Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона
Вядома, снежная зіма не прайшла бясследна і для заапарка. З-за пагрозы абвальвання прыйшлося здымаць металічныя сеткі з птушыных вальераў. Снег расчышчалі амаль усе работнікі, многія жывёлы былі пераведзены на цёплае ўтрыманне. Дзякуючы мерам перасцярогі і клапатлівым супрацоўнікам, у заапарку ўдалося захаваць усю «жывую» калекцыю. А літаральна нядаўна з'явіўся і першы ў гэтым годзе прыплод.
Хоць адліга ідзе поўным ходам, у заапарку пакуль зацішша. Яшчэ ляжаць высокія гурбы снегу, але па дарожках бягуць імклівыя ручайкі. Гэтак жа актыўна сцякае па трубах і снег з дахаў. У вальерах можна ўбачыць хіба што капытных і некаторых драпежнікаў. Большасць жывёл усё яшчэ хаваюцца ў памяшканнях альбо доміках-норках.
— Вядома, наведвальнікаў цяпер менш, асабліва ў будны дзень, — згаджаецца загадчыца асветніцкага сектара Алена Пятрова. — Але заапарк жыве звыклым жыццём. Праўда, некаторыя жывёлы, напрыклад, мангусты, яноты, сурыкаты, аддаюць перавагу сваім домікам-норкам. Не выходзяць і малпы. Спяць мядзведзі...
А вось пара вярблюдаў, здаецца, атрымлівае асалоду ад такога надвор'я. Жывуць яны ў заапарку даволі даўно, і ўвогуле гэты від тут традыцыйны. Вярблюды ёсць заўсёды, а вось нашчадкаў атрымаць так ні разу не ўдалося. Між тым, па словах маёй суразмоўніцы, адносяцца яны адно да аднаго вельмі пяшчотна. Жывуць, што называецца, душа ў душу.
Але не ўсе капытныя такія міралюбівыя. Бадай, самым агрэсіўным сярод іх лічыцца сычуаньскі такін. Прыйшлося нават узмацніць агароджу, паставіць больш трывалую арматуру. Гэтая жывёла даволі рэдкая і распаўсюджана толькі ў Кітаі, у правінцыі Сычуань. Для заапарка гэта новы від, а трапіў ён у Гродна з Маскоўскага заалагічнага гадавальніка. Як відаць, яго прадстаўнік тут асвойтаўся і нават навучыўся рогам зачыняць за сабой дзверы. Такіх унікальных здольнасцяў няма ні ў кога. Што датычыцца пошуку пары для такіна, такую магчымасць у заапарку не выключаюць.
Мы ідзём па тэрыторыі якраз падчас кармлення. А гэта значыць, што многія драпежнікі будуць у сваіх памяшканнях. З каціных жывёл на вуліцы толькі чорны ягуар і леапард. Яны пакуль таксама халасцякуюць.
А ці важна наогул шукаць пары для жывёл? Мо лепш клапаціцца пра відавую разнастайнасць? Аказваецца, тут ёсць свае асаблівасці. Наяўнасць пары, вядома ж, добра, згаджаецца Алена Уладзіміраўна, але не ўсе ўжываюцца ў адным вальеры. Напрыклад, драпежнікі сямейства каціных — тыгры, ягуары, леапарды і іншыя — жывуць паасобку, для кожнага патрэбен вальер. І толькі ў шлюбны перыяд яны сустракаюцца. Пры гэтым неабходна, каб іх вальеры былі побач. А такіх «кватэр» на ўсіх не хопіць. Вядома, пры магчымасці, пары стараюцца знайсці.
Ёсць і іншы бок гэтай з'явы. Напрыклад, куды потым дзець прыплод? Такая праблема была з тыгранятамі, якія нарадзіліся тут некалькі гадоў таму. Многія заапаркі самі маюць такія віды, таму трэба шукаць, куды іх прадаць альбо абмяняць на іншы від. Урэшце яны былі адпраўлены ў Цэнтр экалагічнага турызму.
Дарэчы, прыплод у каціных — не рэдкасць. А вось каб выходжвалі яго не мама, а супрацоўнікі заапарка — гэта рэдкая з'ява. А менавіта такі выпадак здарыўся амаль паўгода таму, калі маці-львіца адмовілася карміць сваю малую. Яе забралі дамоў работнікі заапарка і літаральна выхадзілі. Цяпер Джына — сапраўдная знакамітасць, яна жыве ў даволі прасторным пакоі, выходзіць на вуліцу. І хоць выглядае дружалюбна, мяне папярэдзілі, што яна можа кінуцца насустрач і пашкодзіць адзенне. Праўда, агрэсіі з яе боку я не ўбачыла, а вось за дзверы яна паспела выбегчы. Паблукаўшы па лесвіцы, вярнулася назад. Мяркуецца, што з пацяпленнем Джыну адправяць у вальер, і тады кожны зможа ўбачыць знакамітае львяня, за лёсам якога сочаць многія гродзенцы.
Нельга не прыкмеціць і бела-шэрага яка Дымка. У заапарку ўжо некалькі гадоў існуе традыцыя выбіраць сімвал года. Сёлета думалі выбраць зубра, у заапарку яны жывуць побач з якамі. Але ўрэшце аддалі перавагу яку, бо ён больш адпавядае году Белага Быка. Наведвальнікі, як правіла, заўсёды спыняюцца каля вальера, каб загадаць жаданне.
Наогул, калі гаварыць пра сімвал, тут ім заўсёды быў слон. Праўда, ён жыў яшчэ да рэканструкцыі заапарка, а гэта больш за дваццаць гадоў таму. А вось адноўлены заапарк ніяк не здолее яго набыць. У асноўным з-за таго, што тут не падрыхтаваны сланоўнік. Аб'ект пабудаваны, але яшчэ не здадзены. Ёсць праблемы па даху: ён шкляны, але пачаў працякаць, маюцца іншыя дэфекты.
— Нават калі нам патэлефануюць і скажуць: забірайце слана, мы яго не зможам у такія ўмовы прывезці, — распавядае Алена Пятрова. — Трэба ўсе недаробкі ліквідаваць, поўнасцю падрыхтаваць аб'ект і толькі тады прывозіць сюды слана. Без гэтага яго з'яўленне тут немагчыма. Хоць мы, вядома, шукаем, цікавімся, і пра нас ведаюць, але пакуль справа за сланоўнікам.
Цікаўлюся, якіх яшчэ жывёл плануюць набыць у заапарку? Аказалася, збольшага капытных. Напрыклад, тапіра. Некалі яны былі ў старым заапарку. А ўвогуле ўмовы для ўтрымання тут можна стварыць для многіх жывёл, акрамя марскіх. Складана ўтрымліваць і белых мядзведзяў, хоць гэты від таксама некалі быў. Іх яшчэ складана і набыць. Яны размяркоўваюцца па заапарках і маюць вельмі жорсткія патрабаванні для ўтрымання. Гэта кантралюе Еўраазіяцкая рэгіянальная асацыяцыя заапаркаў і акварыумаў, членам якой з'яўляецца і Гродзенскі. Кожная набытая жывёла праходзіць праз іх кантроль. Яшчэ ёсць планы папоўніць заапарк антылопамі, для іх — усе памяшканні з ацяпленнем.
Заапарк прырастае і ўласнымі сіламі. Літаральна нядаўна тут з'явіўся прыплод у лам. Вясной чакаюць папаўненне ў муфлонаў. Магчыма, будуць і новыя сюрпрызы. Заапарк і сам прадае жывёл насельніцтву. Апошнім часам ёсць пакупнікі на полазаў. Па-ранейшаму ў трэндзе папугаі, хамячкі, акварыумныя рыбкі.
Ёсць у заапарка і шэфы. Праўда, на сённяшні дзень такую дапамогу аказвае толькі прадпрыемства «Беллакт», якое ўзяло на сябе ўтрыманне буслоў. Спецыяліст вылічвае кошт кармлення, а прадпрыемства аплачвае. І гэта, аказваецца, нятанна, бо ў рацыёне буслоў ёсць і мяса, і рыба. Дарэчы, цяпер буслы жывуць у вальеры, іх тут некалькі дзясяткаў, і ў кожнага свая драматычная гісторыя.
Хоць заапарк лічыцца новым, ён патрабуе пастаяннага догляду, рамонту і аднаўлення. Нядаўна, напрыклад, замянілі кладку на мосціках: замест сасновых паклалі дошкі з лістоўніцы. Мосцікі яшчэ занесены снегам, а вось у рачулцы ўзровень вады даволі высокі. Раней заапарк вясной часта стаяў у вадзе, цяпер тут пракладзена дрэнажная сістэма, таму пагрозы падтоплівання няма. Хутка пачнуцца работы па ліквідацыі наступстваў ад снегу, рамонт вальераў і аднаўленне фасадаў.
Вясной чакаецца ўвод яшчэ аднаго корпуса заапарка, які да гэтага часу пуставаў. Цяпер будаўнічыя работы завершаны, і ў хуткім часе сюды пераедзе акварыум, які месціцца ў прыстасаваным памяшканні ветэрынарнага корпуса. Адсутнасць асобнага будынка негатыўна адбілася і на калекцыі — яе прыйшлося скараціць. Зараз будзе магчымасць закупіць новыя акварыумы і значна пашырыць пералік іх насельнікаў.