Ганаровы грамадзянін Шчучына Альфрэд Тадэвушавіч Шота адзначыў свой 90-гадовы юбілей

 Павіншаваць паважанага ветэрана працы з Днём нараджэння прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Ян Браніслававіч Майсей, старшыня раённага Савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч, а таксама былыя калегі і вучні СШ №1. 
А.Т Шота сустрэў гасцей з вясёлай усмешкай і агеньчыкам у вачах. Гледзячы на Альфрэда Тадэвушавіча, мы не пераставалі здзіўляцца яго бадзёрасці. 
-- У свой час менавіта вы ў многім прадвызначылі сучасны выгляд Шчучына і сваёй добрасумленнай працай назаўжды ўпісалі сваё імя ў гісторыю нашага горада, -- зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Ян Браніслававіч Майсей. — Тыя, каму пашчасціла будаваць пад вашым кіраўніцтвам, памятаюць вас як сапраўднага прафесіянала, чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Дзякуючы вашаму арганізатарскаму таленту і прынцыповасці МПМК-167 стала адной з лепшых будаўнічых арганізацый у краіне і мноства раз станавілася пераможцай рэспубліканскіх і нават саюзных спаборніцтваў. І мы абяцаем працягваць закладзеныя вамі добрыя традыцыі!
Ян Браніслававіч Майсей і Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі юбіляру кветкі і Ганаровую грамату райвыканкама. 


Не з пустымі рукамі на дзень нараджэння да Альфрэда Тадэвушавіча Шоты завітаў і дырэктар МПМК-167 Аляксандр Аляксандравіч Смірноў
-- Альфрэд Тадэвушавіч, вы зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё не толькі Шчучына, але і ўсяго раёна, -- падкрэсліў Аляксандр Аляксандравіч. — І я з задавальненнем хачу ўручыць вам ганаровую ўзнагароду — медаль “За заслугі ў будаўнічай галіне” ад Саюза будаўнікоў Беларусі. Заставайцеся такім жа бадзёрым і жыццярадасным, сустракайце кожны новы дзень аптымізмам і вясёлай усмешкай. А мы будзем раўняцца на вас!


У гэты дзень у адрас А.Т. Шоты прагучала яшчэ многа цёплых слоў, і юбіляр атрымаў шмат падарункаў. Альфрэд Тадэвушавіч быў вельмі расчулены аказанай увагай і яшчэ доўга не адпускаў гасцей: разам з былымі калегамі ўспамінаў пройдзены працоўны шлях, дзяліўся накопленым вопытам, абмяркоўваў апошнія навіны.


-- Вельмі прыемна, што мае заслугі памятаюць і цэняць, -- не хавае эмоцый юбіляр. — Сёння я нібы памаладзеў, а на душы стала яшчэ святлей! Спадзяюся, мой 100-гадовы юбілей мы таксама адзначым разам!

 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!