Хроніка здарэнняў

 

Крымінальны “апетыт”

 

Ці то нябесныя свяцілы так уплываюць на людзей, ці што іншае… Бо ўчынкі некаторых асоб часам цяжка паддаюцца тлумачэнню. Вось што сказаць пра вяскоўца з Краснай, які з незачыненага дома інваліда першай групы ўкраў паўкілаграма свінога сала? Каб папрасіў – яго б пачаставалі. А так цяпер і перад землякамі сорамна, і следчыя яго асобай зацікавіліся. Дарэчы,  давядзецца тлумачыць людзям у пагонах і тое, чаму ён прыхапіў яшчэ і каля трох кілаграмаў меднага кабелю…

 

Павышаны апетыт падвёў і раней судзімага жыхара вёскі Петрашкі: мужчына вечарам выставіў аконную раму ў доме жыхара Орлі і ўкраў прадукты харчавання. А потым прызнаўся ў садзеянным. Гэта будзе ўлічана, але адказваць перад законам усё ж давядзецца.

 

Устаноўлена таксама, хто пад покрывам ночы з альтанкі ў двары дома жыхара Васілішак учыніў крадзеж некалькіх бутэлек гарэлкі і прадуктаў харчавання. Пад падазрэнне трапіла мясцовая жыхарка.
Ноч адчыненых дзвярэй

 

З незамкнёнага пакоя ў адным з гарадскіх інтэрнатаў у прамежак часу з гадзіны ночы да раніцы знік сістэмны блок коштам 2500 рублёў. Ужо на наступны дзень супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што крадзеж учыніў малады чалавек, які, дарэчы, да гэтага ў канфлікт з законам не ўступаў.

 

Усё яшчэ вядзецца вышук хулігана, які ноччу пашкодзіў 11 жалезабетонных секцый дэкаратыўнай агароджы на адной з вуліц аграгарадка Новы Двор. Нанесеныя страты ацэнены ў суму 147 рублёў.

 

Дзе падасць “голас” бензатрымер?

 

Невядомы пакуль зладзюжка прабраўся ў гараж у вёсцы Пузынаўцы, які належыць жыхару абласнога цэнтра. Там яго зацікавіла не абы-якая жалязяка, а бензатрымер “Хускварна” коштам 400 рублёў. Гэты інструмент ён і прыхапіў. Раённы аддзел Следчага камітэта завёў па факце крымінальную справу.

 

Не з пустымі рукамі, а з бензапілой і вуглашліфмашынкай пайшоў з гасцей жыхар Старадворцаў. Ахвоты завалодаць чужой маёмасцю дабавілася ў непрацуючага мужчыны пасля застолля.

 

Асцярожна, махляры!

 

Хітрыя махляры, якія абчышчаюць банкаўскія плацежныя карткі, не сунімаюцца. Толькі ў апошні час ад іх дзеянняў пацярпелі некалькі гараджанак. У прыватнасці, адна жыхарка Шчучына страціла 95 рублёў, другая – больш за 400, трэцяя – ажно 960. На “кручок” махінатараў трапляюць і маладыя асобы, і жанчыны старэйшага ўзросту.

 

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!