Галоўны энергетык раёна А.П. Асовік адзначае свой 60-гадовы юбілей
Амаль 40 гадоў клапоціцца аб надзейным і беcперабойным забеспячэнні жыхароў Шчучыншчыны электраэнергіяй Аляксандр Паўлавіч Асовік, 7 з якіх узначальвае дружны калектыў Шчучынскага РЭС. І заўтра галоўны энергетык раёна адзначае свой 60-гадовы юбілей.
-- Я нарадзіўся і вырас у вёсцы Бабічы, -- гаворыць Аляксандр Паўлавіч. – На выбар будучай прафесіі моцна паўплываў мой бацька Павел Міхайлавіч, які працаваў трактарыстам у калгасе “17 Верасня” і быў сярод перадавікоў вытворчасці. Ён часта браў мяне з сабой у поле, таму яшчэ школьнікам я навучыўся кіраваць трактарам і камбайнам. У старэйшых класах нават працаваў памочнікам камбайнера: дапамагаў бацьку ўбіраць хлеб.
Пасля заканчэння Ракавіцкай сярэдняй школы Аляксандр паспяхова паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі ў Мінску на факультэт электрафікацыі.
-- Падаў дакументы менавіта туды, бо вырашыў, што калі асвою прафесію інжынера-электрамеханіка, якая ў той час была новай, то змагу працаваць не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і іншых галінах, -- дзеліцца наш герой. – Хоць падрыхтоўка была вельмі сур’ёзнай, вучоба давалася мне лёгка. Пасля атрымання дыплома я цвёрда вырашыў вярнуцца на малую радзіму, каб менавіта там рэалізаваць свой патэнцыял.
Новаспечаны спецыяліст спачатку паспрабаваў уладкавацца ў племянны саўгас у Галавічполе, але там штат аказаўся цалкам укамплектаваны. Затое яго з задавальненнем узялі ў родны калгас “Шлях Леніна”, дзе працаваў яго бацька. У той час якраз было арганізавана “Сельэнерга”, і Аляксандр Паўлавіч узначаліў брыгаду электраманцёраў у сельгаспрадпрыемстве, якая займалася рамонтам і абслугоўваннем электраабсталявання.
-- У Шчучынскі РЭС у 1987 годзе мяне пераманіў Сяргей Барысавіч Белы, які тады ўзначальваў гэту арганізацыю, -- расказвае Аляксандр Паўлавіч. – 15 гадоў я прапрацаваў майстрам перасовачнай лабараторыі па выпрабаванні кабельных ліній, а потым стаў дыспетчарам. Гэта пасада вельмі адказная, і каб яе заняць, неабходна мець працоўны стаж звыш 5 гадоў. Яно і зразумела, бо менавіта дыспетчар кіруе ўсім рабочым працэсам. У дыспетчарскай усталяваны спецыяльны стэнд з мноствам лямпачак. Калі хоць адна з іх запальваецца – значыць, дзесьці адбыўся збой. На месца здарэння мы адразу накіроўваем рамонтную брыгаду, каб аператыўна выправіць паломку. Да ўсяго ў нас кожны дыспетчар падчас сваёй змены дзяжурыць на вузлавой падстанцыі, дзе налічваецца 5 ліній па 110 кілавольт. Туды таксама даводзіцца часта заглядваць. Цяпер разумееце, чаму не заўсёды ўдаецца адразу прыняць трывожны званок? Аднак усе аварыйныя сітуацыі аўтаматычна фіксуюцца і без падказак грамадзян, таму можаце быць упэўнены, што без увагі мы іх не пакінем. Добра памятаю 2010 год, калі моцны ўраган абясточыў мноства населеных пунктаў раёна, парваў нямала ліній электраперадач. Тады мы некалькі дзён разам з калегамі з Карэлічаў, Ліды і Бераставіцы выпраўлялі паломкі, аднак святло ў хаты людзей вярнулі.
Пасля дыспетчарскай А.П. Асовік пяць гадоў працаваў галоўным інжынерам Шчучынскага РЭС, пакуль у 2013 годзе не ўзначаліў працоўны калектыў энергетыкаў. Пад яго кіраўніцтвам арганізацыя працягвае выконваць даведзеныя вытворчыя паказчыкі і ўпэўнена развіваецца.
-- Наш раён электрасетак сёння з’яўляецца адным з самых вялікіх у вобласці, -- зазначае Аляксандр Паўлавіч. – Мы забяспечваем бесперабойнай электраэнергіяй 434 населеныя пункты, 27,4 тысячы спажыўцоў электрасетак. Працягласць паветраных ліній электраперадач складае больш за 2696 кіламетраў, плошча абслугоўвання – 190 тысяч гектараў, а аб’ём – больш за 9 тысяч умоўных адзінак электрычнага абсталявання. У мінулым годзе мы капітальна адрамантавалі 147,8 кіламетра ліній электраперадач 10 кВ, 129,6 кіламетра ліній электраперадач 0,4 кВ, замянілі 13 трансфарматарных падстанцый і 617 апор, зманціравалі 39 аўтаматызаваных сістэм камерцыйнага ўліку электраэнергіі, у тым ліку 34 – з дыстанцыйным здыманнем паказчыкаў. І паспяхова працягваем работу ў гэтым напрамку.
Сёння калектыў Шчучынскага РЭС налічвае 134 чалавекі, і кожны з іх – сапраўдны прафесіянал. На базе прадпрыемства дзейнічаюць 14 выязных брыгад, гатовых па першым сігнале выехаць на месца аварыі і аператыўна ліквідаваць паломку. На ўзбраенні шчучынскіх энергетыкаў ёсць 54 адзінкі тэхнікі, у тым ліку аўтакран, лабараторыя, бурыльна-кранавыя ўстаноўкі, гідрапад’ёмнікі, трал, перасовачныя дызельныя электрастанцыі і інш.
-- У мінулым годзе мы значна павялічылі надзейнасць ліній электраперадач у нашым раёне, – падкрэслівае Аляксандр Паўлавіч Асовік. – Замянілі ўсе правады, якія праходзяць праз лясныя масівы, на ізаляваныя. Цяпер выпадковы дотык дрэў да іх не прывядзе да абясточвання вёсак. Адным словам, робім усё, каб у дамах жыхароў раёна заўсёды была электраэнергія.
І вы выдатна спраўляецеся з пастаўленымі задачамі! Дзякуй за святло і камфорт!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.