штаноў і каляровага пінжака ці, наадварот, светлага пінжака з каляровымі штанамі. Або аддаць перавагу актуальнаму зараз «брытанскаму стылю» — клятчастаму пінжаку або ўвогуле касцюму ў клетку. Брытанскі стыль можа стварыць шыкоўны вобраз, калі гарманічна спалучыць колеры і падабраць аксесуары (гальштук, рэмень, па жаданні — нагрудную насоўку).
Пра што не варта забываць
Якім бы ні быў убор, памятаем універсальныя правілы стварэння стыльнага вобраза:
• Чалавек выглядае прывабна, калі ў той ці іншай вопратцы яму фізічна зручна. Калі ўбор не цісне, не націрае, дазваляе свабодна дыхаць і рухацца. У адваротным выпадку нават самы дарагі вобраз не ўратуе сітуацыю. Такім чынам, не забываемся, акрамя эфектнасці, яшчэ і пра камфорт. Бо вам прыйдзецца не толькі паважна стаяць і сядзець, але і весяліцца, танцаваць і сустракаць світанак. Гэта ў першую чаргу аб высокіх абцасах. «Ты ж дзяўчынка, пацерпіш!» — не аргумент: можа быць, лепш выбраць абутак на плоскай хадзе — напрыклад, актуальныя ў гэтым сезоне балеткі з раменьчыкам вакол шчыкалаткі або лодачкі без абцаса. Ну, ці хаця б абцас ніжэйшы...
• Ахраматы — чыстыя чорны і белы колеры — досыць неадназначны выбар для выпускнога вечара. Хлопец у строгім чорным касцюме рызыкуе выглядаць як супрацоўнік пахавальнага бюро, дзяўчына ў чорных карунках — як удава з галівудскага фільма. Ну, а белы плюс карункі ў выпускной сукенцы могуць выклікаць устойлівую асацыяцыю з вобразам нявесты, і жартаў аднакласнікаў не пазбегнуць...
• Памятаем, што выпускны вечар — гэта пры ўсім пры тым дзелавое, афіцыйнае мерапрыемства. А значыць, варта прытрымлівацца адпаведнага дрэс-кода. І тут зноў звяртаемся да дзяўчат. Не варта імкнуцца напрыканцы ўразіць сваім уборам дырэктара школы або настаўніка фізкультуры. Памятаем пра сціпласць, тым больш што стрыманасць вобразаў — адзін з трэндаў-2021.