Хроніка падзей. 80 год назад Шчучынская зямля была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
23 чэрвеня 1944 года пачалося вызваленне Беларусі – аперацыя “Баграціён”, якая стала адной з лепшых аперацый Чырвонай Арміі ў Вялікай Айчыннай вайне.
На вызваленне Шчучыншчыны рушылі 3-ці гвардзейскі кавалерыйскі корпус Аслікоўскага і 31-я армія генерал-лейтэнанта Глаголева з 3-га Беларускага фронту і 50-я армія генерала Болдзіна з 2-га Беларускага фронту.
На ўсходнія межы Шчучыншчыны фашысты кінулі 50-ю пяхотную дывізію вермахта генерал-маёра Хаўса. Дывізію з такім нумарам Чырвоная Армія вясной 1944 года знішчыла ў Крыму. Яе рэшткі ў красавіку-чэрвені былі папоўнены нямецкімі салдатамі з нарвежскіх гарнізонаў і вялікай колькасцю навабранцаў, пераважна берлінцаў. 9 ліпеня 50-ю дывізію немцаў даставілі на чыгуначную станцыю ў Скрыбаўцах, адкуль яна хутка разгарнулася ўздоўж ракі Дзітвы. Нямецкія грэнадзёрскія палкі ўмацоўваліся ў Новым Двары, Васілішках і Астрыне.
Першым на вызваленне Шчучыншчыны рушыў 3-ці гвардзейскі кавалерыйскі корпус генерал-лейтэнанта Аслікоўскага, які ў 11 гадзін раніцы 10 ліпеня 1944 года фарсіраваў Дзітву і пайшоў на захад. У другой палове 10 ліпеня 6-я гвардзейская кавалерыйская дывізія генерал-маёра Брыкеля вызваліла Новы Двор. Каля 18 гадзін 11 ліпеня 32-я Смаленская кавалерыйская дывізія генерала Калюжнага і Зводная знішчальная брыгада палкоўніка Каўтанюка з баямі прарваліся да ўсходняга ўскрайку Васілішак. За імі ў якасці рэзерву ішла 5-я гвардзейская кавалерыйская дывізія генерала Чапуркіна. Немцы ўпарта абараняліся. Тады Чапуркін паслаў 22-гі кавалерыйскі полк у абход Васілішак на паўночны захад. Чырвоная гвардзейская кавалерыя рухалася так імкліва, што позна вечарам 11 ліпеня дасягнула Астрыны і вызваліла мястэчка. У гэты ж дзень партызанская брыгада імя Ленінскага камсамола злучылася з часцямі Чырвонай Арміі. Неўзабаве генерал-лейтэнант Аслікоўскі ўвёў у бой пад Васілішкамі свой рэзерв – 5-ю гвардзейскую кавалерыйскую дывізію. Не вытрымаўшы ўдару, пад пагрозай акружэння 50-я пяхотная нямецкая дывізія адкацілася з-пад Васілішак на паўднёвы захад да Шчучына.
11 ліпеня па войсках 31-й арміі быў разасланы загад – раніцай 12 ліпеня пачаць наступленне ў напрамку Гродна – Друскенікі. Галоўны ўдар 31-я армія наносіла на левым фланзе сіламі 36-га стралковага корпуса генерал-маёра Правалава ў накірунку Васілішкі – Новы Двор – Астрына. На правым фланзе праз Бершты – Марцінкаўцы наступаў 71-шы стралковы корпус генерал-лейтэнанта Кашавога. У рэзерве рухаўся 113-ты стралковы корпус Алешава.
Адкінутая да Шчучына 50-я нямецкая пяхотная дывізія трапіла з агню ды ў полымя. З-за Нёмана праз Шчучыншчыну на Гродна наступала 50-я армія генерала Болдзіна. 9 ліпеня 1944 года Болдзін атрымаў загад фарсіраваць Нёман каля Беліцы і наступаць на Шчучын – Скідзель – Кузніцу, на поўнач ад Гродна.
11 ліпеня 50-я армія фарсіравала Нёман каля Дакудава, разграміўшы рэшткі адступаючай 20-й танкавай дывізіі, 123-ці полк 50-й пяхотнай дывізіі і брыгаду ўласаўцаў. 12 ліпеня на фронце ў 24 кіламетры 50-я армія пераправілася праз раку Лебяду. Жара, пыл і пастаянныя баі з ар’ергардамі праціўніка былі цяжкім выпрабаваннем для савецкіх салдат. Без бою немцы не здаваліся. Каб захаваць людзей, савецкае камандаванне дазволіла рабіць дзённыя адпачынкі, рухацца вечарам і ў начны час.
12 ліпеня 1944 года армейскі рухомы перадавы атрад генерала Цюрына сходу вызваліў Жалудок, Ражанку і Шчучын. Спачатку савецкія часці акружылі Жалудок. Пасля дзвюхгадзіннага адпачынку бронетэхніка з танкавай брыгады палкоўніка Котава накіравалася на Шчучын. Раніцай тут яшчэ былі нямецкія ар’ергардныя часці, якія хутка пакінулі мястэчка. Першым днём 12 ліпеня ў Шчучын з боку Даўлюдаўшчыны ўехаў танк Т-34 лейтэнанта Ламанава. На заходнім ускрайку сучаснага Шчучына фашысты аказалі супраціўленне. Тут, на перакрыжаванні дарогі Ліда – Гродна і Шчучын – Дэмбрава, яны акапаліся і паставілі кулямёты, каб затрымаць савецкія часці і даць магчымасць 50-й пяхотнай дывізіі адарвацца ад праследавання. Па штабных мерках гэта было невялікае сутыкненне. Але яно каштавала жыцця лейтэнанту Хвясько і радавому Быкаву.
Асноўныя сілы авангарда 50-й арміі Болдзіна, каб не страціць тэмп наступлення, ішлі на захад, абмінаючы Шчучын з поўдня, праз Тур’ю – Скоржыкі – Каменку. Вызваліўшыя Шчучын танкісты правялі разведку ў паўднёвым накірунку – на Малявічы, Буйвічы, Ражанку і вярнуліся ў мястэчка. Фашыстаў у паўднёвай частцы Шчучыншчыны ўжо не было. Затое на поўдні Шчучына, у раёне сучаснай вуліцы Цітова, дзе спыніліся на адпачынак танкісты, іх горача вітала ўдзячнае насельніцтва.
Нямецкія акупацыйныя ўлады збеглі са Шчучына за некалькі дзён да вызвалення мястэчка. Зондэрфюрэр Эрман павінен быў знішчыць усе прамысловыя і адміністрацыйныя будынкі, але не паспеў гэта зрабіць – так хутка наступала Чырвоная Армія! Паводле расказаў старажылаў, за дзень да вызвалення ў раёне вуліцы Ціміразева фашысты ўвечары ўзарвалі “тры кучы баепрыпасаў”. Выбухі былі такой моцы, што ў хатах на ўскрайку мястэчка людзі пападалі з ложкаў.
У Шчучыне салдаты 50-й арміі вызвалілі вязняў нямецкага лагера. За калючым дротам у тры рады сядзелі 99 ваеннапалонных і 167 грамадзянскіх асоб, у тым ліку 126 жанчын. Яны выкарыстоўваліся немцамі для цяжкай паднявольнай працы.
Ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты кінатэатр, дзе для 500 жыхароў палітаддзел 50-й арміі правёў лекцыю аб ваенна-палітычных выніках трох гадоў вайны і паказаў фільм “Яна абараняе Радзіму” пра герояў-партызан. Была адчынена бібліятэка, для якой вайскоўцы даставілі кнігі і некалькі кінафільмаў.
У той час як шчучынцы з захапленнем глядзелі савецкі фільм, на захадзе раёна пачынаўся апошні на шчучынскай зямлі бой Вялікай Айчыннай вайны. Частка рухомага атрада 50-й арміі дасягнула з боку Ражанкі шашы Гродна – Ліда за 7 км на захад ад Шчучына. Гэты атрад складаўся з пяхоты і меў адну САУ-85. На яго і выйшлі 121-шы і 122-гі палкі 50-й нямецкай пяхотнай дывізіі, якія адыходзілі ад Васілішак праз Шчучын і Скідзель на Гродна. Абодва бакі дзейнічалі хутка і рашуча.
На захад ад Пратасаўшчыны, каля вёскі Залесна, немцы, скарыстаўшыся цемрай і дажджом, атакавалі перакрыўшыя шляхі адступлення часці рухомага атрада 50-й арміі. З захаду на дапамогу сваім перайшлі ў атаку нямецкія ахоўныя часці са Скідзеля. Савецкі рухомы атрад фактычна трапіў у акружэнне. У сваю чаргу, па трапіўшых у “кацёл” палках 50-й нямецкай дывізіі з поўдня і ўсходу ўдарылі іншыя часці 50-й арміі Болдзіна. Нават 100-ты гвардзейскі мінамётны Запарожскі полк (“кацюшы”) быў кінуты ў бліжні бой з поўдня. Зацятая схватка без фронту і тылу для абодвух бакоў працягвалася з 20.00 вечара 12 ліпеня да 8.00 раніцы 13 ліпеня. Немцы страцілі 700 чалавек забітымі і 1200 палоннымі. Раніцай 13 ліпеня пасля трох дзён гарачых баёў Шчучыншчына была канчаткова вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Краявед Сяргей ДАНСКІХ.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.