Хто глядзіць у люстэрка “Дзянніцы”. Пачынаем расказваць пра самых верных падпісчыкаў нашай газеты

 

– Мяне пакінуць без раёнкі – гэта тое самае, што свежага паветра пазбавіць, – і жартам, і ўсур’ёз гаворыць Леакадзія Браніславаўна Дубінец, якая чытае нашу газету з той самай пары, калі ўвогуле навучылася чытаць. – Колькі памятаю сябе, у нашым доме ў вёсцы Гудзішкі заўсёды на стале ляжала “Савецкая вёска” – папярэдніца “Дзянніцы”, яе з павагай бралі ў рукі мае бацькі, з цікавасцю знаёміліся з навінамі раёна, а, бадай, самым “сенсацыйным” было тое, калі на старонках любімага выдання мы бачылі фотаздымак або аповед пра кагосьці са сваіх знаёмых, суседзяў ці нават сваякоў. Як ні мяркуй, а раённая газета – самая блізкая да чытача! З ёй сябрую ўжо не адно дзесяцігоддзе, ведаю творчы почырк кожнага аўтара, а любімая тэма – адукацыя.

 

Яно і зразумела: Леакадзія Браніславаўна больш за 40 гадоў прысвяціла педагагічнай працы. Калісьці ў далёкіх 70-х пачынала з піянерскай важатай у Гурнофельскай васьмігодцы. Тады ж і сама пачала дасылаць заметкі ў газету, дэбютуючы з публікацыяй у тэматычным праекце “Піянерская зорка”, дзе змяшчаліся матэрыялы аб самых, як цяпер сказалі б, крэатыўных школьных мерапрыемствах. А вось прапанаваць у літаратурную старонку ўласныя вершы юная паэтка так і не рашылася. Значыць, усё яшчэ наперадзе – варта толькі пераглядзець старыя сшыткі!

 

Сапраўды, той юнацкі задор, лірычнасць натуры, актыўную жыццёвую пазіцыю гэта жанчына пранесла праз усё жыццё. “Аптыміст, які ўмее натхніць і захапіць крылатай ідэяй іншых”, – так гавораць пра Леакадзію тыя, хто яе добра ведае.

 

Дарэчы, Л.Б. Дубінец – па дыпломе настаўнік матэматыкі, у свой час выкладала гэту дысцыпліну ў Лычкаўскай і іншых сельскіх школах, чвэрць стагоддзя працавала метадыстам ў дзіцячым садку №6 горада Шчучына, у іншых установах адукацыі. Але дзе б ні прыйшлося прыкласці свае веды і энергетыку неспакойнай душы, усюды пра Леакадзію Браніславаўну самыя лепшыя водгукі. І сёння яна па-ранейшаму ў страі – выхоўвае малышоў у дзіцячым садку №3, з захапленнем удзельнічае ў грамадскім жыцці калектыву, ахвотна перадае вопыт сваім маладым калегам і … ніколі не праміне, каб не падзяліцца ўражаннямі, прачытаўшы штосьці эксклюзіўнае ў любімай “Дзянніцы”.

 

– Я родам з тых мясцін, дзе людзі старэйшага пакалення памяталі і ахвотна расказвалі пра нашага знакамітага земляка Чэслава Немэна, пра сям’ю Выджыцкіх, таму мне заўсёды цікава дапаўняць свой досвед фактамі і падзеямі, пра якія на гэту тэму досыць часта піша газета, – кажа Леакадзія Браніславаўна. – Нядаўна прачытала пра сям’ю педагогаў Будрэвічаў з Жалудка, з якімі я калісь працавала ў Арцюшоўскай школе. Столькі добрых эмоцый і ўспамінаў нахлынула: цудоўныя людзі і цудоўны быў час! З задавальненнем даведалася і пра інавацыі ў інфраструктуры трэцяй гарадской школы. А як ганаруся поспехамі нашага Палаца творчасці дзяцей і моладзі! Там жа займаецца мая ўнучка Кацярына! Увогуле вельмі радуюся за моладзь, за тыя магчымасці для самарэалізацыі кожнага таленавітага чалавека, якія сёння прадстаўлены і дзяржавай, і раённай уладай на месцах. Менавіта з газетнай публікацыі даведалася пра нашага новага лідара БРСМ Алену Пратасевіч – адкуль прыйшла, дзе вучылася, з якімі памкненнямі і якой праграмай настроена працаваць… Заўсёды чытаю, каго ўзнагародзілі за працу, асабліва прыемна пры гэтым знаходзіць прозвішчы сваіх знаёмых, іншы раз далучаюся да віншаванняў. Вось узвялі дом, пабудавалі магазін, адкрылі новую вытворчасць, заваявалі прэстыжныя дыпломы – кожны нумар “Дзянніцы” нясе навіны, нібы ў люстэрку паказвае жыццё раёна на даны момант. Ну скажыце, як можна не выпісаць такую газету? Нават, калі ты жывеш у самай глыбінцы, з “Дзянніцай” ты ўсё адно на грэбні падзей.

 

Гэта меркаванне нашай вернай чытачкі Леакадзіі Браніславаўны Дубінец раздзяляюць многія шчучынцы і жыхары раёна. А мы ў сваю чаргу ў рубрыцы “Нашы падпісчыкі” будзем расказваць вам гісторыі такіх неабыякавых людзей.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!