60 гадоў на варце. У актавай зале Дома Саветаў супрацоўнікі Шчучынскага аддзела Дэпартамента аховы МУС адзначылі шасцідзесяцігоддзе раённага ведамства
У добрым настроі, пры святочнай атмасферы сабраліся сёння супрацоўнікі, работнікі і ветэраны Шчучынскага аддзела Дэпартамента аховы МУС у актавай зале Дома Саветаў. Нагода для сустрэчы радасная і знакавая, бо менавіта 60 гадоў таму – 24 жніўня 1963 года – у нашым раёне было ўтворана Шчучынскае аддзяленне пазаведамаснай старажавой аховы ў якасці самастойнага структурнага падраздзялення.
Павіншавалі праваахоўнікаў з гэтай круглай датай і ўручылі падзякі самым старанным работнікам і ветэранам ведамства старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Генадзій Малышка, начальнік Шчучынскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Аляксандр Жук і начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кізілевіч.
– Паважаныя супрацоўнікі аддзела Дэпартамента аховы, прыміце нашы самыя шчырыя словы падзякі. Часам і справамі даказана неабходнасць існавання падраздзяленняў аховы, якія адыгрываюць важную ролю ў жыццядзейнасці дзяржавы, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі. – Я выражаю сваю ўдзячнасць вам і ўсім тым, хто прысвяціў сябе высакароднай місіі па абароне інтарэсаў грамадства і дзяржавы, жыцця і спакою грамадзян. Асаблівыя словы падзякі адрасую ветэранам, якія прымалі ўдзел у станаўленні Шчучынскага аддзела Дэпартамента аховы і сёння з’яўляюцца годным прыкладам для маладых супрацоўнікаў.
Як адзначыў Аляксандр Жук, за дзесяцігоддзі свайго існавання ў ведамства назапасілася дастаткова ведаў і досведу, каб мудра выкарыстоўваць іх у справе выхавання сапраўдных патрыётаў і абаронцаў Айчыны.
Сённяшні дзень – гэта свята не толькі для тых, хто носіць форму, але і для іх сем’яў. Бо службовыя дасягненні здабываюцца ў многім дзякуючы падтрымцы родных і блізкіх людзей. Для супрацоўнікаў няма рамак працоўнага дня, яны заўсёды на службе і ў любы момант гатовы выконваць свае абавязкі. З часу заснавання аддзел паспеў значна змяніцца. У ведамстве з’яўляліся новыя тэхнічныя сродкі, павялічваўся аўтапарк, удасканальвалася кадравая база. Усё гэта дазволіла Шчучынскаму аддзелу Дэпартамента аховы стаць адной з самых мабільных і эфектыўных структур МУС.
– Няхай новы этап гісторыі нашага ведамства стане сімвалам мужнасці, самаадданасці і патрыятызму. Беражліва ахоўвайце мір і спакой, будзьце прафісійнымі і патрабавальнымі да сябе. Шчыра зычу супрацоўнікам і работнікам аддзела і іх сем’ям здароўя, шчасця, поспеху, – сказаў Аляксандр Жук.
У гэты дзень за добрасумленную службу граматамі і падзякамі былі адзначаны работнікі, супрацоўнікі і ветэраны ведамства Аляксандр Жук, Маргарыта Малец, Ігар Чубрык, Дзяніс Конюх, Аляксандр Цыбульскі, Віталій Руткевіч, Дзмітрый Аляшкевіч, Аляксандр Рулінскі, Антон Багдзевіч, Яўгеній Пінчук, Валерый Петрашэўскі, Святлана Молева, Людміла Яхімчык, Мікалай Бурновіч, Міхаіл Казялецкі, Таццяна Сухоцкая і Юрый Машкала.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.