Годна сустрэць святочную дату. Падрыхтоўка да 80-годдзя Вялікай Перамогі была адной з цэнтральных тэм на пасяджэнні аргкамітэта

Хутка Беларусь адзначыць 80-ю гадавіну Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Як Шчучыншчына сустрэне юбілейную дату -- абмеркавалі на пасяджэнні раённага арганізацыйнага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Аляксея Садоўскага.

У канцэпцыю святкавання ўвайшлі дзясяткі мерапрыемстваў, якія пройдуць па ўсім раёне, уключаючы аграгарадкі і аддаленыя вёскі. 7-9 мая ў рэгіёне традыцыйна адбудуцца мітынгі, да мемарыялаў, помнікаў і ваенных пахаванняў ускладуць кветкі.

Святкаванне Дня Перамогі ў Шчучыне пачнецца з урачыстага мітынга і ўскладання кветак ля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у гарадскім скверы. Затым адбудзецца ўрачыстае шэсце людзей розных пакаленняў. У святочных і ўпрыгожаных калонах ад Палаца творчасці дзяцей і моладзі да плошчы Свабоды пройдуць прадстаўнікі ўлады, ветэраны працы і Узброеных Сіл, працоўных калектываў, моладзь.

Тут шчучынцы станцуюць “Вальс Перамогі”, адбудзецца злёт ваенна-патрыятычных клубаў, будзе дадзены старт правядзенню лёгкаатлетычнага прабегу "Шчучынская дзясятка". На працягу ўсяго свята будуць працаваць тэматычныя фотазоны, дзіцячыя атракцыёны, выстава-кірмаш работ майстроў народнай творчасці, гандлёвыя аб'екты.

Жыхароў і гасцей горада чакае тэатралізаваны канцэрт самадзейных артыстаў Шчучынскага раёна, выступленне беларускай спявачкі Алены Чыжык і кавербэнда “Разгар”, феерверк і святочная дыскатэка. У 21.55 адбудзецца рэспубліканская акцыя "Праспяваем "Дзень Перамогі" разам!".


Урачыста адзначаць у раённым цэнтры 11 мая Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусі. Мерапрыемтва пройдзе на плошчы Свабоды з удзелам кіраўніцтва раёна, моладзі, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый.
Адзін з важных этапаў падрыхтоўкі да Свята Перамогі -- прывядзенне ў парадак помнікаў і пахаванняў. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 47 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў. Работы па добраўпарадкаванні помнікаў будуць праводзіцца да 1 мая. Плануецца таксама ўвекавечыць імёны загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. Вядомыя імёны будуць нанесены на надмагільныя збудаванні на брацкіх магілах у г.п. Жалудок і аг. Васілішкі, у раёне былога аэрадрома ў г. Шчучыне. У сярэдняй школе № 2 г. Шчучына ўрачыста адкрыюць памятную таблічку ў памяць пра Васілія Якаўлевіча Пярвушына, які прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, браў удзел у вызваленні Шчучына, яго танк Т-34 першым уварваўся на вуліцы горада.

-- Памяць пра Вялікую Айчынную вайну ў нашай краіне захоўваюць у кожным беларускім доме, у кожнай сям'і. Дзень Перамогі напоўнены глыбокім сэнсам, і наша задача раскрыць яго так, каб кожны адчуў гонар за свой народ, прачуў, што жыве ў краіне пераможцаў, -- адзначыў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі. -- Важна разумець значэнне подзвігу ваеннага пакалення, хто абараніў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, каму мы абавязаны сваім жыццём. Галоўная ўвага -- ветэранам і дзецям вайны, вязням канцлагераў: забеспячэнне іх падтрымкі, арганізацыя камфортных умоў для іх. Што тычыцца добраўпарадкавання месцаў пахаванняў, прывядзення мемарыяльных месцаў у парадак, рамонту помнікаў і добраўпарадкавання тэрыторый, то тут не можа быць ніякіх адгаворак і спасылак на недахоп часу або рэсурсаў. Неабходна ўзняць усе сілы і завяршыць работы ў вызначаны тэрмін.


Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара і з архіва рэдакцыі.
