Хроніка здарэнняў
Спакуса для злодзея
Маладая шчучынка неабачліва пакінула свой кашалёк у таварнай карзіне на стэлажы аднаго з магазінаў горада. Рэч знікла хутка. Як кажуць, плакалі грошыкі – 130 рублёў і некалькі долараў ЗША. Раённы аддзел Следчага камітэта тут жа завёў па факце крадзяжу крымінальную справу. І асоба таго, хто паквапіўся на чужое, ужо ўстаноўлена. Як высветлілася, не здолела справіцца са спакусай забраць чужое жанчына-пенсіянерка. Рублі і долары давялося вярнуць. Раней праблем з законам гэта жанчына не мела.
У пошуках святла. І не толькі
Невядомы пакуль зламыснік дастаў акно ў нежылым доме, што ў вёсцы Канстанцінаўка, і вынес адтуль свяцільню “Чэмпіён” за 18 рублёў. Хто так настойліва імкнуўся з цемры да святла, цяпер высвятляюць праваахоўнікі.
Таксама вядзецца вышук і зламыснікаў, якія “гаспадарылі” ў доме ў вёсцы Міцары, які на праве спадчыны належыць жыхарцы абласнога цэнтра. Няпрошаных “гасцей” цікавілі электраправодка і падаўжальнік. А вось асобы марадзёраў, якія “пачысцілі” гаспадарчую пабудову на апусцелай сядзібе ў Клімаўшчыне, сышчыкі ўжо ўстанавілі. Камплект проваду да зварачнага апарата і электрашнуры да бытавой тэхнікі сцібрылі раней неаднаразова судзімыя шчучынец і жыхар іншай вобласці. Дарэчы, гэтыя грамадзяне падазраюцца і ў зладзейскіх набегах на іншыя апусцелыя дамы.
Свой бровар?
У гаспадарчай пабудове на сядзібе жыхара Астрыны супрацоўнікі міліцыі знайшлі 420 літраў самагоннай брагі і апарат для перагонкі яе ў вядомы напой з градусамі. Вадкасць са спецыфічным пахам знішчана, у адносінах да пенсіянера праводзіцца праверка.
Работнічкі…
Супрацоўнікі АДАІ ў аграгарадку Балічы затрымалі механізатара, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і кіраваў трактарам. Нецвярозай была і жанчына-палявод, якую міліцыянеры сустрэлі на тэрыторыі мехмайстэрні ў Новым Двары.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.