Абнаўленне жылфонду працягваецца. Даведаліся, як праходзіць капітальны рамонт жылых будынкаў у нашым раёне
Паступова абнаўляецца і прыгажэе жылфонд нашага раёна. Круглы год ідуць працы на аб’ектах, але менавіта летам, калі надвор’е максімальна спрыяльнае, будаўнікі стараюцца зрабіць як мага больш. Таму “Дзянніца” вырашыла даведацца, як праходзіць капітальны рамонт жылфонду ў нашым раёне.
У чэрвені ў эксплуатацыю пасля рамонту былі здадзены дом № 7 па вуліцы Піянерскай і дом № 42 па Зялёнай. Працы на гэтых аб’ектах выконвала падрадная арганізацыя РУП ЖКГ. Рамонт прайшоў згодна з планам, а будаўнікі ўжо пачалі работу над домам № 12 па вуліцы Камсамольскай у Шчучыне і домам № 1 па вуліцы Леніна ў аграгарадку Галавічполле. Пра гэта нам паведаміў галоўны інжынер КУДП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шчучынскага раёна” Аляксандр Малышка.
– Зараз ідзе актыўны рамонт дома па вуліцы Камсамольскай № 12, – адзначае Аляксандр Міхайлавіч. – На гэтым аб’екце галоўны аб’ём работ прыпадае на двухскатны страпільны дах. Там будуць мяняцца драўляныя перакрыцці, а сам дах – пакрывацца металапрофілем. Плануецца ўцяпленне вентшахт, што дазволіць пазбегнуць узнікнення кандэнсату. Таксама будзе ставіцца агароджа даху, якая зімой стрымлівае снег і можа выкарыстоўвацца камунальнікамі для фіксацыі падчас розных работ.
Праектам капітальнага рамонту дома № 12 па вуліцы Камсамольскай прадугледжана новая адмостка і ўдасканальванне вадасцёкавай сістэмы. Будуць праводзіцца электрамантажныя працы на лесвічнай клетцы і грунтоўны рамонт уваходных груп. Важна, што ў будынку ёсць падвал, а гэта значыць, што там пройдзе замена абсталявання і камунікацый.
Разам з тым, нядаўна пачаліся працы ў аграгарадку Галавічполле. Дом па вуліцы Леніна № 1 чакае рамонт даху і ўваходных груп. Будуць заменены вокны на лесвічнай клетцы, а таксама адмостка вакол будынка. Маштабныя змены чакаюць вентыляцыйныя шахты гэтага дома, якія знаходзяцца ў кепскім стане. Вентшахты будуць разбірацца, перакладвацца нанова і ўцяпляцца. Паводле праекта плануецца таксама правесці ўцяпленне фасадаў будынка ў межах вуглавых кватэр. Гэта з вязана з тым, што менавіта ў гэтых месцах на сценах назіраецца няпоўнае запаўненне цагляных швоў і таму кватэры прадуваюцца.
Таксама працягваецца капітальны рамонт дзевяціпавярховага дома № 6 па вуліцы 17 Верасня ў Шчучыне. Работы на гэтым аб’екце ажыццяўляе падрадчык вытворча-будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства “Смартмен”. У хуткім часе пачнуцца будаўнічыя працы і на суседнім дзевяціпавярховым доме № 8.
У плане капітальнага рамонту жылфонду Шчучынскага раёна на 2023 год значыцца дом № 12 па вуліцы Савецкай у пасёлку Дубрава. Арыенціровачна працы на гэтым аб’екце пачнуцца ў кастрычніку гэтага года.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.