Гімназіст – гэта гучыць горда!
Дзень гімназіста прайшоў у мінулую суботу ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці
Гэта свята як заўсёды сабрала разам педагогаў, гімназістаў і іх бацькоў. Толькі самай важнай і запамінальнай гэта ўрачыстасць застанецца менавіта для сёлетніх пяцікласнікаў: хоць яны ўжо і займаюцца ў новай для іх навучальнай установе некалькі месяцаў, а сапраўднымі членамі дружнай гімназічнай сям'і сталі менавіта ў Дзень гімназіста.
Як прызнаюцца самі рабяты, збылася іх запаветная мара. Ім камфортна і цікава вучыцца ў гімназіі, на кожным уроку адкрываючы для сябе штосьці новае і раней невядомае. Яны знайшлі сабе новых сяброў, з задавальненнем удзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Пра гэта пяцікласнікі расказалі ў відэафільме, прысвечаным менавіта ім – героям дня. Шмат цёплых слоў адрасавалі самым юным вучням гімназіі іх настаўнікі.
Раздзяліць з рабятамі радасць такой сур'ёзнай у іх жыцці падзеі прыйшла і Н.Я. Лебедзь – былы дырэктар гімназіі. Яна прызналася, што вельмі сумуе па тых днях, калі працавала ў гэтай навучальнай установе, па сваіх вучнях. А пяцікласнікам Наталля Янаўна пажадала многа працаваць, пакарыць самыя высокія навуковыя і творчыя вяршыні, а калі сустрэнуцца цяжкасці – абавязкова звяртацца па дапамогу да настаўнікаў.
Зусім не лішнімі будуць для пяцікласнікаў і парады іх старэйшых сяброў-адзінаццацікласнікаў: вучыцца, працаваць, тварыць і заўсёды імкнуцца наперад.
А калі здзейсніцца ўсё тое, што пажадалі сваім дзецям бацькі – іх дачушкі і сыночкі стануць самымі паспяховымі, навучацца быць вернымі сябрамі і папоўняць гімназічную скарбонку самымі высокімі дасягненнямі і перамогамі.
Яркімі момантамі ўрачыстасці сталі падрыхтаваныя музычныя нумары: выступленні гімназічнага хору, атрада барабаншчыц, дзяўчат-гітарыстак і іншыя. Асаблівую еднасць адчулі ўсе ўдзельнікі свята, калі загучаў у зале гімн гімназістаў.
…Радасныя і ўсхваляваныя пакідалі сцэну новаспечаныя гімназісты. У іх усё наперадзе! Няхай жа поспех і ўдача стануць іх пастаяннымі спадарожнікамі.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.