Хутка будуць наваселлі. Даведаліся пра аб’ёмы і тэмпы работ на аб’ектах будаўніцтва ў Шчучынскім раёне

 

Цёплае надвор’е спрыяе будаўнічым работам. Зараз у нашым раёне актыўная дзейнасць ідзе на некалькіх аб’ектах жылфонду: праводзіцца капітальны рамонт, узводзяцца новыя будынкі. Адным словам, працы ў шчучынскіх будаўнікоў дастаткова.

 

У раёне вуліцы Заводскай у Шчучыне ідзе будаўніцтва пяціпавярховага шасцідзесяці­кватэрнага дома. Генеральным падрадчыкам на аб’екце выступае Шчучынская МПМК-167. На сёння будаўнікі ўжо цалкам падрыхтавалі каробку дома і накрылі дах. Таксама ў будынку паставілі вокны, завяршылі сцяжку падлог. Зараз вядуцца тынковачныя работы ўнутры аб’екта, яны выкананы на 70%, хутка пачнуцца “чыставыя” аддзелачныя работы.

 

Водныя і электракамунікацыі ўжо падведзены да дома, аднак трэба яшчэ зрабіць бытавую каналізацыю. Таксама трэба далучыць дом да цеплатрасы.

 

 

Уцяплення чакаюць вонкавыя фасады дома, якія таксама будуць тынкавацца. Пасля гэтага пачнецца мантаж вадасцёкавай сістэмы. Фінальным этапам будаўніцтва стане добраўпарадкаванне тэрыторыі каля новага дома.

 

Тэрміны здачы аб’екта застаюцца нязменнымі. Увесці новы будынак у эксплуатацыю плануецца ўжо ў чэрвені гэтага года.

 

Паралельна вядзецца будаўніцтва двухпавярховага чатырохкватэрнага дома па вуліцы Някрасава ў Шчучыне. Будынак будзе прызначаны пад жыллё для работнікаў ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Работы на аб’екце выконвае прыватнае прадпрыемства “АСПстройком”, там ужо перакрыты другі паверх, чакаецца ўзвядзенне франтонаў, працуюць электрыкі.

 

 

Актыўна праводзіцца капітальны рамонт жылфонду нашага раёна. Зараз будаўнікі працуюць на двух аб’ектах – па вуліцы Гастэлы, 11 у Шчучыне і вуліцы Лясной, 2 у Жалудку. Падрадчыкам на гэтых аб’ектах выступае Шчучынскае РУП ЖКГ. Падрабязней пра рамонт нам расказаў галоўны інжынер ДП “УКБ Шчучынскага раёна” Аляксандр Малышка:

 

– На аб’ектах капітальнага рамонту прадугледжаны стандартны набор будаўнічых работ. Першапачаткова вырашаюцца пытанні з дахам. На доме па вуліцы Гастэлы двухсхільны дах, ён будзе перакрывацца новым матэрыялам – металапрофілем. Дадаткова будаўнікі ўмацуюць страпільную сістэму і абновяць вентшахты. Што тычыцца будынка ў Жалудку па вуліцы Лясной, то там мяккі дах. Яго абновяць дзякуючы нанясенню двух дадатковых слаёў ізаляцыйнага матэрыялу. Таксама памяняюць парапеты.

 

 

Акрамя таго, праектам па капітальным рамонце жылых будынкаў прадугледжана ўцяпленне і абнаўленне фасадаў дамоў, замена вадасцёкавай сістэмы і адмосткі. У месцах агульнага карыстання будуць ставіцца новыя вокны і дзверы. Адрамантуюцца ўваходныя групы, а на лесвічных клетках заменяць асвятленне. Таксама заменены будуць цеплавыя і вадамерныя вузлы, шчытавыя падстанцыі і разводкі каналізацыі.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!