Грацыя і спрыт у “Кентаўры”. У Шчучынскім раёне прайшлі спаборніцтва па конным спорце

 

Грацыёзнасць, каардынацыя і псіхалагічная ўстойлівасць – усё гэта неад’емныя атрыбуты коннага спорту, які ўсё актыўней развіваецца і на тэрыторыі Шчучынскага раёна. Так, нядаўна ў вёсцы Вялікія Бярозаўцы Астрынскага сельсавета прайшлі паўнавартасныя спаборніцтвы па праграме дваябор’я на базе коннага двара “Кентаўр”. Што ўяўляюць сабой гэтыя экзатычныя спаборніцтвы – даведаемся зараз.

 

Як адзначае гаспадыня коннага двара “Кентаўр” Людміла Босак, падобныя старты ў Вялікіх Бярозаўцах праводзяцца ў другі раз. Сёлета спаборніцтвы складаліся з скачкоў праз бар’еры і манежнай язды. Падчас выпрабаванняў спартсмены і іх чатырохногія напарнікі мусілі праехаць спецыяльны манежны маршрут, які абазначаўся схемай. Падчас праграмы конь павінен выканаць розныя фігуры. Вынікі складаюцца з ацэнкі тэхнікі, пасадкі наезніка і эфектыўнасці прымянення сродкаў кіравання. За ўсімі гэтымі параметрамі адначасова сочаць некалькі суддзяў, якія налічваюць балы і штрафныя ачкі.

 

Высокі ўзровень спаборніцтвам надавала паўнавартаснае судзейскае суправаджэнне. Адпаведную кваліфікацыю і катэгорыю маюць гаспадыня коннага двара і яе дачка Маргарыта. Запрошаным галоўным суддзёй на гэтых стартах стаў Уладзімір Юркевіч – чалавек-легенда ў свеце коннага спорту. У свой час ён з’яўляўся адным з найлепшых наезнікаў у СССР, станавіўся прызёрам міжнародных спаборніцтваў. Сёння Уладзімір Васіль­евіч ганаровы член федэрацыі коннага спорту Рэспублікі Беларусь, суддзя міжнароднай катэгорыі. Прыемна, што спецыяліст такога ўзроўню застаўся задаволены арганізацыяй спаборніцтваў у нашым раёне.

 

 

– З арганізацыяй і правядзеннем спаборніцтваў нам дапамог Шчучынскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб, – расказвае Людміла Босак. – Увогуле ідэя праводзіць свае старты прыйшла таму, што ў нашым конным двары займаецца шмат дзяцей, якія паказваюць высокі ўзровень язды і могуць выступаць на даволі добрым узроўні. Спаборніцтвы праходзілі па праграме дваябор’я. У першы дзень канкурсанты паказвалі выездку, у другі – пераадольвалі бар’еры да 80 і да 100 см. Па кожнай дысцыпліне праводзіўся асабісты залік, таксама асобна ацэньваліся вынікі малога і сярэдняга круга.

 

У спаборніцтвах узялі ўдзел 15 чалавек. Спартсмены прыязджалі з Гродна, Мінска, Баранавічаў. Былі як пастаянныя госці коннага двара, якія часта трэніруюцца на яго базе, так і канкурсанты, што адгукнуліся на аб’яву.

 

Па выніках усіх заліковых дысцыплін тройку лідараў склалі Марыя Сакалоўская з Мінска, а таксама дзве дзяўчыны з Гродна – Ксенія Борыс і Анастасія Тамашова.

 

 

– Можна сказаць, што сёлета ў нас нарадзілася добрая традыцыя, таму ў наступным годзе плануем таксама правесці падобныя спаборніцтвы напрыканцы жніўня. Яшчэ вясной і ў пачатку лета ў нас праходзіць Кубак коннага двара, які таксама збірае аматараў спорту, – адзначае Людміла Босак.

 

Пра важнасць падтрымкі і перспектывы коннага спорту ў нашым раёне нам расказаў дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Віктар Струкель:

 

– Конны спорт – гэта алімпійскі від спорту, таму мы стараемся падтрымліваць яго. Таксама трэба адзначыць, што конны двор “Кентаўр” з’яўляецца прыватнай ініцыятывай, таму з нашага боку было б няправільна не падтрымаць людзей, якія за ўласныя сродкі развіваюць гэты ўнікальны спорт на Шчучыншчыне. Таксама мы зацікаўлены, каб спартсмены, якія трэніруюцца ў нашым раёне, займалі высокія месцы на спаборніцтвах рознага ўзроўню.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота з архіва коннага двара “Кентаўр”.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!