Ганялі мяч усім дваром - на гарадскім стадыёне “Алімп” упершыню прайшоў фестываль дваровага футбола

На гарадскім стадыёне “Алімп” упершыню прайшоў фестываль дваровага футбола, у якім прынялі ўдзел не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі ўзростам 7-10 гадоў, але і іх бацькі: усяго – каля 100 спартсменаў. Арганізатарам незвычайнага турніру выступіла футбольная школа “Aviator”, якую ўзначальвае трэнер Антон Акрамешка.
Спартыўнае свята пачалося з традыцыйнага пастраення, аднак замест звыклых каманд “раўняйся!” і “смірна!” футбалістам прапанавалі станчыць разам з роставай лялькай Мішкай Тэддзі ад кветкавага магазіна “Букет” і тым самым размяцца перад выхадам на поле.
Самі спаборніцтвы таксама былі арганізаваны ў новым фармаце: гульні праходзілі без удзелу суддзяў, а вынікі матчаў не фіксаваліся, падлічваліся толькі забітыя галы. Кожны забіты мяч юныя футбалісты “рэгістравалі” ў валанцёраў. Самым рэзультатыўным нападаючым аказаўся Кірыл Герасімчык, які 14 разоў паспяхова “прабіў” вароты саперніка. Таксама вызначыліся гульнёй у нападзенні юныя футбалісты Максім Тарасевіч, Яраслаў Набокаў і Ягор Маладзіла. У абароне не было роўных Раману Далгоўскаму, а лепшым галкіперам турніру прызнаны Уладзімір Букрэеў. Усе яны былі ўзнагароджаны кубкамі і памятнымі падарункамі. Акрамя таго, кожны ігрок атрымаў сертыфікат удзельніка з подпісам галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Ігара Крывушэнкі.
З асаблівым напалам спаборнічалі бацькі, якія таксама ў той дзень гулялі ў футбол. Па выніках праведзенага матча Андрэй Гарбіна атрымаў сертыфікат на месяц бясплатных заняткаў у футбольнай школе “Aviator”, які падарыў свайму сыну. Сярод мам вызначылася гульнёй Алена Зубель, за што была ўзнагароджана майкай. 
А пакуль на футбольным полі кіпела ўпартая барацьба, рабяты гулялі ў боўлінг, толькі замест кегляў выкарыстоўвалі пластыкавыя бутэлькі з пэпсі-колай: колькі збіў футбольным мячом – столькі твае. Салодкія напіткі для рабят прадаставіў адзін са спонсараў фестывалю – ААТ “Лідскае піва”. Фінансавую падтрымку таксама аказалі Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” і Шчучынскі масласырзавод, а райвыканкам дапамог вырашыць усе арганізацыйныя пытанні.


– Ідэя арганізаваць фестываль дваровага футбола ў мяне ўзнікла даўно, – прызнаецца трэнер футбольнай школы “Aviator” Антон Акрамешка. – Галоўная яго мэта – адцягнуць увагу хлопчыкаў і дзяўчынак ад гаджэтаў і прывіць ім любоў да спорту. Перад спаборніцтвамі я расклеіў аб’явы на школьных стадыёнах, каб сабраць усіх жадаючых паганяць мяч. Каб навучыць дзяцей самаарганізацыі і ўзаемапавазе, мы спецыяльна не выкарыстоўвалі суддзяў падчас матчаў, тым самым максімальна наблізіўшы фармат турніру да звычайных дваровых гульняў. Таксама свядома не фіксавалі вынікі матчаў, каб дзеці маглі расслабіцца, цалкам акунуцца ў гульню і атрымліваць яскравыя эмоцыі. Здорава, што ў фестывалі прынялі актыўны ўдзел бацькі. Яны на сваім прыкладзе даказалі, што футболу ўсе ўзросты пакорныя. Вялікі дзякуй кіраўніцтву раёна і спонсарам за падтрымку! Спартыўнае свята сапраўды ўдалося! Летам планую правесці яшчэ тры падобныя фестывалі з удзелам дзяцей іншага ўзросту. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!