Гульня ў павазе ў любым узросце. У Шчучыне прайшоў адкрыты ветэранскі турнір па валейболе
Сплаў досведу і майстэрства. Менавіта такімі словамі можна апісаць удзельнікаў адкрытага ветэранскага турніру па валейболе, які гэтымі выхаднымі прайшоў у Шчучыне.
Удзел у спаборніцтвах узялі каманды гульцоў у катэгорыі 50 гадоў і больш. Нягледзячы на салідны ўзрост, спартыўныя калектывы паказалі годную гульню, а на працягу ўсяго турніру трымалася інтрыга.
Дзякуючы таму, што турнір сабраў прыкладна аднолькавыя па сіле каманды, матчы праходзілі ў роўнай гульні. Перамогі здабываліся літаральна маральна-валявымі якасцямі гульцоў. Аб гэтым сведчыць выніковы лік партый, які часцей за ўсё быў 27:25, 29:27, 25:23.
Па выніках напружанай барацьбы прызавыя месцы спаборніцтваў размеркаваліся наступным чынам. Бронзу турніру мелі шчучынскія валейбалісты, другое месца заняла каманда Ашмянскага раёна, а пераможцам стаў дзятлаўскі калектыў. Пераможцы і прызёры былі адзначаны ўзнагародамі сектара спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама. Найлепшым гульцом турніру стаў Валерый Лях, які абараняў гонар ашмянскай каманды. Віншуем прызёраў і пераможцаў!
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота з архіва раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.